Студэнтаў БДУІР засялілі ў новы інтэрнат без Інтэрнэту і працуючых ліфтоў 14

Студэнтаў БДУІР засялілі ў новы інтэрнат без Інтэрнэту і працуючых ліфтоў

660 студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі аўральна засялілі ў яшчэ не да канца дароблены інтэрнат у студэнцкай вёсцы ў Менску. Выбару студэнтам не пакінулі: тых, хто жыў у іншым інтэрнаце ўніверсітэту на вуліцы Якуба Коласа, абавязалі выехаць да 1 снежня: будынак зачыніўся на рамонт перад чэмпіянатам свету па хакеі.

Новы інтэрнат на 909 чалавек у студэнцкай вёсцы ў Менску з помпай адчынілі яшчэ 7 лістападу. Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік назваў тады будынак «сапраўдным палацам» і «ўнікальным комплексам». І параіў «ставіцца да ўсяго так, каб тут змаглі жыць потым і дзеці» цяперашніх жыхароў.

Аднак у інтэрнат студэнтаў не засялілі. Не адбылося гэта і пасля 17 лістапада, як абяцаў кіраўнік студэнцкага гарадка БДУІР Анатоль Луцкі. Усё ніяк не атрымлівалася заключыць дамовы з прадпрыемствамі «Энергазбыт» і «Мінсккамунцепласеткі» на абслугоўванне будынку.

«Дату засялення неаднойчы пераносілі, — распавяла Generation.by адна з новаспечаных жыхарак інтэрнату Надзея. — Спачатку казалі, што з 24-а лістапада, пасля — з 26 ці 27, далей — на 30. Ад нас не хавалі інфармацыю, чаму засяленне пераносіцца: доўга цягнулі з заключэннем дагавораў па святлу і гарачай вадзе. 29 ці 30 тут з’явілася святло. І нас адразу засялілі».

Студэнтаў БДУІР засялілі ў новы інтэрнат без Інтэрнэту і працуючых ліфтоў 15

Зрэшты, ні ў студэнтаў, ні ў кіраўніцтва ВНУ выбару не было: ужо на наступны дзень 1-а снежня студэнты павінныя былі з’ехаць з інтэрнату БДУІР на вуліцы Якуба Коласа, 28. Яго будуць адбудоўваць да чэмпіянату свету па хакеі. Мяркуецца, што той інтэрнат, як і толькі што адкрыты, ператвораць у хостэлы для пражывання замежных турыстаў. З гэтай мэтай выселіць з пакояў увесну 2014 году плануецца 10 тысячаў студэнтаў.

Многія іншыя студэнты, большасць з якіх, як сцвярджае кіраўніцтва, «добра вучацца, займаюцца навуковай дзейнасцю і актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці ВНУ», 1 снежня мусілі з’язджаць са здымных кватэр. Тым часам у студэнтаў узніклі пытанні аб ступені завершанасці будаўніцтва:

«Шчыра кажучы, я не ведаю, калі скончылі будоўлю. Яна яшчэ і не скончылася, — усміхаецца Надзея. — Усё нешта падмываюць, падбіваюць, падкручваюць».

Іншы сюрпрыз чакаў унутры інтэрнату: ніводны з яго шасці прыгожых магілёўскіх ліфтоў не працаваў! У выніку першакурснікі, якіх таксама нямала сярод шасці соцень новаспечаных жыхароў будынку, цягалі свае рэчы на 12–14 паверх пехам.

Студэнтаў БДУІР засялілі ў новы інтэрнат без Інтэрнэту і працуючых ліфтоў 16

«Падымацца ўверх цяжкавата, асабліва тым, хто вышэй за 10 паверх жыве, — кажа Надзея. — Але я чагосьці падобнага чакала пры засяленні».

«Калі адчынялі інтэрнат БДПУ (сусед па студвёсцы), там таксама спачатку не працавалі ліфты, не было штор у пакоях і ў душы больш за некалькі месяцаў. Тым больш, калі ліфты ўключаць, то яны будуць працаваць круглыя суткі. А ў нашым першым інтэрнаце ліфты працуюць з 7:00 — 22:55, пры тым, што інтэрнат у 24:00 зачыняецца».

Яшчэ аднаго жыхара новага інтэрнату турбуюць пытанні, больш набліжаныя да спецыфікі будучай прафесіі і навучальнага працэсу:
«Так, ліфты і зараз не працуюць, але што да мяне, дык адсутнасць Інтэрнэту і лакальнай сеткі хвалюе болей».

Студэнтаў БДУІР засялілі ў новы інтэрнат без Інтэрнэту і працуючых ліфтоў 17

Кіраўнік студэнцкага гарадка БДУІР Анатоль Луцкі абяцаў, што ліфты запрацуюць цягам гэтага тыдня, а Інтэрнэт з’явіцца да канца месяца. Аднак кіраўніцтву ВНУ няма аб чым турбавацца: студэнты рады таму, што ёсць, няхай і каштуе гэта 120 тысяч у месяц. І, як самі кажуць, «згодныя цярпець недахопы».

«Праз месяц-другі, калі ўсё адмыецца, адчыніцца і запрацуе, гэта будзе самае шыкоўнае месца для жыцця», — з аптымізмам глядзіць у будучыню Надзея.

«Усе ведалі, што першым жыць будзе нялёгка, таму ў кожнага пыталі, у якім інтэрнаце ён жадае жыць, — дадае Зміцер. — Абраў новы і ні воднага разу не пашкадаваў»

Добавить комментарий