Šlach kachańnia pa-biełarusku
Mate Lakiato разам з Ганнай Мацуковіч з гурта «ZnaRock» вырашылі зрабіць сэрыю міні-канцэртаў у падтрымку Арт Сядзібы, пад назвай «Šlach kachańnia pa-biełarusku».
16 сакавіка адбылася першая сустрэча. Дзяўчынкі зрабілі файны вечар, у якім былі і атмасфернасць, і свечкі, і кава з смачным печывам, і вершы Алісы Ахрамовіч ў музычным афармленні, якое стварыла Ганна Мацуковіч ды яе цудоўная скрыпка.
Паэтка Mate Lakiato кажа:
«Пакуль усе занятыя праблемамі ва Ўкраіне, на радзіме “Арт Сядзібу” папрасілі з Інструментальнага завулка па вельмі незразумелых прычынах, і праз 2 месяцы ёй прыдзецца сысьці невядома куды… Ці гэта окэй?
А вы, што думаеце, шаноўнае спадарства? »
Лірыка Алісы кранала амаль кожнага, хто прысутнічаў ва ўтульным пакоі Арт сядзібы.
А музыка Ганны рабіла так, што думкі ўляталі далёка, невядома куды.
Рамантычная вечарына можа натхніць напісаць вершы і слухачоў.
Напрыканцы раю прачытаць некаторыя вершы Алісы.
Баюся, што ўжо так напісана шмат радкоў,
і стомленае пачуцьцё кранае сэрца…
колькі сэрцаў — столькі й рухавікоў…
адлегласьць нам адлічвае паперкі:
мы называем часам іх, гадзіньнік апранаем,
каб не забыцца й не страціць галаву…
Мы дасылаем словамі прызнаньні,
але не памятаем як ўсьміхацца, і каму…
Баюся я, што скурай адчуваю прагу
кранацца пальцамі знаёмых сантымэтраў…
Баюся апынуцца побач, бо шчасьце пераадолець смагу
і зноў не Менск — якая-небудзь Прага, пэўна…
Пад скурай адчуваю сум, папера дагарае,
той дым ідзе з-пад колаў цягніка…
Мой лёс затармазіў паміж — аналяга ня мае…
І вабіць, вабіць, усмоктвае вачымаў глыбіня…
Што я маю на душы…
а мне застаецца сачыць за тваімі крокамі
у фэйсбуку, як ты ганарліва глядзіш,
ты зараз у краіне, за чорнымі аблокамі,
а я хвалююся за цябе, бо маўчыш…
але я ведаю, што ты — цуд нашай эпохі,
я дасканала адчуваю вострыя, частыя
але блізкія і далёкія твае ўдохі,
як тады, калі ночылі ў блакітнай драўлянай хаце…
Беражы сябе, мілае сонца, калі ласка…
я б усё аддала, каб тонкай энэргіяй Вэнэры-маці,
богам прашу, сабою ня ахвяраваць,
малюся за цябе… як тая дзяўчынка з казкі…
малітвы прамаўляю глыбока ўнутры,
гадзіна сорак тры…