Падарожжы бываюць розныя
Падарожжы бываюць розныя: блізкія і далёкія. Залежыць гэта не толькі ад адлегласці, але і ад асаблівай унутранай каштоўнасці і значнасці, якімі напаўняецца душа чалавека ў выніку такіх вандровак. Мая падарожжная нататка будзе як раз пра вельмі знаёмы і блізкі мне шлях.
Я нарадзіўся ў невялікім гарадку Паставы. Мая маці — у вёсцы Юнькі. Паміж Паставамі і малой раздімай маёй мамы ўсяго тры кіламетры. У вёсцы засталася старая хатка прабабулі. Хатка малая, але ж агарод вялікі. Трэба яго апрацоўваць. Таму летнім часам Юнькі мы наведваем часта. Бывае, што даводзіцца рабіць гэта пешшу. Павольнай хадой дарога займае дзесьці 45 хвілін. У выніку атрымліваецца сапраўдны урок краязнаўства і гісторыі, паколькі мама ўвесь шлях распавядае мне пра сваё дзяцінства 70-80 гадоў і пра мінулае гэтага края. Гісторыя гэтых мясцін, сапраўды, вельмі багатая і цікавая.
Пачынаецца наша прагулка да вёскі з перакрыжавання трасы Мінск- Браслаў з дарогай Паставы — Лучай. Адразу за святлафорам звяртаюць на сябе ўвагу некалькі бетонных пліт, утвараючых сцяну. Гэта рэшткі агароджы былога ваеннага гарадка ракетчыкаў. У савецкі час у Паставах дыслакавалася 32-я ракетная дывізія. Пра славутыя “Топалі” мне шмат распавядаў мой дзед па бацьку, які служыў менавіта у гэтай часці. У 90-ых гадах дывізія была расфарміравана, але шмат былых вайскоўцаў засталіся жыць на Пастаўшчыне, у тым ліку і бацькі майго таты Карнілавы.
Крочым далей і бачым будоўлю новага касцёла. Гэта будзе другі касцёл у Паставах. Першаму, які носіць імя Святога Антонія Падуанскага, ужо больш за 100 гадоў. Нягледзячы на свае памеры і веліч, усіх вернікаў ён не змяшчае, бо каталікоў на Пастаўшчыне шмат. Гэта ўплыў таго, што да 1939 года тут былі польскія землі.
Адразу за будоўляй касцёла — «1-ы ваенны шпіталь органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь». І зноў — ваенныя. Гісторыя горада ва ўсе часы была звязана з мілітарысцкай тэмай, і жыццё тут ішло выключна “по уставу”, адсюль, быццам, і з’явілася назва Паставы. Але гэта версія не з’яўляецца афіцыйнай.
Прагулка працягваецца. Дарога віецца, нібы стужка. Па пякучаму асфальту час ад часу праносяцца магутныя лесавозы, а падчас жніва -працавітыя камбайны. Кіпіць работа ў полі і ў лузе. Напужаны працай тэхнікі, час ад часу пад ногі можа кінуцца жоўтагаловы вужака. А можа ён ратуецца ад важна гуляючых паабапал дарогі буслоў. Але, уцякаючы ад адной напасці, бедны небарака, мае ўсё шанцы трапіць пад колы якога-небудзь аўто.
А тым часам мама пачынае мне распавядаць, як калісьці тут недалека ад дарогі быў лес, які вяскоўцы называлі Алтынкай. І праз яго пешшу з Юнек хадзілі у Кашары. Чаму Алтынка і чаму Кашары? Пра Алтынку дакладных звестак няма. Нават старыя жыхары вёскі не ведаюць адкуль пайшла гэтая назва. А вось пра Кашары звесткі такія: калісьці “пры Польшчы” на месцы ўжо знаёмай нам савецкай вайсковай часткі стаяў полк уланаў. А пабудовы, дзе ўланы трымалі сваіх коней, мясцовыя жыхары называлі кашарамі. Адсюль і пайшла тая назва. Нажаль, зараз не засталося ні лесу, ні сцежкі праз лес. Паставы і Юнькі злучае толькі гэта вялікая асфальтная дарога. Бабуля мая памятае яе брукаванай каменем, мама прыгадвае як танкавую, пакрытую грамаднымі блокамі, здольнымі вытрымаць цяжкую ваенную тэхніку. Зноў адбітак таго самага “мілітары”.
