Рэцэнзія на спектакль Сары Токінай паводле п’есы Сяргея Гіргеля «Сталіца ЭРАУНД»
«Што ты крычыш на мяне? Што я табе – дзяўчына!?«
Як часта вы карыстаецеся метро? Я, напрыклад, кожны дзень. Ужо дакладна ведаю, за які час цягнік даедзе да наступнай станцыі, якія словы скажуць дыктары Уладзімір Баклейчаў і Уладзімір Трапянок. Нават бывала, што ўвечары сустракала людзей, якіх бачыла раніцай. І вось так па коле – з дня ў дзень. Толькі адной асобы не сустракала ніколі – другой мяне…
Цемра. Метро. Два белыя ліхтары акрэсліваюць постаць асобы, мужную і велізарную. У гэтыя хвіліны ты адчуваеш сябе назіральнікам вялікай барацьбы паміж святлом, надзеяй і змрокам, бясконцым, але такім прыемным. Нечакана з залы на сцэну ўзбягае яшчэ адна постаць (заўседы шанавала адмаўленне Тэатра беларускай драматургіі ад размежавання сцэны і аўдыторыі!). Цяпер іх двое; здаецца, кожны адданы сабе, свайму лёсу, усё як мае быць, але… да таго моманту, пакуль метро не спыняецца. Людзі літаральна адарваны ад навакольнага свету – яны пад зямлёй.
Са сцэны вібрацыямі ідзе непаразуменне, якое адчуваюць героі. Напружанне расце, у зале ціха, і ты ажно адчуваеш сваё няроўнае дыханне і хуткае тахканне сэрца. Ад гэтага вушы закладвае… Ты думаеш: «Зараз надыйдзе канец… Ратуйце!» і… «Бляць!» – не стрымліваецца Кунцэвіч (акцёр Максім Паніматчанка).
…Люстэркі разбіліся, падзьмуў выратавальны вецер. Кунцэвіч звар’яцела ўскаквае — усё яго цела дыша нервовасцю, нязграбнасцю. А Сухараўскі (акцёр Дзяніс Паршын) моўчкі сядзіць, быццам нічога не здарылася.
Сумна ўсё ж такі, трэба нешта рабіць, знаходзячыся ў гэтай прасторы-квадраце. Што рабіць? Гаварыць, напрыклад. Цікава назіраць за іх размовай, асабліва за размовай розных людзей, розных па тэмпераменце, паводзінах. Гутарка нагадвае парадокс: людзі размаўляюць, не чуючы адно аднаго. Зала смяецца. Парадокс у сукупнасці з камедыяй — выбухная сумесь. У ходзе размовы высвятляецца, што ў іх шмат агульнага: дом нумар чатырнаццаць, абодва едуць да станцыі метро «Кунцаўшчына», у абодвух няма бацькоў: «А можа, мы браты?» – пытаецца Сухарэўскі. Нельга пакінуць без увагі гэты варыянт. Але, на мой погляд, у іх значна большая ступень блізкасці. Яны дзве мяжы адной сутнасці. І сутнасць гэта — чалавек. Аб гэтым кажуць сімвалы «X» і «Y», якія відаць на іх нагах. І (з біялагічнага пункту гледжання) гэтыя храмасомы могуць належаць толькі аднаму мужчыне. Не двум.
Нарэшце, вобразы пачынаюць сумесна рэагаваць, жыць, калі размова заходзіць пра каханне. Дакладней, жанчыну, якая належыць аднаму. У гэтай размове раскрываецца звычайная чалавечая сутнасць – барацьба паміж сваёй душой, сэрцам і розумам, паміж думкамі і дзеяннямі. Увесь час цябе хвалюе пытанне: гарачы Кунцэвіч супрацьпастаўляецца Сухарэўскаму альбо ціхі Сухарэўскі – нервоваму Кунцэвічу?..
А пасля разумееш, што гэта неважна, бо перад намі партрэт звычайнага чалавека, які плануе даць грошы Аксане на аборт, бо ён не хоча дзіця, але разумее, што любіць яе і не стрывае, убачыўшы каханую з іншым мужчынай. Дык, можа, тады не трэба браць грэх на душу, а купіць у краме цукеркі і шампанскае ды паехаць да яе?
Герой нават пачынае жартаваць, што забіў бы дзвюх жанчын. Магчыма, адну, але і дзвюх асоб у ёй. Не атрымліваецца. Ён любіць. І яна чакае яго, але гэтае спыненае метро перашкаджае. Памятаю, што спачатку яно сваім спыненнем не дазволіла герою дапамагчы Аксане пазбавіцца дзіця, а цяпер не хоча адпусціць яго да яе ж. А можа, у гэтым вінавата ўсё ж такі не метро, а наўмысная блытаніна ў думках, унутраная барацьба, нявызначанасць, няўпэўненасць, якія перакрываюць дыханне і нараджаюць жахлівыя дзеянні?
Сапраўды кажуць, што чалавек не зможа жыць у гармоніі са светам, пакуль не знойдзе гэтую гармонію ў сабе. Альбо не пасябруе з «сабой іншым», каб разам знікнуць у даліне цёмнай сцэны. Нават калі месцам гэтага знаемства будзе метро.
Калі ласка, спыніцеся хаця б на хвіліну! Разгледзьце сваю душу, каб пазбегнуць шызафрэнічнага раздваення асобы. Усё роўна ў кожным з нас хоць крыху ды жыве разважлівы Сухараўскі і гарачы Кунцэвіч – ад гэтага не збегчы. Але заклікаю вас: прывучайце іх да гармоніі, каб пасля не прыйшлося чуць істэрычнае «Што ты крычыш на мяне? Што я табе – дзяўчына!?»
Фотаздымкі з сайта РТБД.