Дзень роднай мовы: Ці варта размаўляць па-беларуску раз на год? 13

Дзень роднай мовы: Ці варта размаўляць па-беларуску раз на год?

Штогод вакол Міжнароднага дня роднай мовы разгараюцца інтэрнэт-дыскусіі: хтосьці шчыра цэлы дзень размаўляе па-беларуску, а іншыя зласліва пакепліваюць з гэтага адзінага дня беларускамоўнасці, абвінавачваючы сваіх апанентаў у няшчырасці і залежнасці ад календара, што не замінае ім самім святкаваць Новы год і дарыць каханым плюшавых зайчыкаў на дзень Св.Валянціна.

Мне здаецца, няма сэнсу звяртацца да тых, для каго гэты дзень не з’яўляецца нечым надзвычайным у моўным і культурным плане, да тых, хто і ў іншыя дні можа пры неабходнасці ці пры жаданні паразмаўляць па-беларуску, прачытаць кнігі на беларускай мове ці паслухаць беларускамоўныя гурты. У жыцці гэтых людзей пануе аб’ектыўнае для сённяшняй Беларусі дзвюхмоўе.

Нашмат цікавей звярнуцца да тых, хто на Дзень роднай мовы выразна рэагуе – станоўча ці адмоўна. Некалькі гадоў таму папулярны мікраблогер, чыёй дакладнай цытаты Google ужо не памятае, напісаў, што ён паржаў з тых, хто адзін дзень размаўляў па-беларуску. І атрымаў ладную колькасць рэтвітаў.

Адразу скажу, што я за тое, каб усё ж натхніцца ў гэты дзень на некалькі гадзін беларускамоўнасці, і супраць таго, каб гвалтоўна і агрэсіўна прымушаць усіх да беларускамоўнасці сталай. Я сама размаўляю па-беларуску і менавіта таму дакладна ведаю, што вытрымаць такі цяжар – паслядоўную беларускамоўнасць у 2014 годзе – можа не так шмат людзей. Навошта змушаць людзей да таго, што яны сёння аб’ектыўна не здольны зрабіць? Натуральна, такія радыкальныя патрабаванні выклікаюць раздражненне.

Мне, вядома, хацелася б пафасна сцвярджаць, што мы беларусы і мусім размаўляць па-беларуску, але я рэалістка. Мы беларусы, і не трэба нас прымушаць. Немагчыма заклікаць усіх сесці на шпагат ці скокнуць з парашутам. Хтосьці можа, а хтосьці ніяк і ні пры якіх умовах, незалежна ад нацыянальнасці. Але “лёгкую расцяжку” і “пагуляць па аэрадроме сярод парашутыстаў” – чаму не?

Дзень роднай мовы: Ці варта размаўляць па-беларуску раз на год? 14
Дарэчы, чамусьці лічыцца нармальным адзін раз скокнуць з парашутам – і ганарыцца гэтым усё жыццё. Бо чалавек асмеліўся выпрабаваць характар і рызыкнуць здароўем. А паразмаўляць па-беларуску? “Ой, что вы… Я буду делать много ошибок, лучше я по-русски”. Неяк незаўважна надышоў той момант, калі выпасці з самалёта не так страшна, як выпадкова сказаць слова на трасянцы.

Прымальна перад адпачынкам сесці на дыету, каб лепей выглядаць у купальніку, і дзіўна пару тыдняў размаўляць па-беларуску, хоць мова, выбачайце за цытату са школьнай праграмы, — адзежа душы. Нармальна мець на працоўным кампутары Windows, а на прыватным – Linux. А вось адзін дзень размаўляць па-беларуску…

Вы можаце сказаць: “Навошта? Што зменіць адзін такі дзень?” Можна згадаць шаблонныя тэзісы пра тое, што іншая мова прапаноўвае іншы погляд на рэчаіснасць: гэтыя класічныя “любоў і каханне”, “масла і алей”, фемінісцкае шчасце роўнасці ў “жаніцца з…” супраць патрыярхальнага “жениться на…”.

Можна ставіцца да аднаго дня беларускамоўнасці і як да забаўкі. Але я ў гэтым дні бачу ў першую чаргу своеасаблівы вірус лаяльнасці. Чалавек, які адзін дзень размаўляў па-беларуску, не скажа пры сустрэчы з беларускамоўным: “Говорите по-русски!”.

 

Фота Юліі Ішмуратавай і АУ.

Добавить комментарий