Мінулае для будучыні: раскрываецца праўда аб генацыдзе беларускага народа 11

Мінулае для будучыні: раскрываецца праўда аб генацыдзе беларускага народа

Зусім нядаўна адгрымелі святкаванні Дня Перамогі, а наперадзе яшчэ некалькі памятных дат Вялікай Айчыннай — 22 чэрвеня і 3 ліпеня. Але давайце будзем сумленныя: няўжо казаць на гэтую тэму трэба толькі напярэдадні свят? Не! Таму прысвяцім гэты артыкул не проста святочным дням, а памяці.

Мабыць, вернемся крыху ў часе. 9 студзеня 2023 года адбылася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміяй «За духоўнае адраджэнне» і Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Калектыў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Румянцавых-Паскевічаў атрымаў Спецыяльную прэмію «За ўклад у развіццё музейнай справы і рэалізацыю выставачных праектаў па захаванні гістарычнай памяці». Сярод іх фотадакументальная выстава «Бывайце, людзі! Факты аб злачынствах нацыстаў у акупаваным Гомелі». Мы паразмаўлялі з куратарам праекта Юрыем Панковым, каб не толькі расказаць вам пра выставу, але і раскрыць яе актуальную на сённяшні дзень задуму.

Мінулае для будучыні: раскрываецца праўда аб генацыдзе беларускага народа 12

Па словах Юрыя, праект «Бывайце, людзі! Факты аб злачынствах нацыстаў у акупаваным Гомелі» паказвае гледачу самую страшную праяву генацыду, а менавіта масавае забойства. Праект прадстаўлены ў форме фотавыставы, экспанаты якой апавядаюць і ілюструюць жахі, якія адбываліся ў Гомелі ў гады акупацыі, а таксама расказваюць пра археалагічныя даследаванні. Арганізатары праекту вялі шырокія раскопкі ў месцах пахавання ахвяр, уважліва вывучалі архівы і гістарычную дакументацыю, што дазволіла стварыць гэтую ўнікальную выставу.

“На прыкладзе аднаго горада мы паказалі, што адбывалася ў гады нацысцкай акупацыі ў абласным цэнтры БССР. Сам тэрмін «генацыд» — гэта дастаткова шырокае паняцце, і пад ім маецца на ўвазе цэлы шэраг дзеянні, з якіх самае страшнае — масавае забойства. Таму мы хацелі паказаць і расказаць на выставе аб тым, як знішчалася мірнае насельніцтва Гомеля, а таксама савецкія ваеннапалонныя, якія апынуліся ў нашым горадзе”, — распавядае пра сваю выставу гісторык.

Мінулае для будучыні: раскрываецца праўда аб генацыдзе беларускага народа 13

Зразумела, для стварэння такога маштабнага і важнага праекта павінна была быць нейкая асаблівая нагода, якая падштурхнула аўтараў на ўвасабленне сваіх ідэй. Юрый Панкоў тлумачыць гэта тым, што ў красавіку 2021 года Генеральнай Пракуратурай Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Таксама важна адзначыць, што ў рэалізацыі праекту актыўна ўдзельнічалі не толькі супрацоўнікі гомельскага музея, але і Пракуратура Гомельскай вобласці, якая была сярод ініцыятараў выставы, а таксама супрацоўнікі двух абласных архіваў: Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці і Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці, якія прадставілі вялікі комплекс крыніц.

Мінулае для будучыні: раскрываецца праўда аб генацыдзе беларускага народа 14

Навукоўцы правялі паўнавартасную архіялагічную працу. Каб пачаць вывучэнне новых дакументаў, неабходна было дэталёва прапрацаваць артыкулы гісторыкаў, зробленыя раней. Так сталася, што іх вельмі мала на сённяшні дзень. Першыя публікацыі па знішчэнні мірнага насельніцтва Гомеля ў ваенны перыяд датуюцца 1995 годам. Па сутнасці, гэта вельмі маладыя даследаванні, і такія працы можна пералічыць на пальцах рук. Але ўсе яны заснаваны на адным матэрыяле — актах Надзвычайнай Дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Гомелі і наваколлях. Таму аўтары праекта вырашылі першапачаткова вярнуцца да іх і зноўку прапрацаваць, пераасэнсаваць. Юрый Панкоў падкрэсліве, што да гэтага яго калегі чыталі толькі машынапісныя тэксты, а многія рукапісы засталіся без увагі. А ў іх аказалася шмат унікальнага, што раней не было ўведзена ў навуковы абарот. Пры вывучэнні новых крыніц і аналізе старых аказалася, што тэма значна шырэй і фактаў нашмат больш.

На пытанне аб адкрыццях, якія былі зроблены ў працэсе работы над праектам, Юрый прызнаецца: “Сама тэма ўжо адкрыццё, бо навуковых прац па ёй мала. Мы ўзнялі не толькі тэму злачынстваў, але расказалі пра пошукавую дзейнасць, пра якую раней амаль не гаварылася. Многія выявы былі прадэманстраваны ўпершыню. У выніку нашай працы былі выяўлены новыя месцы масавых забойстваў мірнага насельніцтва і савецкіх ваеннапалонных у горадзе Гомелі. Таксама былі ўдакладненыя звесткі аб пошукавых працах, якія праводзіліся ў савецкі перыяд”.

Мінулае для будучыні: раскрываецца праўда аб генацыдзе беларускага народа 15

Выстава “Бывайце, людзі! Факты аб злачынствах нацыстаў у акупаваным Гомелі” стала не проста звычайным экспедыцыйным праектам, які распавядае аб жахах, якія перанеслі гамяльчане і людзі, якія воляй лёсу апынуліся ў горадзе ў гады акупацыі. Праект таксама з’яўляецца паўнавартаснай гістарычнай крыніцай для будучых навуковых даследаванняў.

У наш час актуальна захоўваць і берагчы гістарычную памяць, і казаць пра яе варта не толькі напярэдадні памятных дат. «Важна памятаць не толькі гераічнае мінулае савецкага народа, але і злачынствы, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі ў тыя трагічныя дні, каб не дапусціць гэта ў будучыні», — лічыць куратар праекта.

 

Добавить комментарий