Гісторыя журфакаўскага бацькі 10

Гісторыя журфакаўскага бацькі

На мерапрыемстве “Лад жыцця” Сяргей Зелянко распавядаў пра сябе і сваю сям’ю. І таму рэдакцыя “Studlive” вырашыла распытаць выкладчыка ІЖ аб усім па трошкі, які раскрыў, як кажуць, усе карты: чаго чакаць ад яго на іспытах, што такое сямейная традыцыя і якія студэнты яму падабаюцца. 

Пра Сяргея Зелянко і яго сям’ю

Мяне завуць Сяргей Віктаравіч Зелянко, кафедра стылістыкі і літаратурнага рэдагавання. Я тут працую (у Інстытуце журналістыкі БДУ — прык. рэд.), тут і вучыўся, нарадзіўся, хрысціўся, жаніўся, дзяцей нарадзіў, абараніўся. А сёння я буду маляваць (малюе на дошцы)… Гэта я – Сяргей Зелянко. Сапраўды такі кругленькі…

8XszglT4YCg

Што для чалавека вельмі істотнае? Гэта яго сям’я. Мне так падаецца, гэта мой погляд. Усё, што мяне атачае, – у гэтым коле. Побач са мной, так сталася, вельмі добры чалавек – мая жонка. З Наташай я пазнаёміўся ва ўніверсітэце. Але пасля, як высветлілася, яна бачыла мяне яшчэ да ўніверсітэту. Муж і жонка абавязкова павінны быць побач, таму што інакш нічога не атрымаецца.

Вось тут (дамалёўвае вока на дошцы) мая старэйшая дачка – Соня. Мая Сафійка, мой анёлак. Першы дзяцёнак для бацькоў — самы незвычайны, таму што ты атрымліваеш тое, да чаго не меў ніякага дачынення раней. Нейкая такая прастора, якую спазнаеш ты і якая спазнае цябе.

Мы з Наташкай параўноўваем сябе з курамі (усміхаецца): усё пад сябе, пад сваіх дзетак. Яна такая вельмі ахоўная, клапатлівая мая жонка. Я і сам стараюся дапамагчы ёй заўсёды. Пасля, праз нейкі час, у нас з’явілася Маруська, мой маленькі анёлак — з другім дзіцем усё інакш. І яны зусім розныя. Яна пакуль маленькая, ёй год з паловай, але ў яе ўжо зараз зусім адрозны ад Соні характар: па-іншаму паводзіць сябе і ўвогуле зусім другі чалавек.

9jBprtOzOlk

Пра прафесійнае вызначэнне

Таксама для мяне вельмі істотнае значэнне мае праца. Я шчаслівы чалавек у працоўным жыцці: у мяне іх дзве. І дзве любімыя. Адна любімая праца – гэта БДУ, альма-матар, Інстытут журналістыкі. Амаль усё, што маю, мне даў інстытут. А таксама другая мая праца – выдавецтва «Новыя веды». Я зараз працую там як галоўны рэдактар сайта, звязанага з навучаннем (ён для настаўнікаў).

Вось тут, у БДУ (паказвае на малюнак), я практыкую тэорыю, а вось тут (паказвае на колачка, якое падпісана як «выдавецтва») практыкай займаюся. І спрабую студэнтам даваць не толькі тэорыю, але яшчэ і практыку – паказаць, як тое ці іншае павінна быць і ў Беларусі, і па-за мяжой. Вось гэтыя мае працы вельмі звязаны паміж сабой (малюе дужку паміж «інстытутам» і «выдавецтвам» — атрымліваецца «смайлік»). Вось што ў выніку… Такі я чалавек — Сяргей Зелянко.

Пра «твітар»

Чаму я часта змяняю «нік»? Гэта мая «фішачка». Насамрэч было так: у мяне быў вельмі дрэнны настрой. Напэўна, Соня не ўсміхнулася мне з ранку — і трэба было нешта змяніць тэрмінова, таму я змяніў нікнэйм. Праз некаторы час у мяне змяніўся настрой, і я падумаў: «Што ў мяне за такі нікнейм невясёлы?» Я змяніў зноў. Так адбылося яшчэ раз праз некаторы час. Выбіраю назвы зыходзячы з таго, што мяне можа моцна ўразіць у нейкую хвіліну.

