Шчасце жыць у мірнай краіне

«Вайна бязлітасная да кожнага»
В. Быкаў
Сёння ўжо семдзесят пяць гадоў з таго дня, як наш народ атрымаў перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта было вялікае свята, якое мы адзначаем і ў нашы дні. Але на жаль з кожным годам застаецца ўсё менш герояў вайны — ветэранаў.
Яны — памяць для ўсіх нас, яны сваімі вачыма бачылі жах вайны, яны адны ведаюць пра падзеі таго часу. Гэта вельмі важна для маладога пакалення, бо толькі ветэраны могуць расказаць сапраўдныя гісторыі пра вайну. Кожны год яны ў Дзень Перамогі ўспамінаюць страшныя падзеі, расказваюць аб вайне, выступаюць перад школьнікамі. Вайна — гэта страшны час, таму аб ёй трэба гаварыць, каб людзі не забылі гэту трагедыю і не пачалі зноў ваяваць. Але хутка ветэранаў не застанецца. Ніхто ўжо не зможа данесці да народа гісторыю вайны.
Выратаванне мы знойдзем у лепшым сябру чалавека: у кнізе! Гэта амаль адзінае, што захаваецца праз стагоддзі. У кнігах пісьменнікаў ваеннага часу засталася ўся горыч, сум, праз іх вершы і творы мы можам даведацца пра баі, пра салдацкія песні, пра каханне ў час вайны. Я лічу, што кнігі пра вайну — самы добры і надзейны помнік подзвігу народа. У ім засталося самае галоўнае: напамін будучым пакаленням аб тым, як цяжка было абараніць сваю краіну, запавет продкаў берагчы свабоду і незалежнасць, дзеля якой памерла шмат людзей.
І таму наша пакаленне абавязана помніць аб тым, якія ахвяры прынеслі нашы байцы, якое шчасце падарылі моладзі: шчасце жыць у мірнай краіне.