10 фактаў пра Францыска Скарыну, якія вы не ведалі
6 жніўня беларусы адзначаюць пяцісотгоддзе кнігадрукавання. У гэты дзень Францыск Скарына выдаў «Псалтыр». Здаецца, што мы ведаем пра гэтага дзеяча ўсё магчымае і нават болей. Але, на жаль, шмат інфармацыі пра яго засталося па-за нашай свядомасцю. Таму я хачу паведаміць цікавыя факты з біяграфіі гэтай асобы, якія, магчыма, будуць для вас новымі.
- Вы, канечне, бачылі самы знакаміты партрэт Скрарыны. Што за дзіўны галаўны ўбор на ім? Гэта берэт, які выдаецца дактарам навук.
- Не падаецца дзіўным, што Скарына быў асабіста знаёмы з вядомымі дзеячамі сваёй эпохі: прускім герцагам Альбрэхам, перакладчыкам Бібліі на нямецкую Марцінам Лютэрам, Ланарда да Вінчы. Наўрад ці вы чулі, што на адной з фрэсак да Вінчы намаляваў чалавека, вельмі падобнага да усходнеславянскага першадрукара побач з уласным партрэтам.
- Хто першым выдвінуў тэорыю пра геліяцэнстрычную сістэму? «Мікалай Капернік,» — адкажаце вы. Некаторыя даследчыкі лічаць, што гэта быў Скарына. Ён скончыў Кракаўскі універсітэт на некалькі гадоў раней за Каперніка, таму, хутчэй за ўсё, іх вучылі адны выкладчыкі. А аснове ведаў, атрыманых ад адных і тых жа людзей, можна зрабіць аднолькавыя вывады.
- Усе бачылі герб Францыска Скарыны сонейка маладзіковае. Ён разам з партрэтам дзеяча надрукаваны ў Бібліі. Як і ва ўсіх гербоў ў той час, у яго была перадгісторыя. Дакладна высветліць яе зараз немагчыма. Мы ведаем: першы гуманіст нарадзіўся ў дзень сонечнага зацмення. Гэта прыродная з’ява, хутчэй за ўсё, дала ідэю для скарынаўскага герба.
- Магчыма, вы чулі, што ў Скарыны было другое імя — Георгій. Навукоўцы лічылі, што дзеяч узяў яго як праваслаўнае. Сучасныя даследчыкі ўпэўнены, што такое меркаванне — вынік памылкі перакладчыка. У лацінскай мове слова паважаны гучыць як «georgous». Падобна да Георгія, ці не так?
- Скарына павінен быў быць шчаслівы ад таго, што яго праца прыносіць карысць. На жаль, шчаслівым выдатнага дзеяча назваць нельга. Яго лёс быў трагічным. Памерлі бацькі, брат Іван, у пажары загінула жонка Маргарыта, у пажары — сын Францішак.
- Вы мяркуеце, што Скарына працаваў садоўнікам у чэшскага караля Фердынанда І Габсбурга? Больш верагодна, што ён быў медыкам пры двары. У дакументах садоўнікам называюць не яго, а цёзку Францыска, італьянскага майстра. На жаль, ніводнай з версій ужо нельга знайсці пацверджанні.
- Здаецца, раз наш зямляк надрукаваў Біблію, хрысціянскую кнігу, яго павінна была шанаваць царква. На самай справе ні праваслаўная, ні каталіцкая канфесіі не прымалі выданні Францыска, бо той парушыў прынцып літаральнага перакладу, пераказваў, скарачаў тэкст Бібліі, уводзіў аратарскія прыёмы, фальклорныя вобразы. Скарыну пасадзілі ў астрог быццам бы за даўгі памерлага брата Івана. Насамрэч прычынай было непрыязнае стаўленне ўлад і рэлігійных дзеячаў да чалавека з новымі гуманістычнымі поглядамі.
- Вы, безумоўна, ведаеце, што кнігі Скарыны былі спалены па загадзе маскоўскага князя. Той лічыў недапушчальным мець на сваіх землях творы, выдадзеныя падданым рымскай, а не візантыйскай царквы. Уладар не здагадваўся: Скарына раней быў праваслаўным. Ён змяніў веравызнанне, каб было лягчэй атрымаць адукацыю.
- Для вас Скарына толькі перакладчык і першадрукар? Ён быў наватарам ў кнігавыдавецкай справе: увёў тытульны ліст і аркушавую нумарацыю старонак замест сшыткавай. Шрыфтам, які распрацаваў Скарына, карысталіся яшчэ стагоддзе. Дзеяч таксама быў публіцыстам, (напісаў 50 прадмоў і 62 пасляслоўі), паэтам (стварыў першы сілабічны верш) і нават мастаком. Ён зрабіў ілюстрацыі да асобных эпізодаў Бібліі, намаляваў аўтапартрэт, упрыгожыў тэкст застаўкамі, канцоўкамі.
Спадзяюся, у мяне атрымалася праліць святло на невялікую частку жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны. Праз 500 гадоў даследчыкі працягваюць знаходзіць невядомыя факты. Я ўпэўнена, што яшчэ праз 10 гадоў мы будзем ведаць яшчэ больш пра нашага выбітнага дзеяча.