Мы ўсё бліжэй да Юнек. Вось ужо бачны вясковыя могілкі, дзе пахаваны мае далёкія продкі. Зусім недалёка ад нашай радні стаіць стары помнік з дзіуным надпісам: “ВАЛЕРИАН ПЕТРОВ ОРДО з д. Логовинцы род 20 января 1912 м 16 декабры 1923 г. BUENOS AIRES”. Што гэта за хлопчых, і чаму на яго помніку назва сталіцы Аргентыны, невядома і вельмі цікава. Тым больш, што бабуля маёй бабулі таксама насіла прозвішча Орда і была родам з тых самых Логавінцаў. Карані…
Даўней недалёка ад могілак стаяла карчма. Цепер ад яе не засталося нават падмурку, толькі ўспаміны і здагадкі. Гляджу ў той бок і ўяўляю, як стомленыя шляхам падарожнікі заязджалі сюды, каб адпачыць і падсілкавацца. А іх коні, цокалі павольна па перацертым сене побач з карчмой, верна чакаючы сваіх гаспадароў. Напэўна, здаралася і так, што чаканне гэта зацягвалася не на адну гадзіну.
Вось мы ўжо зусім блізка ад Юнек, дайшлі да маста праз раку Лучайку. Зараз яна амаль поўнасцю абмялела, але са слоў мамы: у яе дзяцінстве гэта была паўнаводная рака. У ёй купаліся дзеці, паласкалі бялізну жанчыны і лавілі рыбу мужыкі. Зараз мне дзіўна ўяўляць сабе, што калісь у гэтых водах бурліла жыццё.
А яшчэ ў далёкім 1944 годзе тут каля вёскі на берагах Лучайкі ішлі асабліва жорсткія баі за Паставы. Наша войска двойчы спрабавала атакаваць гэты населены пункт, але фашысты супраціўляліся. 5 ліпеня 1944 гітлераўцы падцянулі да Юнек з Пастаў яшчэ адну групоўку войск. Савецкім войнам трэба была дамапога. І яна прыйшла! Танкавыя войскі, падышоўшыя з боку Лучая, ушчэнт разбілі ворага. І культавы танк т-34, пераадолеўшы 3 кіламетры ўжо вядомай вам дарогі, гераічна першым уварваўся ў горад. Пастаўская зямля была вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў. Сама ж вёска Юнькі падчас гэтых баёў пацярпела. Немцы, адступаючы, падпалілі яе. Не згарэлі толькі дзве хаты.
На конт гэтага выпадку існуе вясковая легенда. Нібыта гаспадары гэтых двух хат — два старыя дзяды падчас пажару схаваліся ў яры і шчыра маліліся Богу. Праўда гэта ці не — невядома, але ж відавочна, што Бог дапамог.
Пасля пажару вёска была адбудавана нанова з лесу той самай Алтынкі. Юнькі раслі, развіваліся, мудрэлі, пісалі сваю мужную і багатую гісторыю разам з усёй краінай. Зараз гэта ужо, нават, не проста вёска. Юнькі носяць ганаровы статус — аграгарадок.
Вось мы і дайшлі да хаты, дзе калісьці у сям’і вясковых настаўнікаў нарадзілася маленькая дзяўчынка — мая мама…
Тры кіламетры звычайнай дарогі, а насамрэч — зкскурс у мінулае працягам 45 хвілін. Сапраўдная стужка часу, напаўняючая маю душу асаблівай ўнутранай цеплынёй і значнасцю.