Гісторыя знаёмства з часопісам "Вясёлка" 10

Гісторыя знаёмства з часопісам «Вясёлка»

Памятаю, мая бабуля працавала настаўніцай беларускай мовы ў 2011 годзе, як раз той год, калі я пайшла ў першы клас. Тады я яшчэ адпачывала на летніх канікулах у вёсцы Акалова Лагойскага раёна. Бабуля ведала, што ў яе я сумую, але заўсёды паднімала мне настрой, расказваючы якую-небудзь казку, байку, верш, ці спявала штосьці вясёлае. Выхоўваючы мяне сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы, бабуля рабіла гэта на беларускай мове. Але яна не заўседы магла праводзіць са мной шмат часу і тады вырашыла звярнуцца да часопісаў.

У адзін са спякотных летніх дзён бабуля дала мне працу: пайсці да поштовай скрынкі і прынесці ёй газеты, якія яна выпісвала кожны месяц. Сярод вялікага стосу чорна-белых газет ляжала штосьці каляровае і вабіла сваімі ілюстрацыямі мой дзіцячы зрок. Гэта была “Вясёлка”. У той час, калі ў мяне не было ні тэлефона, ні дзіцячых праграм па тэлевізары, акрамя “Калыханкі”, “Вясёлка” здавалася мне выратаваннем.

Так, гэта быў цудоўны час. Я  знаёмілася з беларускімі аўтарамі, вучыла іх вершы, уяўляла, што я мастак і рабіла малюнкі да розных невялікіх твораў, якія чытала там, разгадвала рэбусы і крыжаванкі. Цяпер, калі я пішу гэтую гісорыю, успамінаючы ўсе свае лепшыя моманты з часопісам  і яго героямі, я хачу выразіць сваю ўдзячнасць за маё цудоўнае дзяцінства разам з “Вясёлкай”.  Зараз мне ўжо 17 гадоў, але я памятаю сваю першую сустрэчу з “Вясёлкай”, часопісам, які  разам з бабуляй вучыў  мяне любіць сваю Радзіму, ведаць родную мову, шанаваць і захоўваць гісторыю і культуру.

Добавить комментарий