Здаеш ЦТ па гісторыі ў гэтым годзе? Тады гэтыя 5 кніг для цябе
Мы ўпэўненыя ў здольнасцях сваіх чытачоў, таму не сумняваемся ў тым, што вы і без нас справіцеся з супастаўленнем літар з лічбамі і расстаўленнем падзей у правільнай паслядоўнасці. На наш погляд, самае важна, што дапаможа і з а-часткай, і з Б-часткай (ды і са школьным іспытам, што ўжо тут хаваць!) – гэта агульнае разуменне гістарычнага кантэксту эпохі. Таму мы склалі для вас рэйтынг 5 беларускіх твораў мастацкай літаратуры, якія дапамогуць аб’яднаць усе гэтыя разрозненыя падзеі, даты і асоб у адну вялікую гісторыю – гісторыю Беларусі. А там ужо і 100 балаў не за гарамі.
І пачнем мы з аповесці «У Капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча. Юрый Дудзь зняў вельмі інфарматыўны і эфектны відэапраект пра сталінскі лагер у Калыме (які мы таксама вельмі раім паглядзець). Але пра тое, якімі былі рэпрэсіі ў БССР, адтуль не даведаешся. Добра, што ў нас ёсць Францішак Аляхновіч, аўтабіяграфічны твор якога не толькі раскажа, як, каго і чаму спасылалі ў Беларусі, але і пакажа іншы бок «лагераў смерці», дзе глядзяць кіно (“Апрача тэатру было й кiно — пару разоў на тыдзень. Найцiкавейшы быў у кiно сэанс у 1928 годзе, калi мы пабачылi на экране «самiх сябе»), гуляюць у шахматы (“Тамака былi расстаўленыя сталы, за якiмi сядзелi вязьнi, гуляючы ў шахматы або пераглядаючы часапiсы»), ходзяць у музей, чытаюць кнігі ў бібліятэцы, займаюцца спортам – увогуле, робяць усё, ад чаго вы адмовіліся ў 11 класе дзеля падрыхтоўкі да ЦТ. Думаеце, мы вам ужо ўсё распавялі? А вось і не: сюжэт – гісторыю жыцця галоўнага героя – мы пакінулі за кадрам нашага апавядання, таму чытаць абавязкова!
Наступны твор – “Кветка пажоўклая” Міхася Зарэцкага, распавядае пра тых пралетарыяў якія па парадзе дзядулі Леніна аб’ядналіся і … моцна расчараваліся ў выніку. У апавяданні паказваецца «пабочны эфект» савецкай прапаганды: чалавек той эпохі мог (і павінен быў) паставіць дзяржаўныя каштоўнасці вышэй асабістых, сямейных і агульначалавечых і тым самым рызыкаваў страціць і сям’ю самога сябе. Твор пра канфлікт «чалавечага» і «Кастрычніцкага», а бонусам прыкладаецца вельмі вытанчаная і ненадакучлівая любоўная лінія сюжэту.
У падручніках і ўсякіх дапаможніках па гісторыі ўвасабленнем савецкага грамадства быў эпахальны ці нават легендарны Стаханаў – працавіты, патрыятычна настроены «чалавек з народа». А вось мы схіляемся да тэорыі, што чалавек, выхаваны Савецкім сацыялізмам, мае аблічча, хутчэй, Самсона Самасуя з аднайменнага твора Андрэя Мрыя. Калі вельмі коратка: твор пра self-made чалавека па-савецку ў іранічнай, кплівай форме. «Бюракратызацыя» мовы, самасуеўшчына як сацыяльны феномен, нездаровая амбітнасць – у тэстах гэта ўсё, вядома, не сустрэнецца, але для разумення – тое, што доктар прапісаў. У вашым выпадку настаўнік.
Калі б мы зрабілі больш шырокі агляд, на топ-20 лепшых твораў аб беларускай гісторыі, то палову рэйтынгу бы, напэўна, заняў майстар гістарычнай прозы Уладзімір Караткевіч. А зараз пагаворым пра нешта менш папулярнае, чым кароль Стах і зямля пад белымі крыламі. У аповесці «Сівая легенда» дзеянне адбываецца ў горадзе Магілёве і яго наваколлі ў пачатку 17-га стагоддзя. Гістарычная падстава – варожасць паміж панствам і мужыцтвам. Сюжэт закручаны на любоўным чатырохкутніку, дзе жаночая рэўнасць, мужчынскае самалюбства, інтрыгі і асобаснае супрацьстаянне згуляюць з героямі фатальную ролю. Спалучэння гістарычнага, чалавечага і любоўнага настолькі ўдала, што дазваляе здужаць твор за адну ноч адзін вечар. Бонус! Усе мы любім паглядзець на сябе з боку, дык вось у гэтай аповесці апавяданне вядзецца ад асобы немца, які вельмі цікава разважае пра беларусаў: «Я нe бaчыў бoльш нeзлacлiвaгa, лaгoднaгa i кaмпaнeйcкaгa нapoдa. I я нe бaчыў гopшыx пaнoў, чым тыя, штo cтaяць нaд iм».
Калі вы думаеце, што Васіль Быкаў пісаў толькі пра жахі вайны, то наступны твор дакладна для вас. “Доўгая дарога дадому” – гэта мемуары Быкава пра перажытае амаль за 70 гадоў ягонага багатага на працягу жыцця. Вядома, тэматыка вайны прысутнічае. Але самае цікавае, на наш погляд, гэта тое, што адбывалася пасля. Пісьменнікі, якіх закранула вайна і якія выбралі гэтую падзею за аснову сваёй творчасці, звычайна не могуць выйсці за межы гэтай тэмы і інтагравацца ў звычайнае, мірнае жыццё. Быкаў жа, наадварот, уласным прыкладам паказвае тое, што малады чалавек, перажыўшы такую трагедыю, як Другая Сусветная, хоць і захавае памяць пра гэта на ўсё жыццё, але здолее рухацца далей, развівацца, тварыць, падарожнічаць. Гэта – выдатны партрэт не толькі самога Быкава, але і ўсёй пасляваеннай эпохі і грамадства, якое зноўку вучылася жыць: “Нашая літаратура быццам бы пакрысе выкараскваецца з таго інтэлектуальнага гулагу, зь якога яшчэ належыць выбрацца нацыі”.