Нудныя авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата
Чацвертая кніга авантурна-прыгодніцкага цыкла Людмілы Рублеўскай абяцала мне нешта не горш за «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча. У выніку я не атрымала ні авантур, ні прыгод. Вакол падман.
Пачатак кнігі ўсё ж быў шматабяцальным. Адсылка да старажытнагрэчаскіх міфаў і твораў, да якіх у Л. Рублеўскай асаблівая любоў (успомнім «Старасвецкія міфы горада Б»), мора, бітва і таямнічая жаночая постаць на прыстані. І вось менавіта з жанчыны, як пазней пазнае чытач, пані Саламеі пачынаюцца праблемы. Калі быць дакладней, то з яе апісання.
«Не юная, але стройная і вытанчаная, як шахматная фігура», «бялюткая скура без пудры», «вытанчаныя рысы», проста не жанчына – карцінка. І ўсе астатнія героі гэтак жа ідэальны, у іх проста няма ніякіх негатыўных якасцяў, калі яны на баку дабра, вядома.
Галоўны герой, Пранціш Вырвіч, адважны шляхціц. Ён малады, гарачы, у яго чыстае сэрца, якое ўмее кахаць як ні адно іншае, дзеля сяброў ён гатовы на рызыку… і гэтак далей, і да таго падобнае. Сумна. Жудасна сумна чытаць пра героя без недахопаў або хоць бы спрэчных момантаў.
Але можа ў яго сябра і надзейнага саюзніка, доктара Баўтрамея Лёдніка знойдуцца якія-небудзь супярэчлівыя рысы характару. Але няма, на жаль. Выдатны сем’янін, першакласны доктар, віртуозны фехтавальшчык. Нават яго, здавалася б, непрыстойныя ўчынкі апраўдваюцца аўтарам. У іх Лёднік выступае толькі ахвярай абставінаў.
Магчыма, некаторыя з вас абурацца: судзіць серыю кніг па апошняй няправільна, бо героі маглі раскрыцца з другога боку ў папярэдніх. У сваё апраўданне магу сказаць: аўтар відавочна меркавала, што чытач можа натрапіць на чацвёртую кнігу, не чытаючы першых. Таму ўсе значныя для сюжэту і разумення герояў моманты, якія былі ў іншых кнігах, яна раскрывае па ходу сюжэту і я нічога не страціла. Але і не набыла.
Дзіўна, што аўтар цікавых, іранічных і жыццёвых кароткіх апавяданняў можа пісаць такія нудныя раманы.
Цяпер мне хацелася б адысці ад герояў і звярнуць сваю ўвагу на сюжэт. Як я ўжо казала, ніякіх авантур і прыгод там няма. Так, героі трапляюць у розныя пераплеты, але яны не захопліваюць чытача, не прымушаюць чытаць кнігу ўсю ноч, каб даведацца, што ж там далей. Хутчэй героі рухаюцца без мэты па сцежцы, якую ім праклаў аўтар. З цяжкасцямі ім дапамагаюць справіцца другарадныя героі, якіх пазней за непатрэбнасцю проста «выкідаюць» з сюжэту. Часам з дапамогай смерці ад страшнага і невылечнага захворвання. Няма ніякай барацьбы, абсалютна. Свет сам падкідвае Баўтрамею і Пранцішу казырныя карты і ўсё абыходзіцца добра.
Часовыя рамкі, ў якіх знаходзяцца персанажы, (о, нечаканасць!) таксама не гуляюць важнай ролі. Атмасфера 18 стагоддзя неяк найграна, спрэчкі аб канфедэрацыях і каралеўскіх рашэннях Станіслава Панятоўскага больш нагадваюць дыскусіі «канапавых крытыкаў», чым спрэчкі людзей, якія сапраўды перажываюць за будучыню Радзімы.
Нельга выкінуць Іспанію з «Хитроумного идальго Дон Кихота Ламанчского», нельга ўявіць» Дзікае паляванне караля Стаха » без топкіх балот Беларусі, а вось перамясціць герояў Л. Рублеўскай ў любую іншую краіну і эпоху можна. Папросту. І зусім нічога не зменіцца.
Кніга добра падыдзе для таго, каб прабавіць час у цягніку ці аўтобусе. І толькі. Гэтая літаратура выключна для вольнага часу, ніякага эстэтычнага задавальнення чытач адрымаць не зможа.