“Шэкспіраўская ноч” на новы лад
Спектакль “Сон у Купальскую ноч” з’явіўся на падмостках нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адносна нядаўна: летам 2018 года, і ўжо за такі невялікі прамежак часу паспеў нарабіць нямала шуму сярод выпрабаванай публікі. Рэжысёрам гэтай пастаноўкі выступіў кіраўнік Навасібірскага драматычнага тэатра — Андрэй Прыкаценка, які прыехаў у Мінск па запрашэнні мастацкага кіраўніка Нікалая Пінігіна.
Асновай гэтага спектакля стала п’еса Уільяма Шэкспіра “Сон у летнюю ноч”, і, як бачна, стваральнікі гэтага перформанса вырашылі крышачку пагуляцца з назвай, перарабіўшы яе на свой лад, такім чынам пакінуўшы відавочную для ўсіх адсылку.
Яшчэ да пачатку п’есы, вялікую ўвагу прыцягвае сцэнічная пляцоўка, бо для гэтай пастаноўкі яна абсталявана вельмі незвычайным чынам. Па-першае, пасярод сцэны знаходзіцца вялікі празрысты куб, у якім і адбываецца большая частка ўсіх дзеянняў. Па-другое, месцы для гледачоў размешчаны не па звыклай для ўсіх тэатраў схеме: глядацкая зала і балкон. Але таксама месцы ёсць і на сцэне, вакол самога куба. На мой погляд, такая задумка з’яўляецца вельмі добрай спробай яшчэ больш уцягнуць тэатралаў у гушчу падзей.
Увогуле, трэба адзначыць, што акцэнт у гэтым спектаклі зроблены больш на візуальную частку, чым на сцэнарную, бо ў пастаноўцы развіваецца толькі адна асноўная сюжэтная лінія з закаханымі афінянамі (усяго ж іх тры). Пераклад Шэкспіраўскай п’есы зрабіў Алесь Разанаў, і гучыць ён, на мой погляд, даволі прыемна і меладычна. Яшчэ адным сюрпрызам для гледачоў стане рэп на роднай мове, але тут справа густу. Спадабаецца не ўсім.
Што непасрэдна да самаго спектакля, то ў асноўным ён завязаны на рознага кшталту тэхнічных момантах. Эльфы катаюцца на гіраскутарах. На кубе амаль увесь час нешта праецыюецца: тэкст паэмы, словы песен, розныя фотаздымкі, відэа з тэлефона, які не выпускае з рук лясны дух Робін, і яшчэ шмат іншых візуальных эфектаў. Акцёры раз-пораз з’яўляюцца з-пад сцэны, такім чынам дыманструючы яе механічныя магчымасці. Ды і ў цэлым уся пастаноўка крычыць: “Паглядзіце на нас! Во, як мы можам!”. Часам гэта насамрэч крыху стамляе і не хапае невялікага перапынку. Спектакль ідзе дзве гадзіны без антракту, але па адчуванні здаецца, што больш. Аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя недахопы, з пункту гледжання візуальнай часткі, ўсё зроблена даволі цікава і прыгожа.
Акцёрская гульня нядрэнная, хаця ў некаторых момантах падавалася больш эмацыйнай, чым трэба, але без нюансаў не абыходзіцца. Больш за ўсё мне спадабаўся герой, якога сыграў Павел Харланчук (Робін, як я ўжо адзначала раней). Мне ён падаўся вельмі харызматычным, вясёлым, даволі своеасаблівым, ну і галоўнае — лёсавырашальным, бо менавіта з-за яго памылковых дзеянняў пачынаецца ўся заваруха паміж героямі.
Знешні від акцёраў даволі лаканічны і, я бы нават сказала стылёвы (модныя зараз “марцінсы” яскравае таму пацверджанне). Героі п’есы апрануты ў касцюмы светлых колераў, што быццам бы пераносіць нас у нейкае звышінтэлектуальнае грамадства са старонак якой-небудзь фантастычнай (постакаліптычнай) антыўтопіі.
Карацей, усё ў гэтым спектакле нагадвае нам, у якую эпоху мы жывем, ў якім накірунку развіваецца наша грамадства і куды мы ў рэшце рэшт рухаемся. А дрэнны гэты шлях ці не, вырашаць (і змяняць, калі трэба) толькі нам.