Чароўныя гукі дуды на Славянскім базары ў Віцебску
Апошнім часам вулічныя канцэрты не з’яўляюцца рэдкасцю для Віцебска, асабліва пад час славняскага базару. Звычайна музыкі збіраюцца каля ратушы і дэманструюць мінакам свае таленты.
17 ліпеня аматараў вулічных канцэртаў чакаў прыемны сюрпрыз. Замест індзейскіх, іспанскіх, лацінаамерыканскіх музычных рытмаў можна было пачуць традыцыйную беларускую дуду. Цікаўныя ўтварылі натоўп, каб паглядзець на незвычайнае відовішча. Пасярэдзіне кола стаяў сапраўдны дудар, побач з ім – дзяўчына з бубнам, а вакол — хлопцы і дзяўчаты весела танцавалі традыцыйныя беларускія танцы.
Такую народную вечарыну зладзіла філія студэнцкага этнагарафічнага таварыства (СЭТ) “Поўнач”. Самы галоўны госць імпрэзы – дудар Васіль Шкіндзер з Лепеля. Васіль адзначыў: “Для мяне вельмі прыемна кожны раз завітваць у госці да маладых аматараў беларускай культуры, асабліва зараз, калі ў Віцебску пануе святочная атмасфера.”
Моладзь танцавала такія народныя танцы, як “Лявоніха”, “Кракавяк”, “Падыспань”, “Верабей” і інш. Прыемна было тое, што мінакі ахвотна далучаліся да імпрэзы. Увесь час падыходзілі ўсё новыя людзі, каб “патанчыць па-беларуску”. На імпрэзе можна было пагуляць і ў традыцыйныя гульні — “Цяцерку” і “Явар”.
Разышлася моладзь амаль апоўначы. А па Старым горадзе яшчэ доўга чулася рэха традыцыйных спеваў. Гэта спявала моладзь, якая яшчэ знаходзілася пад уплывам чыроўных гукаў дуды.
Узнаю все больше и больше. Никогда не слышала. Очень интересно. Огромный плюс белорусскому. Оказывается на Славянском базаре стоит побывать хотя бы ради этого!