Ніхто не забыты, нішто не забыта
Ніхто не забыты, нішто не забыта… Калі мы чуем гэты выраз, заўсёды думаем пра Вялікую Айчынную вайну. Пра тыя жудасныя і страшныя гады, калі нашы продкі змагаліся за свабоду, баронячы свае сем’і і сваю краіну. Гэта, безумоўна, з’яўляеца адным з самых вялікіх подзвігаў усяго чалавецтва, гэта тая незагойная рана, якая застанецца ў памяці людзей яшчэ на доўгія гады. Але ж сёння размова пойдзе зусім не пра ваенныя падзеі мінулага. Я хачу паразважаць над больш пазітыўнымі рэчамі, якія ў сучаснасці маюць не менш значную ролю, чым заслугі нашых продкаў падчас баявых дзеянняў ХХ стагоддзя.
Разважаць можна шмат пра што: мастацтва, навуковыя дасягненні, жыццё папярэдніх пакаленняў. Але па-першае я хацела б адзначыць наяўнасць шматлікіх помнікаў архітэктуры, якія захаваліся на тэрыторыі нашай рэспублікі. Адны з гэтых помнікаў, напрыклад, касцёл святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) у неараманскім стылі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў стылі постмадэрнізму, былі пабудаваны зусім нядаўна, а другія будынкі, такія, як Сафійскі сабор у Полацку (першая каменная пабудова на тэрыторыі сучаснай Беларусі), Камянецкая вежа, якая адносіцца да абарончага дойлідства, былі ўзведзены больш за 700 гадоў таму. Усе гэтыя помнікі ў той ці іншай ступені адлюстроўваюць станаўленне беларускай архітэктуры. Архітэктура – неад’емная частка культуры, бо нават усе тыя будынкі, што мы бачым за нашымі вокнамі, з’яўляюцца вынікам развіцця дойлідства.
Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на замкавыя комплексы на тэрыторыі Беларусі, якія выконвалі шмат функцый: ад абароны да месца жыхарства князёў. Найбольш знакамітымі замкамі з’яўляюцца Мірскі, Нясвіжскі, Лідскі, Гальшанскі. Сёння ў іх праводзяцца экскурсіі для турыстаў і жыхароў Беларусі.

З усіх беларускіх замкаў мне больш падабаецца Навагрудскі, які знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці. Гэта была адна з наймагутных крэпасцяў у Вялікім Княстве Літоўскім, а цяпер яе руіны размяшчаюцца на схілах замкавай гары. Я наведвала гэтае месца некалькі разоў і гатова прыязджаць туды яшчэ і яшчэ, бо мяне вельмі захапляюць тыя пейзажы, якія можна бачыць, калі стаіш каля замка. Галоўным фактам з’яўляецца тое, што зараз Навагрудскі замак рэстаўруецца спецыялістамі. Галоўная задача сучаснай навуковай рэстаўрацыі – прыпыніць разбурэнні, пазнаёміцца з замкам і захаваць помнік, максімальна падоўжыць яго жыццё і забяспечыць магчымасць далейшых мастацтвазнаўчых і гістарычных даследаванняў.
Калі працягваць гаворку пра культурную спадчыну нашай краіны, можна з упэўненасцю сказаць, што галоўная каштоўнасць жыхароў Беларусі – наша родная беларуская мова. Шмат часу прайшло з таго моманту, як яна пачала існаваць, але ж і сёння мы можам паслухаць яе ўжывую, з вуснаў суайчыннікаў. Мы не забываем яе, бо яна з’яўляецца адным з самых важных фактараў станаўлення незалежнага беларускага народа і яго дзяржаўнасці. Задача будучага пакалення – захаваць родную мову, не даць ёй знікнуць. Калі знікне мова, то неўзабаве спыніць сваё існаванне і ўся нацыя. Нягледзячы на тое, што на беларускай мове размаўляе менш за палову беларусаў, яе нельга саромецца: яна адлюстроўвае наш нацыянальны характар. З дапамогай матчынай мовы можна перадаць усю прыгажосць навакольнага свету, а таксама і ўнутраны свет чалавека. Сёння беларуская мова стала элітарнай, бо на ёй размаўляюць, па большай частцы, высокаадукаваныя людзі: літаратары, настаўнікі, дзеячы навукі, некаторыя прадстаўнікі ўлады. Яны не саромяцца яе сялянскага паходжання. Яшчэ ў 2010 годзе на міжнароднай канферэнцыі ў Парыжы па мілагучнасці і пявучасці беларуская мова была пастаўлена на 2 месца пасля італьянскай. Нашай мовай можна і неабходна ганарыцца!

Такім чынам, мы бачым, што выраз “ніхто не забыты, нішто не забыта” можа ўжывацца не толькі тады, калі мы абмяркоўваем тэму Вялікай Айчыннай вайны. Не абавязкова гэтыя словы павінны заўсёды асацыявацца з вайной. Іх сэнс можна раскрыць з іншых бакоў, але, на мой погляд, усе нашы думкі наконт гэтай фразы будуць пачынацца з успамінаў пра гістарычныя падзеі, і не абавязкова гэта будзе толькі гісторыя Беларусі, нашай Радзімы. Ногул, многія ўспрымаюць фразу як крылатую. Так, па словах Прэзідэнта Рэспублікі Татарстан Рустама Мініханава, “словы “ніхто не забыты, нішто не забыта”, якія сталі крылатымі, з’яўляюцца для нас непарушным маральным законам, меркай усяго нашага грамадскага быцця”. І гэта сапраўды так: пакуль жывуць людзі, пакуль яны развіваюцца, пакуль пакаленні змяняюць адно аднаго, жыве і памяць пра ўсё тое, што ў сучаснасці займае даволі важнае месца ў нашым жыцці.