Топ-5 твораў беларускай літаратуры, сапраўды вартых для прачытання 11

Топ-5 твораў беларускай літаратуры, сапраўды вартых для прачытання

Сённяшняя моладзь амаль не цікавіцца беларускай літаратурай, аддаючы перавагу замежнай з рамантычнай ці прыгодніцкай тэматыкай. Я хачу стварыць топ-5 твораў беларускай літаратуры, у якім дакажу, што і яна багатая тэматычна, жанрава, ідэйна. Беларуская літаратура жывая, і кожны можа знайсці ў ёй улюбёныя матывы, вечныя праблемы, яскравыя вобразы. Трэба толькі крыху арыентавацца. З гэтай мэтай я і ствараю свой рэйтынг.

1. “Ладдзя роспачы” У. Караткевіча.

Не падману, калі скажу, што гэты аўтар вядомы на ўвесь свет, яго творы перакладаюцца на шматлікія мовы свету. Гістарычная тэматыка прыярытэтная ў яго творчасці. У “Ладдзі роспачы” па мастацку выразна паказваецца быт і жыццё беларускага сялянства пач. 17 стагоддзя (“У той час Магілеў з Рагачовам нават у Маскву пастаўлялі гатовае адзенне. Краўцоў было — грэблю масці. Так што порты, чугі ды плашчы абыходзіліся танна…Набяруць гарэлкі, паедуць у лугі, дзіка заб’юць, ды на лаўцах пякуць дзічыну, ды песні гарлаюць — от і ўсё іхняе набажэнства Пану Богу за тое, што даў ім жыццё”), з гумарам адыгрываецца вядомы ўсім вобраз Смерці (“Ніхто не ведаў, што яна нават узнагародзіла пана Выліваху: за стойкасць, з якой трымаўся ерасі. Падарыла яму залаты з партрэтам вялікага Цыкмуна, каб заўсёды памятаў розніцу між сабою і ім”), своеасаблівую інтэрпрэтацыю атрымліваюць міфалагічна вядомыя месцы (падземнае царства мёртвых, рака ў ім), ёсць у творы месца і выдатнаму беларускаму фальклору. Адным словам, “Ладдзя роспачы” для аматараў прыгодніцкага, гістарычнага, але ў той жа час гуморнага і наватарскага. Варта прачытаць, каб крыху па-іншаму паглядзець на беларуса, нетыпічнага беларуса, а таксама ацаніць беларускаю апрацоўку сусветна вядомых міфалагем.

Топ-5 твораў беларускай літаратуры, сапраўды вартых для прачытання 12

2. “У тумане” В. Быкава.

І Быкаў сусветна вядомы, толькі дзякуючы ваеннай тэматыцы. Чалавек, які выбірае паміж жыццём і самагубствам другое (“сyмлeннa, як yce, нa poўныx пpaвax з людзьмi жыць ён нe мoг, a нecyмлeннa нe xaцeў”), чалавек, які здольны на сапраўдныя подзвігі (“узяў яго вінтоўку, і, абапёршыся на яе, бы на палку, узгробся на ногі. Немалой сілы спатрэбілася яму, каб з ношаю выбрацца праз гушчар на вальнейшае месца”), абсурднасць і невыносная жорсткаць вайны – у Быкава гэта па-сапраўднаму, без прыкрасаў, з глыбокім псіхалагізмам, з патрэбнымі вынікамі. Кожнаму варта ўбачыць агульную карціну той вайны, каб пераасэнсаваць для сябе некаторыя ісіціны.

Топ-5 твораў беларускай літаратуры, сапраўды вартых для прачытання 13

3. “Брама неўміручасці” К. Крапівы

Крапіва ж вядомы сваім сакавітым гумарам, майстэрскім алегарычным выкрыццём чалавечых заганаў. Аўтар у п’есе па-філасофску разважае над магчымым навукова-тэхнічным прагрэсам у выніку вынаходніцтва неўміручасці, глыбока раскрываючы пры гэтым чалавечыя паводзіны, характары, увогуле, чалавечую сутнасць. Думаеце, магчымыя навуковыя дасягненні, пра якія мараць многія, толькі палепшаць жыццё? Дакладна памыляецеся, чаму – адказы шукайце ў камедыі “Брама неўміручасці”. Разгорнутыя ідэі яскрава дапаўняюцца сакавітым кандратаўскім гумарам: “Таварышок акадэмік, даражэнькі! Я вас вельмі прашу: зрабіце маю кароўку неўміручай!”, “– Сам Бог прынёс вас сюды, Іван Кірылавіч. – Нешта я не заўважыў, каб ён мяне нёс. Сам узбіраўся на трэці паверх”, “– Я гатоў слухаць. Вы ўжо дастаткова мяне падрыхтавалі. – Я прыйшла, каб прапанаваць вам сябе”.

Топ-5 твораў беларускай літаратуры, сапраўды вартых для прачытання 14

4. “Запіскі Самсона Самасуя” А. Макаёнка

Таксама сакавіты гумар, але ўжо ў больш рэальных абставінах. Галоўны герой – персанаж не станоўчы, а твор – гэта яго дзённік. Але хацелі б вы па-добраму пасмяяца з яго паводзін, учынкаў? Хацелі б убачыць сапраўдныя эмоцыі, здаецца, рэальнага чалавека? Нарэшце, убачыць пародыю на сацыяльна-палітычную сістэму пачтаку 20 стагоддзя? Тады Макаёнак – ваш верны спадарожнік на гэтым шляху. У творы прадстаўлена ўся палітра літаратурнага гумару: самаіронія (“я надзвычайна гарды тым, што маю…нос у форме бульбы”), гратэск (“карміў сваёй чырвонай кроўю блох ды іншых шасьцікрылых і шасьціногіх херувімаў і сарахвімаў”), сарказм (“выварачвалі ўсе свае вантробы ад наплыву трагічных пачуцьцяў”), карыкатура, травестацыя і інш. Даспадобы “Запіскі Самсона Самасуя” прыйдзецца і аматарам жывой гутарковай беларускай мовы (“вучоная раськірэка”, “развучыўся вазёкацца”, “чыпірадлай”, “гамазын”, “гарманізьме” і інш.).

Топ-5 твораў беларускай літаратуры, сапраўды вартых для прачытання 15

5. “Ой, ляцелі гусі” М. Зарэцкага

А адметная рыса гэтага пісьменніка – псіхалагізм, псіхалагізм звычайнага чалавека. Маральнае паміранне і маральнае ажыванне (“халодная злосць мяшалася з палкай радасцю, там балючы дакор пераплятаўся з глыбокай, шчырай удзячнасцю”, “яго збялелы твар раптам наліўся крывёй, вочы загарэліся дзікім вар’яцкім агнём, — ён увесь напружыўся і гатоў быў кінуцца з кіпцямі на Барковіча. Ён не мог гаварыць, у яго выходзіў толькі здушаны шэпт”) – менавіта гэту праблему разглядае аўтар, менавіта гэтыя з’явы ён супрацьпастаўляе, параўноўвае, менавіта праз прагляд прызмы чалавечага характару Зарэцкі спрабуе зразумець, чаму так ці інакш можа павесці сябе чалавек у крытычным становішчы.

Добавить комментарий