Пра лекцыю Бьёрна Нурдлінга ў Інстытуце журналістыкі БДУ
У межах праграмы па міжнародным спрацоўніцтве Інстытута журналістыкі БДУ і Медыяінстытута FOJO (Швецыя) 4 снежня з асабістай лекцыяй ў Мінск прыехала зорка спартыўнай шведскай журналістыкі — Бьёрн Нурдлінг, які падзяліўся са студэнтамі не толькі тым, як працуюць СМІ ў іншай краіне, але і распавёў пра ўласнае адчуванне сапраўднага журналіста.
І вось што атрымалася.
…Часам бывае, што вельмі цяжка распачаць нейкую справу: яна вісіць на табе цяжкім камянём, нудзіць, як старая рана, але, калі толькі пачынаешь брацца за яе, нешта быццам звышістотнае перашкаджае, нешта перапыняе цябе і ўсё, баста, кончыліся спробы — тады хоць плач! Ведаеце, як кажуць: «і хочацца, і колецца». Вось амаль штосьці накшталт гэтага, але ці справа ў абставінах?
Канешне, не. Справа толькі ў табе, насамрэч. І нечага тут піняць на акружэнне, нечыя памылкі і перашкоды. Перш за ўсё — зірні на сябе, а ўжо пасля кажы, што не здолеў. Хаця ж, усё роўна трэба вясвятляць прычыну…
Гэта я да таго, што журналіст — менавіта журналіст — заўсёды і ва ўсіх выпадках павінен быць адказным і ўласна не абмежаваным. Павінен як бы быць на крок наперад, бачыць праз зачыненыя дзверы, прадказваць падзеі і тонка адчуваць настрой вакол. Журналіст ніколі не можа сказаць сабе: «Стоп! Я сёння стаміўся і больш працаваць не буду», таму што кожнае яго слова, кожная літара, думка ці наогул матэрыял — гэта, па сутнасці, інфармацыя, мазгавая падпітка для чытача, слухача, гледача. І журналіст, як тая матуля, што з лыжачкі дае дзіцяці паесці, таксама «корміць» аўдыторыю сваімі матэрыяламі, задавальняючы патрэбнасць у інфармаванні і прыроднай прагнасці ведаць усё і пра ўсё.
І я не проста так павяла такую доўгую гаворку пра адказнасць і журналіста-няньку, бо менавіта пра гэта мне падумалася перш за ўсё на лекцыі Бьёрна, калі ён распавядаў нам пра сістэму нацыянальнага шведскага тэлебачання (SVT), прынцып падыходу не толькі да сваёй асабістай працы, але і да дзеянняў тых людзей, з якімі кантактуеш, і галоўнае — пра тое, што сапраўдны журналіст павінен заўсёды трымаць руку «на пульсе», быць такой універсальнай хадзячай энцыклапедыяй, дасведчаным (хаця б базава) ва ўсіх больш-менш рапсаўсюджаных галінах ведаў, але ў той жа час быць і канкурэнтназдольным, умець змагацца за месца пад сонцам у сваёй канкрэтнай спецыялізацыі і сферы. Адным словаць — быць журналістам, не губляць гонару і самасвядомасці!
Мне вельмі падабаліся разважанні Бьёрна наконт таго, як трэба паводзіць сябе, калі бярэш інтэрв’ю з кім-небудзь, як стварыць добрае ўражанне і закласці ў матэрыял крышачку драматызму, каб твой чытач, слухач, глядач «прапусціў» яго праз сябе, адчуў усё тое, што табе хацелася сказаць і данесці да яго. Гэта вельмі важна.
Безумоўна, карысным аказалася і тое, што Нурдлінг шчыра падзяліўся з намі, праўдзіва кажучы, «закуліссем» сваёй працы (асабліва пра забароны і межы, у якія пастаўлены шведскія спартыўныя журналісты — жах!), і вельмі цікава было параўнаць нашае тэлебачанне са шведскім. Мяне яшчэ вельмі ўразіў менавіта ўласны рэпартаж Бьёрна, які быў прадстаўлены на лекцыі, пра іх каманду па плаванню, якая выступала на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра. Глыбока ўразіў той драматызм, пра стварэнне якога і казаў Бьёрн, бо з самага пачатку адчуваеш прысутнасць такога нечага інтымнага, блізкага, быццам ты сам едзеш побач з гэтай дзяўчынкай-медалісткай, размаўляеш з ёю, захапляешся краявідамі горада і трэніруешся. Вось гэта, я лічу, сапраўдная журналісцкая праца! Калі ты бачыш перад сабой не толькі інфармнагоду, не проста чуеш словы, але і адчуваеш за ўсім гэтым асобу, постаць героя і аўтара разам.
Вяртаючыся да самага пачатку, я яшчэ раз хачу падкрэсліць: не важна дзе, не важна ў якіх умовах, у якім стане ты апынешся, заўсёды трэба памятаць, што ты журналіст і ўся адказнасць кладзецца менавіта на твае плечы. Твая справа толькі трымаць іх прамымі, а галаву высока паднятай!
P.S.: Асабісты дзякуй хацелася б сказаць перакладчыцы Бьёрна, Настассі, за такое цудоўнае і прыемнае валоданне роднай мовай! І, канешне, усім арганізатарам за такі неверагодны шанец і атрыманы вопыт! Бьёрн — мілашка. 🙂