Ёй зноў крыху не хапіла: Агнешка Радванска завяршыла кар’еру 10

Ёй зноў крыху не хапіла: Агнешка Радванска завяршыла кар’еру

Агнешка Радванска, былая другая ракетка свету і фіналістка “Уімблдона”-2012, на мінулым тыдні абвясціла, што развітваецца са ветам спорту. Пакуль іншыя тэнісісткі пасля 30 працягваюць пакараць вяршыні, яна нечакана зразумела, што яе час выйшаў у 29.

«На жаль, я ўжо не магу трэніравацца і гуляць так, як прывыкла – напісала полька ў сваёй заяве аб завяршэнні кар’еры. – Апошнім часам арганізм не спраўджвае мае чаканні. Вымушана прызнаць, што не магу вывесці сябе на патрэбны ўзровень».

Прычынай сталі сур’ёзныя траўмы: спачатку спартсменка пакутвала праз боль у спіне, а потым не магла нават дакрануцца ступнёй да падлогі. Радванска давяла свой арганізм да мяжы яго магчымасцяў, але яе ўдары межаў магчымага не ведалі.

У 2005 Ага выйграла юніорскі “Уімблдон”, а ў наступным годзе ўзяла “Ралан Гарос”. У той час яе разам з сястрой Урсулай яшчэ трэніраваў бацька, дзякуючы намаганням якога полькі і выпрацавалі ў сабе такое тонкае адчуванне мяча. Адзін толькі факт таго, што Роберт Радванскі вучыў сваіх дачок гуляць паветранымі шарыкамі, ужо шмат аб чым сведчыць. У 2007 Агнешка стала першай польскай чэмпіёнкай турнінру WTA і прыцягнула да сябе пільныя позіркі тэнісных заўзятараў і экспертаў.

Аднак тады яшчэ мало хто сур’ёзна ставіўся да яе будучыні ў спорце. Радванска не нагадвала нікога з тэнісных зорак таго перыяду: вага 55 кілаграмаў, даволі слабая падача (другая ледзь ляцела за 120 км/г) і вынаходлівы стабільны тэніс, які, здавался, выйшаў з моды разам з Марцінай Хінгіс. Яна не лупіла па мячы з вышыні свайго росту, як гэта рабіла іншая дзяўчына-падлетак, Марыя Шарапава, не круцілася нястомна па корце ў манеры тагачаснай першай ракеткі свету Жусцін Энен, не замахвалася і амаль ўвесь час адказвала з прыседу. Але ў тэхніцы Агнешкі спалучыліся выключная лёгкасць і ювелірная дакладнасць, якія разам са знясільваючай працай ператварылі Агу з індзі-зоркі для прысвечаных у “польскую ніндзя” – адну з самых відовішчных тэнісістак туру.

Яна валодала звышнатуральным уменнем кантраляваць розыгрышы і хутка паднялася ў рэйтынгу: спачатку з-за межаў топ-50 у топ-30, а ў 2008 – у топ-10, дзе амаль бесперапынна заставалася да 2017. Калі Радванска дайшла да дзясяткі, яе фан-клуб уключаў ужо больш-менш усіх, хто любіў тэніс. Яна бесперапынна атрымоўвала ўзнагароду ўлюблёнай тэнісісткі заўзятараў WTA з 2011 па 2016, а яе ўдары прызнаваліся лепшымі ў сезонах з 2013 па 2017.

Менавіта ўдары і сталі адметнай рысай полькі. У яе былі скарочаныя, якія яна нахаду кідала па дыяганалі ў бок, супраць свайго руху. Былі свечкі, выкананыя з паўлёту, якія пад яе ціскам з цыркавога ўдару ператварыліся ў надзейную зброю. Былі вінерсы, або выцягнутыя з-пад самай сеткі, або прабітыя з-за спіны. Былі замаскіраваныя скарочаныя, якія клаліся ў кут корта, і тыя самыя ўдары ад зямлі, якія яна выконвала практычна на кукішках. Ніводная іншая тэнісістка не давала гледачам столькі падстаў матаць галавой і смяяцца. Сама ж Ага сустракала такія ўдары ў характэрнай стрыманай манеры: яна таксама смяялася, падымала ракетку над галавой і ішла біцца за наступнае ачко.

Яе кар’ера дасягнула піка і мяжы на “Уімблдоне” 2012 і 2013. Але гэтыя неверагодныя для полькі ў плане гульні турніры скончыліся, напэўна, самымі горкімі паразамі. Яна выйграла 20 тытулаў WTA, улічваючы “Выніковы турнір”-2015, але так і не падняла над галавой кубак “мэйджара” і ў лепшыя свае часы не дасягнула вяршыні рэйтынгу.

Хутчэй за ўсё, Радванска не ўвойдзе ў гісторыю як чэмпіёнка на ўсе часы, і наўрад ці яе прымуць у “Залу тэніснай славы”. Але ў сэрцах заўзятараў яна заўсёды будзе займаць асаблівае месца – такое ж унікальнае, як і яна сама. Яе запомняць як адзін з тых прыродных талентаў, што зрабілі тэніс багацей і цікавей.

 

Добавить комментарий