Усе мы госці… 10

Усе мы госці…

Давайце знаёміцца: я падарожнік, я госць на гэтай зямлі. Ведаю, што і вы падарожнікі, і вы госці таксама. Толькі кожнаму адведзены свой час для гэтага падарожжа: ён абмежаваны, ён не можа быць бясконцым. Можа, вы не згодныя? Хтосьці хоча паспрачацца са мною? Бачу – задумаліся… Не сумуйце, падарожнічайце смела, з радасцю, бо жыццё наша – гэта такі цуд!

Зазірніце ў акно, бачыце, які прыгожыя восеньскія дрэвы, а дагэтуль вы іх і не заўважалі. Неадкладна ідзіце ў парк, пахадзіце па дыване з залаціста-жоўтага лісця. Як прыемна яно шапаціць пад нагамі! Прыслухайцеся да яго шэпту – вы пачуеце не адну цікавую гісторыю.

Я ж больш люблю зіму – марозную, снежную. Такая жарыць марозамі, сыпле снегам, адным словам, сапраўдная! Менавіта пра такую расказвалі мне бабуля з дзядулем. Зімою я абавязкова бываю ў лесе. Якая там прыгажосць! Хачу даць вам, паважаныя падарожнікі, некаторыя парады: хадзіць у зімовым лесе трэба няспешна, не забудзьце павітацца з першай ялінкай, якую сустрэнеце на ўскрайку лесу – сумна ёй адной. Толькі вітайцеся ледзь чутна, бо яна дрэмле пад пушыстай коўдрай снегу. Падыдзіце да бярозкі, яна так любіць пяшчоту, падаруйце ёй сваю ўсмешку – вясною яна шчодра адорыць вас смачным салодкім бярозавікам. Не праходзьце міма дуба-волата, ён дасць вам сілы і моцы, а рабінка-прыгажуня, лясная карміцелька, пачастуе гаркавата-салодкімі ягадамі.

Абавязкова знайдзіце палянку, шырокую, вялікую, на якой многа снегу і які так прыгожа паблісквае на сонцы. Доўга не раздумвайце, палічыце да трох: адзін, два, тры, заплюшчце вочы і… падайце, падайце на гэтую мяккую коўдру. Вочы не расплюшчвайце адразу, на ўсю моц зрабіце некалькі ўдыхаў і выдыхаў. Не думайце, што гэта гімнастыка ёгаў.
Вы адчуеце водар нашага лесу. “Прачынацца” яшчэ доўга не захочацца. Пасля “абуджэння” затрымайце свой погляд на небе і вы ўбачыце, якое яно блакітнае, якое вялікае і прыгожае. Ваш настрой абавязкова палепшыцца, а ў душы паселяцца спакой і радасць.

Памятайце, наша падарожжа не спыняецца ні на адну хвілінку. Вясною не забудзьце звярнуць увагу на тое, як абудзіцца ад зімовага сну лес, у якім вы былі, дрэвы побач з домам; як вярнуцца шпакі, ўпэўнена, іх вясёлы шчэбет будзе чуваць праз адчыненую фортку. А калі пачнецца лета, наведайце поле – звычайнае жытняе поле. Правядзіце рукою па версе поўных залацістых каласоў, паспрабуйце на смак зерне, паслухайце спеў жаўрукоў, а дамоў прывязіце букет сініх валошкаў. І хай дзівяцца суседзі, што з вамі нешта не так… А справа ў тым, што падарожжа ваша, ў параўнанні з іхнім, больш цікавае і насычанае. Яно не толькі з тэлевізарам і камп’ютарам, якое ў многіх, што падарожнічаюць з намі побач.

Добавить комментарий