Пра вольны час Сяргея Зелянко

Калі стае вольны час, я дапамагаю жонцы і займаюся бацькавымі справамі, як і павінна быць. Каб дзеці вучыліся чаму-небудзь, ім трэба паказваць прыклад.

Пра журналістыку і літработу

Гэтую спецыяльнасць я абраў таму, што на ёй быў найменшы конкурс. А для абітурыента гэта вельмі істотна. Мне здавалася, што ў мяне большы шанец паступіць туды, куды хацелася, але тады я нават не здагадваўся, што мая будучая прафесія будзе заключацца ў рэдагаванні тэкстаў.

А журфак абраў таму, што я тыповы прадстаўнік гуманітарыяў. Аднак я скончыў фізіка-матэматычны клас, з матэматыкай было больш-менш добра, а з фізікай — праблемы, таму і «пераключыўся» на гуманітарную спецыяльнасць. А мая маці хацела, каб сын стаў хірургам… Я тады пажартаваў, што лепш буду дрэнным журналістам, чым дрэнным хірургам (смяецца).

Але зараз я задаволены выбарам. Мне падабаецца мая прафесія. І сваім дзецям я таксама дазволю самастойна абіраць прафесію, паспрабую накіраваць, але «ламаць» — ніколі!

Пра «халяву» на экзаменах

«Халяву» завуць усе. Але няма лепшай «халявы», чым добра вывучаны прадмет. На сваіх экзаменах дазваляю перацягнуць білет без усялякіх паніжэнняў балаў. Вось для кожнага студэнта ёсць білет, які ён не ведае, але, перацягнуўшы, ты ўжо павінен адказваць.

Пра выкладанне

Я фаталіст. Я ўпэўнены, што ўсё наканавана чалавеку лёсам. Але чалавек павінен штосьці сам рабіць. Калі я заканчваў навучанне, Віктар Іванавіч (Іўчанкаў — прафесар і загадчык кафедры «Стылістыка і літаратурнае рэдагаванне» Інстытута журналістыкі БДУ — прык. рэд.) прапанаваў мне паступаць у аспірантуру. Напэўна, нейкія зярняткі выкладчыка ў мяне заўважыў. Я размеркаваўся ў выдавецтва «Пачатковая школа» і паступіў у аспірантуру. А такое навучанне дазваляе не толькі атрымаць ступень, але і выкладаць.

Пра беларускую мову

Родная мова – гэта арганічная частка беларуса. Яна родная, а як гэта можа падабацца ці не падабацца? Мова як уласнае дзіцятка — самае разумнае і самае прыгожае.

Пра сямейныя традыцыі

Я, напрыклад, гатую сняданкі для Соні кожную раніцу. У мяне выхадныя, каб даць паспаць маім старэйшым дзяўчынкам, таму забіраю Марусю гуляць. Таксама стараюся часцей радаваць жонку — прыношу каву ў ложак.

Сакрэт сямейнага шчасця

Ёсць цудоўнае беларускае слова – шкадаваць. Так павіны ставіцца муж і жонка адно да аднаго. Ні кахаць, ні любіць, а шкадаваць. Вось яна заснула — можна падыйсці і коўдрай накрыць… Людзьмі трэба быць. Вось і ўвесь сакрэт.

Пра студэнтаў

Мне падабаюцца зацікаўленыя студэнты: няма дрэнных выкладчыкаў — ёсць незацікаўленыя студэнты. Няма ж і выкладчыкаў, якія прыйшлі з вуліцы. Да студэнтаў у мяне адно патрабаванне: чалавек ні ў якай сітуацыі не павінен быць хамам.

А напрыканцы такой шчырай размовы пяць парад ад Сяргея Зелянко наконт сямейнага жыцця:

  1. кахаць;
  2. цікавіцца;
  3. шкадаваць;
  4. абавязкова самаўдасканальвацца;
  5. і радавацца жыццю.

Фотаздымкі: Вераніка Аляхновіч.

Добавить комментарий