“Цікавіцца сваім. Ганарыцца сваім…”
Калі ў мінулым годзе я выпадкова патрапіла на фэст экскурсаводаў, то тады нават і падумаць не магла, што ў хуткім часе стану аматарам культурных мерапрыемстваў у горадзе. Зараз намагаюся не прапускаць ніводнай гарадской імпрэзы такога кшталту, бо на іх жыхары могуць на імгненне адарвацца ад будзёнасці і прысвяціць час самаадукацыі і самаразвіццю ў сферы культуры. А арганізацыяй і правядзеннем такіх імпрэз займаецца рэспубліканскае маладзёжнае аб’яднанне “Гісторыка”.
Пра гісторыю стварэння арганізацыі, яе мэты і ідэі распавёў былы старшыня “Гісторыкі” Зміцер Рагачоў:
– МГА “Гісторыка” з’явілася, дзякуючы гісторыку Ніне Стружынскай і яе праекту “Гісторыя, якой няма ў падручніках”. Праект аб’ехаў у 1998-1999 гг. усю Беларусь. Студэнты гістфака БДУ, якія дапамагалі пані Ніне, перазнаёміліся з вялікай колькасцю такіх жа студэнтаў і аматараў гісторыі з розных мясцін. Потым узнікла ідэя аб’яднання і ў пачатку 2000 года сабраліся першыя 65 сяброў. А 17 жніўня 2000 года МінЮст зарэгістраваў МГА “Гісторыка” як рэспубліканскае маладзёжнае аб’яднанне. Першапачаткова ў арганізацыі пераважалі студэнты-гісторыкі, адпаведна, галоўнымі ідэямі былі даследванні гісторыі, якія наўтрост з гістарычнай навукай не звязаны. Таму актуальныя наступныя накірункі: папулярызацыя гісторыі, гістарычны турызм, ахова спадчыны.
Філіял дадзенай арганізыцыі існуе і ў Віцебску. Са мной гутарыла каардынатар “Гісторыкі” па Віцебскай вобласці Крысціна Бондарава.

– Крысціна, раскажыце калі ласка, чым займаецца маладзёжная грамадска-культурная арганізацыя “Гісторыка”?
– Перш за ўсё, арганізацыяй летнікаў, вандровак па гістарычных месцах краіны, фэстаў экскурсаводаў, таксама крышачку навуковымі даследваннямі.
– А якія мерапрыемствы вы зладзілі ў Віцебску за апошнія некалькі гадоў?
– Мы ладзім кожныя два гады фестываль “Восеньская стужка”. У 2008 годзе паказалі шведскія фільмы з агучваннем і субтытрамі на беларускай мове. У 2010 – класіку нямога кіно. У 2012 годзе плануем паказаць фільмы да юбілею вайны 1812 года.Таксама паказвалі фільмы для дзяцей на беларускай мове. Штогод праводзім фэст экскурсаводаў. Напрыклад, у 2011 годзе, у траўні, ладзілі экскурсію па Віцебску і яго наваколіцах. Арганізоўваем віртуальныя экскурсіі, экскурсіі з прыборкамі, разнастайныя прэзентацыі кніг на беларсукай мове. Калі казаць пра асноўны накірунак дзейнасці арганізацыі зараз, то гэта, перш за ўсё, правядзенне шляхецкіх балей. Разам з клубам гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа” аднаўляем шляхецкую культуру Беларусі 19 стагоддзя. Зладзілі такія мерапрыемствы, як “Касіны”, “Рэдуты”, “Шляхецкі баль” у філармоніі. Канечне, нельга не ўзгадаць нашы цудоўныя вандроўкі па незвычайных месцах вобласці разам з вядомым віцебскім краязнаўцам Міколам Піваварам.
– Як ставіцца грамадства да вашых мерапрыемстваў?
– Пасля гэтых вандровак, прэзентацый, балей людзі з радасцю ўсведамляюць сябе “Беларусамі”, усведамляюць, што нам, безумоўна, ёсць чым ганарыцца.
– Якім чынам вы прыйшлі да гэтага руху?
– У 2007 годзе я ўдзельнічала ў валантэраўскім летніку па аднаўленню Любчанскага замка. Там пазнаёмілася са Зміцерам Рагачовым, былым старшынёй “Гісторыкі”. Завязалася сяброўства. Потым і было прапанавана стаць каардынатарам “Гісторыкі” па Віцебскай вобласці.
– Як можна далучыцца да “Гісторыкі”?
– Просто напісаць заяву і стаць сябрам.
– Вашы пажаданні чытачам?
– Цікавіцца сваім. Ганарыцца сваім, таму што яно не горшае за чужое. Аднойчы, прыйшоўшы ў “Гісторыку”, я гэта ўсвядоміла. Таму гэтага ж жадаю і вам!
вы з Крысцінай гутарылі альбо яна з вамі? хто браў інтэрв’ю?