Шануйце бацькоў сваіх!
Шануй бацьку і матулю сваіх, каб табе добра было і каб ты доўга жыў на зямлі. Гэта пятая запаведзь Закона Божага. І сапраўды, любоў і павага да маці, да бацькі – пачуццё святое, бо яны далі галоўнае – жыццё. А мы павінны з ўдзячнасцю клапаціцца пра іх, шанаваць іх.
Амаль усе бацькі жадаюць сваім дзецям лепшага жыцця, але за гэтымі жаданнямі важна не прапусціць галоўнае: кім стануць іх дзеці, на колькі яны будуць выхаваныя, ці будзе напоўнена іх сэрца любоўю і павагай да бацькоў, да Радзімы? На мой погляд, гэта актуальныя пытанні, якія сапраўды высвечваюць тыя праблемы, што існуюць у многіх сем’ях у нашым грамадстве. Вельмі часта свае абыякавыя адносіны да бацькоў мы апраўдваем недахопам часу, сваёй занятасцю, нейкімі праблемамі і справамі. А пра абавязкі перад бацькамі забываем, недаацэньваем іх.
Нядаўна мне ў рукі трапіла знаёмая кніжка з творамі Змітрака Бядулі. Мой зрок спыніўся на апавяданні «На каляды к сыну», і я адразу ўспомніў вобраз Тэклі, які не пакінуў мяне абыякавым. Яна сапраўдная маці і выклікае павагу ў душы, бо яна вельмі любіць свайго сыночка і заўсёды з радасцю і гонарам успамінае пра яго. Словы аўтара «сын сядзіць у яе грудзях, як верабей у цёплым гняздзе» вельмі кранаюць маю душу. Матчына сэрца адкрыла ўсе таямніцы свайго кахання і спадзяецца на хуткую сустрэчу. Але яшчэ болей мне яе шкада, бо Тэкля адна, ей сумна, яна нікому не патрэбна і на старасць не мае дапамогі ад сына, але да апошняй хвіліны не губляе надзеі, верыць, што ён абавязкова прыедзе. «Старыя вочы прыкрыў смутак», «успаміны старадаўнія, як цені лезлі ў душу», «глядзела на адвечныя хмаркі», «зрабілася Тэкля сухой, нізенькай, згорбленай бабулькай, зморшчанай, як той грыб» — гэтыя словы падцверджваюць, што час нельга спыніць, і што многае ў жыцці не вярнуць, таму трэба жыць сённяшнім днём, быць тут і цяпер.
А ці могуць дзеці разумець сваіх бацькоў, калі яны не жывуць разам, не наведваюць іх, не дапамагаюць ім і нават не цікавяцца імі? Мне вельмі балюча ўсведамляць тое, што бедная старая, нямоглая, адзінокая жанчына жыла і цешыла сябе доўгі час надзеяй, што хутка сустрэнецца з Лаўручком і зажыве шчасліва абы толькі захацелася. Але матчына жаданне не спраўдзілася. Нават пры сустрэчы з ёй пазней ён цураўся яе і адварочваўся ад самага роднага чалавека. Як у народзе кажуць: «Калі з матчынай гаворкі пасмяешся, то на старасці ад маці адрачэшся». Так яно і атрымалася, і ў адзін момант рухнулі ўсе надзеі і спадзяванні. Тэклі не верылася, што яе сын мог так паступіць.
Ад такога чалавека нельга чакаць раскаяння, няма ў яго сумлення і чалавечнасці. Ці можа такі чалавек жыць спакойна і шчасліва на зямлі? Самая балючая рана – ад свайго дзіцяці. А так хочацца, каб ўсе было па-іншаму, каб на твары Тэклі з’явілася радасная ўсмешка, а балючая душэўная рана загаіласа.
Няма больш дарагога, светлага чалавека, чым маці. Яна заўсёды параіць, дапаможа ў любых абставінах. Нічыё сэрца не баліць так за сваё дзіця, як матуліна. І вядома, ніхто не ўмее так любіць, як маці.
Беражыце сваіх бацькоў, любіце, паважайце і не адракайцеся ад іх. Будзьце сумленнымі, удзячнымі і клапатлівымі людзьмі. Не парушайце пятай запаведзі Закона Божага. І тады ваша жыццё і жыццё бацькоў будзе доўгім і шчаслівым.