Скачкі да світання 10

Скачкі да світання

Бабу Ганну пахавалі пад вечар. Вярталіся з могілак моўчкі, ішлі не спяшаючыся. Стомленыя твары гаварылі пра тое, што для суседзяў памерлай Ганны дзень выдаўся цяжкім. У бабулі сваякоў не было, вось і давялося хаваць яе суседзям. Зайшлі ў хату да Насці, каб сагрэцца ды і памянуць Ганну. За размовамі і не заўважылі, як сцямнела, наступіла ноч. На вуліцы – хоць вока выкалі. Алесю і Кастусю (знаёмым Насці) і іх жонкам трэба было вяртацца дадому ў суседнюю вёску – кіламетраў пяць – шэсць пешшу ісці. Аднак, як толькі выглянулі на вуліцу, жаданне цягнуцца ў непрагляднай цемры ў жанчын знікла. Вырашылі застацца ў Насці і заначаваць. Аднак добра падвыпіўшых Алеся  з Кастусём не ўтаймаваць, – не мужыкі мы, ці што, дабярэмся дадому самі, без вас, палахлівых.

Пакуль выйшлі сябры за вёску, вочы да цемры ўжо прывыклі, вось і разгледзелі, што на лузе коні пасуцца. А дзесьці там, далёка, вогнішча гарыць, людзі вакол сядзяць, песні спяваюць. Зразумелі – цыганы, значыць, і коні цыганскія.

Паглядзелі адважныя пад хмелем Алесь з Кастусём адзін на аднаго, дапетрылі – пазычым аднаго буланага на нейкі час, адвязе нас дадому, назад сам дарогу знойдзе. Пяць кіламетраў для каня – не адлегласць.

Першым ледзь узлез на каня Алесь, адной рукой за грыву ўчапіўся, другой стаў Кастусю дапамагаць узбірацца. Уселіся неяк сябры і ў адзін голас: «Но, конік!» Давай хутчэй, дадому, маўляў, не церпіцца.

Конік аказаўся паслухмяным і цярплівым. Добрасумленна выконваў усе каманды добра захмялелых сяброў …

Першым пачаў пазяхаць Алесь, за ім і Кастусь. Неўзабаве абодва задрамалі. Конь пайшоў цішэй. Прачнуліся, калі адчулі холад, ды і днець пачало. Здзівіліся – не відаць роднай вёскі.

Паглядзелі на гадзіннік – на цыферблаце хутка пяць. Саскочылі перадыхнуць. Тут Алесь аб нейкі ланцуг спатыкнуўся. Нагнуўся, глядзіць – а конік прывязаны. Пастаяў з хвіліну ды і давай рагатаць. Кастусь за ім. А конік стаіць сабе, ведай пафырквае. Стаміўся, небарака. Цэлую ноч сябры па крузе каталіся. Дадому не трапілі, затое “пападарожнічалі” удосталь.

Добавить комментарий