З гісторыі адной вёскі
Вялікая Айчынная вайна прынесла шмат гора беларускаму народу. Не абышла яна ні адной сям’і. Цяжка, страшна было людзям і на фронце, і ў акупацыі. Нікому не хацелась жыць у палоне, баяцца за дзяцей, родных. Таму імкнуліся ўсяк нашкодзіць ворагу, дапамагчы тым, хто змагаўся з ім на фронце.
Не засталася ў баку ад усяго гэтага і мая прапрабабуля Іда Салалайка. Адправіла на фронт двух сваіх сыноў: Уладзіміра і Васіля. Але не дачакалася малодшага. Старэйшы Уладзімір вярнуўся калекам: пасля ранення ампутавалі правую руку і камісавалі. Дома пры ёй заставаліся дочкі – Марыя і Ніна. Баялася яна за іх, бо вёска Заполле, дзе яны жылі тады, знаходзілася каля чыгункі, па якой ішлі нямецкія эшалоны, і ў лесе, дзе былі партызаны. Яны не раз пускалі пад адхон нямецкія цягнікі. І каб запалохаць людзей, ворагі палілі вёскі.
Такі лёс напаткаў ужо суседнюю вёску Княжаводцы, што на Гродзеншчыне. Спалілі і вёску, і немаўлят, а астатніх расстралялі ля выкапаных магіл. А тут падпольшчыкі ўзарвалі эшалон з нямецкай тэхнікай. І разведка данесла, што карнікі плануюць спаліць тую вёску, што раскінулася бліжэй да чыгункі. А гэта была вёска Заполле.
Думалі і ў партызанскі атрадзе, і ў штабе партызанскіх брыгад, як уратаваць людзей. Ведалі, што мая прапрабабуля вельмі добра валодала нямецкай мовай. І пайшлі прасіць яе пайсці на перамовы з ворагам, паспрабаваць упэўніць, што ў лесе няма партызан і не жыхары вінаваты ў падрыве эшалона. Страшна, боязна было прапрабабулі. За дзяўчатак баялася. Баялася, што дазнаюцца пра сыноў на фронце. Але ратаваць вёску трэба. Вырашылі Марыю і Ніну схаваць на момант перамоў.
Пацалавала дзяцей, пакланілася вяскоўцам і пайшла ў школу, дзе размясціўся карны атрад. Пакуль ішла туды, паласа сівых валасоў з’явілася на галаве, бо думала, што ідзе на смерць. Для адводу вачэй стараста вёскі з актывістамі накрылі ім стол з гарэлкай, прывялі ў двор шмат кароў, свіней, курэй, падагналі некалькі павозак з пажыткамі. Чакалі вынікаў перамоў.
А гэтым часам карнікі, пад’еўшы і напіўшыся, вялі гаворку-допыт Іды Салалайка. Завярала яна, што партызан тут няма. І паверылі ж! Уселіся ў павозкі і з нямецкімі песнямі выехалі на шашу, паехалі на пастой.
Калі ад’ехалі добрых дзесяць кіламетраў, іх ужо чакалі ўзброеныя партызаны. У перастрэлцы загінулі ўсе ворагі, а жывёлу, птушку і павозкі з дабром вярнулі гаспадарам.
З той пары вяскоўцы былі ўдзячны маёй прапрабабулі. А калі яна памерла, то ўсе жыхары гэтай і суседніх вёсак выйшлі правесці яе ў апошнюю дарогу.