Старая хата
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына…
Я.Купала
Я іду звыклай дарогай. Ад вёскі яна падымаецца на пагорак, праходзіць праз лясок, а потым зварочвае да бору. Там, сярод ялін і соснаў, акружаная старым зарослым садам, стаіць хата. Я прыходжу сюды, калі на душы сумна і трэба адпачыць ад праблем. П’ю гарбату, разглядаю старыя фотаздымкі, чытаю пажоўклыя ад часу лісты. Мінулае нібы паўстае перада мной, час спыняецца. Ціхім спакоем дыхае старая хата. Колькі пабачыла яна на сваім вяку! Пад гэтым дахам вырасла не адно пакаленне маіх продкаў. Тут нарадзіўся яшчэ мой прадзед.
Гэтае месца – помнік мінуламу. Кожная рэч — карціна на сцяне, кніга, забытая на падваконніку, пепельніца з цыгарэтамі, ваза з завялымі кветкамі – толькі ўспаміны, сведкі мінулага, жыцця людзей, якіх я ніколі не бачыла, бо нарадзілася ў другі час. Але якіх я люблю толькі за тое, што яны былі.
Я адмыкаю дзверы старым ключом, але яны не адразу паддаюцца. Хата сустракае мяне прыемным халадком. Ногі нясуць адразу ў кухню. Яшчэ калісьці, я помятаю, мы с бабуляй майстравалі тут розныя дзіўныя рэчы з пакетаў, пробак і лапікаў. На маленькім століку каля акна стаіць наш выраб — хатнічак Кузя, ветліва ўсміхаючыся сваімі вачамі з дзвюх вялікіх чорных гузікаў. Ужо і бабулі няма, а Кузя ўсё яшчэ тут, як маленькі салдацік, ахоўвае і даглядае дом. Тут жа на століку стаіць няспраўны гадзіннік. Але варта толькі заплюшчыць вочы — і стрэлкі на гадзінніку пачынаюць бегчы назад, перад вачыма паўстаюць карціны з даўно забытага мінулага.
У нос адразу б’е апетытны пах. Гэта пячэцца хлеб. Каля пячы мітусіцца прабабуля, апранутая ў старамодную шэрую сукенку. Русыя валасы акуратна сабраны ззаду, толькі адна пасмачка выбілася з прычоскі і прыліпла да мокрага лба.Яе маладыя блакітныя вочы ўсміхаюцца, але ў іх ёсць і нешта сумнае. Можа, цяжкае жыццё заставіла ў іх адбітак?
Нарадзілася яна ў дваранскай сям’і. І маці, і бацька пакінулі свой след у гісторыі і былі ў свой час знакамітымі людзьмі. Хоць жылі яны не вельмі багата, але мелі свае маёнткі. У час рэвалюцыі сям’я вымушана была бегчы ў Вільню.Менавіта там, прабабуля пазнаёмілася са студэнтам віленскага ўніверсітэта, выйшла замуж і перабралася на радзіму да мужа. Гэта і выратавала ёй жыццё.Бо ў 1939 г.яе бацьку расстралялі без суда і следства, маці вывезлі неведама куды, малодшы братбыў прызваны ў Польскую Армію, ізагінуў. Са старэйшым братам абарвалася сувязь, з ім яна сустрэнецца ажно ў канцы жыцця.
Калі прабабуля даставала з пячы хлеб, позірк яеспыніўся на полымі. На імгненне, толькі на імгненне, вочы, якія толькі што радасна усміхаліся, напоўніліся неверагодным болем і жалем. Можа, янаўспомніла тых, каго ўжо ніколі не вернеш, а можа мне толькі здалося. Праз хвіліну духмяны бохан свежага хлеба ўжо ляжаў на стале, прыкрыты рушніком з вышытымі чырвонымі пеўнікамі.
На дварэ шарэе, за акном пяюць свае песні цвыркуны. Раптам у сенях бразнула клямка. Дзеці (а іх у прабабулі і прадзядулі было сямёра), якія толькі што кожны займаўся сваімі справамі, хуценька пабеглі сустракаць тату. Стомлены, але вясёлы, прадзед вярнуўся з працы. Зараз на полі ідзе ўборка, і аграном бывае дома вельмі рэдка. Цяжка ўявіць чалавека больш адданага сваёй справе. У маладосці, не меўшы грошаў на адукацыю, ён, пакінуўшы родныя мясціны, адзін выправіўся ў Вільню, каб стаць вольным слухачом ва універсітэце. Гэта значыць, што на дыплом ён спадзявацца не мог. Але ўсё ж будучы цесць аплаціў яму вучобу, і прадзед вывучыўся на землеўпарадчыка. Ён быў адданы сваёй працы і роднай зямлі ўсёй сваёй шырокай душой. Яго імя і сёння ўспамінаюць як прыклад разумнага, адукаванага чалавека, таленавітага агранома, які да апошняй хвіліны свайго жыцця рваўся на працу.
