Памяці славутага земляка 10

Памяці славутага земляка

У 2022-м годзе споўнілася 150 гадоў са дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, ураджэнца Магілёўскай губерні, які стаў народным мастаком Беларусі і Расіі. Вітольд Каятанавіч прызнаны найбуйнейшым беларускім пейзажыстам: ён вывеў жанр нашага пейзажнага жывапісу на ўзровень еўрапейскай класікі.

З нагоды юбілейнай даты шматлікія мерапрыемствы прайшлі ў  Беларусі і Расіі. Аднымі з першых ушанавалі памяць аб сваім таленавітым земляку вучні Цяхцінскай школы Бялыніцкага раёна. У навучальнай установе прайшла творчая вечарына, на якой хлопчыкі і дзяўчынкі падрабязней даведаліся аб біяграфіі мастака, яго работах, падарожжах і ўзнагародах. Школьнікі ўважліва слухалі выступоўцаў, задавалі пытанні, а напрыканцы мерапрыемства актыўна паўдзельнічалі ў віктарыне “Славуты зямляк Бялыніччыны”. Пасля яны накіраваліся на месца былога фальварка Крынкі, дзе нарадзіўся Бялыніцкі-Біруля, каб ускласці кветкі да мемарыяльнага знака.

— Біяграфія Вітольда Каятанавіча вельмі цікавая і захапляльная, — падзялілася ўражаннямі вучаніца Цяхцінскай школы Яна Вус. – Вечарына прайшла на адным дыханні. Мы вырашылі ўсім класам з’ездзіць у Бялыніцкі мастацкі музей і бліжэй пазнаёміцца з творамі нашага мастака.

— Наш зямляк унікальны сваім талентам, — адзначае старшыня Цяхцінскага сельвыканкама Дзяніс Руцкі. — Ён пранёс праз усё жыццё беларускі каларыт, адчуванне прыроды сваёй роднай Магілёўшчыны, Бялынічаў. Мы павінны вучыць дзяцей шанаваць творчы скарб славутых землякоў. Гэта наша агульная памяць, гэта наша гісторыя, гэта каштоўнасці, якія нас аб’ядноўваюць.

Дарэчы, у Беларусі знаходзяцца 444 палатны Бялыніцкага-Бірулі. Найбольшую калекцыю твораў мастака можна бачыць у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Таксама палотны размешчаны ў Магілёўскім музеі Бялыніцкага-Бірулі, Бялыніцкім і Віцебскім мастацкіх музеях, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава. Шмат твораў захоўваецца ў Маскве, музеях Кастрамы, Ніжняга Ноўгарада, Краснаярска, Варонежа, Томска, Чалябінска, Стаўрапаля, Адэсы, Кіева і Кыргызстана.

 

Добавить комментарий