Рэцэнзія на спектакль “Цар Эдып” у пастаноўцы РТБД 11

Рэцэнзія на спектакль “Цар Эдып” у пастаноўцы РТБД

Зараз праз каронавірус зачынена шмат публічных месцаў, у тым ліку і тэатры. Але што рабіць тым, хто не можа без гэтага мастацтва? Некаторыя спектаклі зараз перанесены, аднак з’явілася практыка прагляду спектаклей у рэжыме афлайн, што стала даволі прыемным выйсцем з сітуацыі, якая склалася напрацяг апошніх месяцаў. А пакуль прапануем прачытаць рэцэнзію на выдатны спектакль “Цар Эдып” у пастаноўцы РТБД.

Хто такі чалавек? Чаму мы жывём так, а не інакш? Такі чалавечы лёс. Многія вераць у яго і жывуць з думкай, што ўсё ў жыцці прадвырашана і прадвызначана. Яскравую гісторыю такога лёсу паказваюць сваім гледачам у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Усім вядомы яшчэ з заняткаў у школе сафоклаўскі цар Эдып паўстаў на сцэне  XXI стагоддзя ў сучаснай інтэрпрэтацыі.

Трагедыя — яна на тое і трагедыя, каб мець сумны канец. Аднак каб перадаць гэтую атмасферу, у спектаклі выкарыстоўваюцца шматлікія дэталі. Напрыклад, асвятленне. З самага пачатку і да канца яно дастаткова змрочнае, што адразу задае настрой усяго спектакля. Уражвае таксама і музычная аранжыроўка, якая стваралася вельмі гучнай музыкай, а свае эмоцыі акцёры перадавалі праз крыкі.

Абавязковай асаблівасцю трагедыі з’яўляецца актыўная роль хора. У спектаклі ён набывае сучаснае гучанне. Таксама цікавай прыкметай, якая паказвае на надзённасць спектакля, з’яўляецца тое, што хор абсалютна жаночы, чаго мы ніколі не сустрэнем у арыгінале.

Наступны момант, які я хацела б адзначыць, вельмі спрэчны. Ён паказвае розніцу паміж літаратурай і драматургіяй. Справа ў гераіні Іакасце. Чытаючы трагедыю, нельга заўважыць гэтага, а на сцэне вельмі адкрыта бачна невялікая супярэчнасць ва ўзросце Эдыпа і Іакасты. Магчыма, такая нечаканая канцоўка спектакля не была для мяне сюрпрызам, бо я знаёма з арыгіналам, але, мне здаецца, усё ж такі, што факт нагляднасці ўзросту герояў змяншае гэты эфект.

Сцэна апусцела, а ў сэрцы застаўся сум і пэўная разгубленасць. Я не веру ў лёс і яго ўплыў на чалавека, але пасля такіх спектакляў міжволі пачынаеш задумвацца, а можа, ты і не праў?..

Добавить комментарий