Стоячы на парозе, прадзед весела ўсміхаецца вясёламу натоўпу, які бяжыць яму насустрач. Ад доўгага знаходжання на сонцы твар яго загарэў, а валасы сталі больш светлымі. Калі ён усміхаецца, каля вачэй збіраюцца маленькія зморшчынкі, ведаеце, такія звычайна бываюць у вельмі добрых людзей. Высокі, зграбны, у модных штанах галіфэ. Прадзед заўсёды любіў апранацца добра, як зараз гавораць -стыльна. Сваімі вялікімі далонямі, якія прапахлі дымам цыгарэт і пылам поля, ён абдымае дзяцей. І ўсе разам ідуць у кухню , дзе чакае накрыты стол, – час вячэраць.
Я расплюшчваю вочы. Першае, што бачу, – паедзены моллю рушнік з вышытымі чырвонымі пеўнікамі, які укрывае стол. Дзіўна, але мне здалося, што і пеўнікі на ім таксама пастарэлі.
Выходжу з кухні, як у ва сне. Цішыню парушаюць толькі мае крокі па прыступкам старой лесвіцы – я паднімаюся на другі паверх. Мэблі тут амаль што няма, і толькі вялікая кніжная шафа прыцягвае ўвагу. Карэньчыкі ў некаторых кніг абарваліся, а папера пажоўкла ад часу. Тут жа каля шафы стаіць цэлая скрыня са старымі лістамі. Гэта неверагоднае пачуццё, калі чытаючы іх, адчуваеш, што адбывалася ў мінулым, у душы таго, хто гэта пісаў. Асобай пранікнёнасцю пранізаны лісты прадзеда і прабабулі адно да аднаго. Кожнае пісьмо да сваёй каханай жонкі ён пачынаў:” Мой любы варабейчык”. Вялікае шчасце – сустрэць такое чыстае, светлае, адзінае ў жыцці каханне, якое аб’ядноўвала іх, якое было светлым праменьчыкам нават у самыя цёмныя дні.
Я выходжу з хаты і саджуся на прыступкі каля яе. У твар прыемна дзьме ветрык. Пахне бэзам. Навокал ўсё зарасло. І ніхто не сказаў бы, што тут калісьці быў незвычайнай прыгажосці сад і парк. Дайным-даўно мой прапрапрадзед быў графскім садоўнікам у маёнтку Альберцін. І не проста садоўнікам, ён быў сапраўдным мастаком сваёй працы. З цягам часу за добрую службу, граф даў яму вольную, і ён перабраўся да сына, які атрымаў кавалак зямлі ў прыданае ад жонкі. Месца было балоцістым і здзічэлым. Але прапрапрадзед не баяўся цяжкасцей. Трэба скацаць, ён вельмі сумаваў па сваім дзецішчы- графскім парку, і таму зрабіў усё верагоднае, каб разбіць на гэтай зямлі графскі парк у мініяцюры. Прывёзшы рэдкія саджанцы пладовых дрэў, кустарнікаў і кветак усё ад таго ж графа, мой продак стварыў цудоўны парк. Былі пасаджаны дзіўнай прыгажосці гатункі руж, пасыпаны жоўтым пясочкам дарожкі, высаджана ліпавая алея, выкапана саджалка. Але ўсё гэта адышло ў нябыт і заставіла толькі ўспаміны.
Я замыкаю дзьверы старым ключом. Павольна сходжу па прыступках. Я вярнуся сюды, у старую хату, яшчэ неаднойчы. І праз год, і праз 10 гадоў яна сустрэне мяне ўсё той жа маўклівай цішынёй. Можа, вы мне не павераце, але я не прамяняю гэты дом успамінаў ніна якія грошы.
Мяне адольваюць думкі, і я нават не заўважаю, сыходзячы, як ласкавы ветрык махае мне на развітанне лісцікамі дрэў старога сада.