Мінск – крэатыўны горад? 13

Мінск – крэатыўны горад?

Сталіца Беларусі, горад-герой, дзясяты па колькасці насельніцтва горад у Еўропе, найбуйнейшы эканамічны, палітычны, транспартны, культурны, навуковы цэнтр… Усё цудоўна, але сучасны свет патрабуе большага.

Чарльз Ландры – аўтар, спікер і міжнародны саветнік па будучыні гарадоў, найбольш вядомы за папулярызацыю канцэпцыі крэатыўнага горада. Яго кніга The Creative City: A Toolkit for Urban Innovators стала новым накірункам у развіцці, кіраванні, планаванні  гарадоў. Наколькі Мінск адпавядае распрацаванай ім, а таксама іншым урбаністычным канцэпцыям?

Мінск – крэатыўны горад? 14
Чарльз Ландры (крыніца — newsexperts.in)

Даследчык Ландры адзначае ў першую чаргу важнасць развіцця сацыяльна-эканамічных магчымасцяў, якія закладзены ў пэўным грамадстве. Цяжка дэталёва разабраць гэты накірунак у развіцці Беларусі, але можна адзначыць некаторыя ключавыя моманты. Сукупны аб’ём падатковых паступленняў складае каля паловы ад агульнага аб’ёму па краіне. Мінск – найбуйнейшы прамысловы цэнтр краіны. Тут знаходзяцца зборачныя прадпрыемствы (МТЗ, МАЗ, VOLAT, Амкадар і інш.). У сталіцы таксама размешчаны прадпрыемствы па вытворчасці камплектуючых (рысорны завод, завод шасцерняў), вагонарамонтны, матацыклетна-веласіпедны заводы. Электронная прамысловасць прадстаўлена прадпрыемствамі па вытворчасці тэлевізараў, DVD-прайгравальнікаў і бытавой тэхнікі “Гарызонт”, электроннага забеспячэння “Інтэграл”, халадзільнікаў і бытавой тэхнікі “Атлант”, электратранспарту “Белкамунмаш”. Даволі развітая і харчовая прамысловасць: кандытарскія фабрыкі “Спартак”, “Слодыч”, “Камунарка”, піўныя заводы “Крыніца” і “Аліварыя”, шэраг хлебазаводаў і мясакамбінатаў. Не адстае і лёгкая прамысловасць – “Serge”, “Элема”, “Мілавіца”. Зразумела, у пералічаным нельга знайсці нешта выключнае і ўнікальнае, але ж рэалізацыя планаў нашай краіны супадае з закладзенымі ў аснове магчымасцямі, пра што і казаў Чарльз Ландры.

Мінск – крэатыўны горад? 15
Кандытарская фабрыка «Камунарка» (крыніца — bestbelarus.by)

Як не дзіўна, пашана да гісторыка-культурнай спадчыны – яшчэ адзін абавязковы, па меркаванні саветніка па будучыні гарадоў, крытэрый сучаснага крэатыўнага горада. Як з гэтым у Мінску? Каля былога Мінскага замчышча сфарміравана ахоўная зона гісторыка-культурнай спадчыны, захаваны 23 архітэктурныя помнікі, сярод якіх можна назваць Мінскі Свята-Духаўскі кафедральны сабор, Мінскі касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Мінскі касцёл Сімяона і Алены (Чырвоны касцёл), Мінскі Пішчалаўскі замак. Нельга не адзначыць створаныя помнікі, такія як манумент Перамогі на плошчы Перамогі, архітэктурна-скульптурны комплекс “Мінск – горад-герой”, мемарыяльная капліца-помнік “Сынам айчыны, якія загінулі за яе межамі” на востраве мужнасці і смутку на р. Свіслач, помнікі Ф. Скарыну, Е. Полацкай, К. Тураўскаму, М. Гусоўскаму на тэрыторыі ўніверсітэцкага гарадка БДУ. У Мінску дзейнічае 18 музеяў: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, Літаратурны музей Янкі Купалы і іншыя.

Пра вечнае клапаціцца важна, але і пра сучаснае трэба не забываць. Малдаўскі дызайнер Міхаіл Стамаці сцвярджае: “Красивым город становится не тогда, когда каждый строит то, что пожелает перед своим подъездом, а когда все, что создается, происходит с помощью учреждений, имеющих свою школу и эстетический вкус”. Архітэктары і проста ініцыятыўныя людзі Мінска заўсёды ў пошуках новых арыгінальных рашэнняў па паляпшэнні сталіцы, сярод іх – выкананыя ў адным пэўным стылі графіці на Каменнай Горцы і  вуліцы Кастрычніцкай, там жа ўвогуле створана свая асаблівая атмасфера з будынкамі рэтра-мадэрн. Не спыняюцца працы па аднаўленні Траецкага прадмесця, Лошыцкага сядзіба-паркавага комплексу, рэканструкцыя зон адпачынку на водасховішчы “Цнянскае”.

Мінск – крэатыўны горад? 16
Лошыцкі сядзіба-паркавы комплекс (крыніца — photoclub.by)

Фестывалі – важная частка жыцця сучаснага крэатыўнага горада. У Мінску штогод ладзяцца музычныя (The Vёska, “Рок за Бобров”, Lidbeer), адукацыйныя (“Шлях Цмока”), гульнёвыя (“WarGaming Fest”), па захапленнях (“Эпоха рыцарства”, “ФотоКрок”, “Пастернак”) і іншыя фестывалі. Папулярызацыя “лёгкага” транспарта – сёння гэта сапраўдны трэнд урбаністыкі, які карысны як для экалогіі горада, так і для актыўнасці грамадзян. Мінск ужо другі год прапануе сваім жыхарам электрасамакаты і ровары напракат ад Колоbike и Eleven.

Сталіца павінна мець адметны імідж, ключавой дэталлю якой можа стаць сімволіка горада. У Мінску яна прадстаўлена арыгінальным выкананнем мадэляў “I love city”, кветкавымі і сцягавымі маштабнымі кампазіцыямі. Але найбольш вядомым у свеце сімвалам у Мінску будзе, напэўна, Нацыянальная бібліятэка, пабудаваная ў форме дыямента. Таксама крэатыўны горад павінен мець свой архаічны цэнтр – з гістарычнымі будынкамі, кафэ, патрэбнай інфраструктурай. Такіх частак ёсць некалькі ў нашай сталіцы, аднак, канешне, галоўнай з’яўляецца Траецкае прадмесце.

Мінск – крэатыўны горад? 17
Траецкае прадмесце (крыніца — photocentra.ru, аўтар Аляксандр Кажушка)

Напэўна, Мінску не хапае даволі папулярных зараз крэатыўных хабаў – агульных працоўных прастораў, якія могуць аб’ядноўваць супольнасць незалежных прафесіяналаў. Тут яны могуць знаходзіць будучых супрацоўнікаў, якія дапамогуць у рэалізацыі тых ці іншых ідэй і праектаў. Увогуле, хабы карысныя і для ўрбаністыкі. Найбольш паспяховымі прыкладамі крэатыўных хабаў можна назваць Creative Poligon Centre у Любляне, які мае 60 гнуткіх месцаў для працы, сем офісаў, канферэнц-залаў, фотаатэлье, бар, краму, кнігарню і актавую залу, і iHUB у Кішынёве, адкрытым у памяшканні Тэхнічнага ўніверсітэта Малдовы.

Добавить комментарий