Установа адукацыі, у якой я вучыўся, - найлепшая 9

Установа адукацыі, у якой я вучыўся, — найлепшая

«Я, уступаючы ў славутую грамаду гімназістаў, перад сябрамі сваімі і настаўнікамі, перад памяццю славутага Скарыны клянуся: быць добрым і старанным вучнем, з усяе сілы авалодваць ведамі, што набыло чалавецтва. Як нашчадак люду беларускага, я клянуся зрабіць усе магчымае, каб расквітнела старажытная культура майго народа, і дзеля гэтага не шкадаваць свае сілы, рабіць гэта так, як рабіў Францыск Скарына з Полацка».

Установа адукацыі, у якой я вучыўся, - найлепшая 10

Гэта словы клятвы гімназіста, якая гучала з маіх вуснаў у снежні 2015 года. І гучыць ўжо 30 гадоў запар у сценах гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны горада Мінска.

Тады я кляўся рабіць усё, каб стаць сапраўдным грамадзянінам маёй краіны, маючы на ўвазе не толькі родную Беларусь, але і маю маленькую краіну – першую гімназію. Так, мая гімназія – сапраўдная краіна, якая мае сваю назву, кіраўніцтва, насельніцтва, свой герб і гімн, свае законы, у аснове якіх — найлепшыя чалавечыя якасці: братэрства, адзінства, сумленнасць, павага, імкненне да ведаў.

Паспяховасць гэтай маленькай краіне забяспечвала яе насельніцтва. А жыхары нашай гімназічнай зямлі – гэта настаўнікі, вучні і іх бацькі.

Як і ў любога дружнага народа, у нас былі свае традыцыі і святы. Памятаю, як я, вучань трэцяга класа, паспяхова ўдзельнічаў у гімназічнай навукова-практычнай канферэнцыі, якая традыцыйна праводзілася з 1991 года, а ў 2005 годзе набыла статус міжнароднай.

Установа адукацыі, у якой я вучыўся, - найлепшая 11

Успамінаецца і паспяховы ўдзел у традыцыйнай для гімназіі праектнай дзейнасці. Як я радаваўся, калі са сваім праектам пра калыханку перамог у горадзе Мінску, а затым і на Усерасійскім конкурсе, дзе я адзіны прадстаўляў Беларусь!

А якім чуллівым было свята “Да пабачэння, пачатковая школа!”. А ўрачыстае “Прысвячэнне ў гімназісты” з традыцыйнымі гістарычнымі героямі Ефрасінняй Полацкай і Францыскам Скарынам!

А колькі гонару ў мяне было на пасяджэннях Цэнтра інтэлектуальнага развіцця, дзе традыцыйна віталі пераможцаў навукова-практычных  канферэнцый і рэспубліканскіх алімпіяд па розных вучэбных прадметах.

Установа адукацыі, у якой я вучыўся, - найлепшая 12

У 2016 годзе ў гімназіі была распачата яшчэ адна традыцыя – літаратурныя гасцёўні для вучняў, бацькоў і настаўнікаў, прысвечаныя знакавым святам і юбілеям. У літаратурнай гасцёўні “Вялікай Перамозе прысвячаецца” ўдзельнічала і мая мама Алена Мікалаеўна.

Зразумела, што ўсё гэта магло ажыццявіцца і ажажыццяўлялася дзякуючы ключавой асобе ў гімназіі — настаўніку.

Настаўнікі гімназіі — гэта суперпрафесіяналы сваёй справы, добрыя і спагадлівыя людзі. Гэта яны стваралі цуды. Менавіта педагогі рабілі заняткі цікавымі, а вучняў – зацікаўленымі, бо паўсюль каштоўнасць школы роўная каштоўнасці яе настаўнікаў.

Установа адукацыі, у якой я вучыўся, - найлепшая 13

І я вельмі ўдзячны педагогам. Мне хочацца нізка схіліць галаву перад маёй першай настаўніцай Ждановіч Наталляй Генадзьеўнай за тое, што яна ўпэўнена павяла мяне ў загадкавую краіну ведаў.

Падарыць шыкоўныя букеты любімым настаўнікам рускай мовы і літаратуры Саўкінай Ірыне Георгіеўне і англійскай мовы Біруковай Ліліі Дзмітрыеўне.         

Установа адукацыі, у якой я вучыўся, - найлепшая 14

Сказаць дзякуй настаўніку гісторыі і майму класнаму кіраўніку Казлоўскаму Уладзіміру Пятровічу за тое, што паланіў маё сэрца гісторыяй роднага краю.

І сёння нізка кланяюся настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Дзяшук Святлане Анатольеўне, якая праз магутнасць і мілагучнасць роднага слова ўпэўніла мяне ў тым, што трэба быць удзячным Богу за прыналежнасць да славутага беларускага народа.

Ну, і як жа пасля ўсяго пералічанага сумнявацца ў тым, што ўстанова адукацыі, у якой я вучыўся, — найлепшая? Канешне, найлепшая! Бо адукацыя, якую яна дае, на маю думку, найлепшая ў краіне. І ўсё ж гімназія – гэта нешта большае, чым проста адукацыя. Гэта краіна маёй душы, мілы сэрцу куток.

Установа адукацыі, у якой я вучыўся, - найлепшая 15

Один комментарий о “Установа адукацыі, у якой я вучыўся, — найлепшая

Добавить комментарий