Галоўнае, Надзя дачакалася! 13

Галоўнае, Надзя дачакалася!

У маладосці любіў Іван адну дзяўчыну. Сустракаўся з ёй, разам на танцы хадзілі. Хоць і далекавата жылі маладыя людзі адзін ад аднаго, але бачыліся кожныя выхадныя. Бывала, заседзіцца Іван  у Надзеі, позна дадому вернецца, маці лае яго на чым свет стаіць: маўляў, уставаць трэба рана (рос хлопец без бацькі, і ўся праца па гаспадарцы ляжала на яго плячах). Але, нягледзячы ні на што, яны сустракаліся.

… Здарылася гэта глыбокай восенню. На вуліцы — хоць вока выкалі. Холадна. Цярушыць дробны дожджык. У такое надвор’е сядзець бы дома. Але рабіць няма чаго, трэба Івану дадому з гасцей дабірацца. Хлопец ён быў не з баязлівых, але ў той вечар было як — та не па сабе: баяўся чамусьці назад абярнуцца, каб не ўбачыць раптам каго, прыслухоўваўся да кожнага шоргату. Думкі дрэнныя адганяў ад сябе, насвістваючы вясёлую песеньку.

Да вёскі сваёй дабраўся без прыгод. Вось і родная сцяжынка, якая вядзе прама да хаты. Раптам Іван пачуў якісьці дробны тупат. Ён хутка набліжаўся. Іван спыніўся, — жудасна — ноч на двары. А «штосьці» працягвала бегчы па сцяжынцы прама на яго. Дзявацца было няма куды, Іван падумаў: «Калі гэта “штосьці” збочыць са сцежкі — добра, а калі не — злаўлю «звяругу», ды дадому, там разбярэмся».

Так і выйшла. Не паспеў Іван падумаць, як штосьці важкае і пухнатае скокнула да яго ў рукі. Што ёсць сілы кінуўся бегчы ён да дому. Яшчэ з агарода пачаў крычаць: «Мама, мама! Хутчэй хату адчыняй! »

Крычаў Іван вельмі гучна. У доме загарэлася святло, на парог выйшла перапалоханая маці. Іван ледзь не збіў яе з ног. Якое ж было здзіўленне, калі ў руках у сына маці ўбачыла … звычайнага зайца! Небарака ўвесь дрыжаў. Хто яго так напалохаў, што ён адважыўся чалавеку прама ў рукі скочыць?!

Цімафей (так назвалі зайца) доўга жыў у Івана. Вясною ў армію яго праводзіў. А калі вярнуўся Іван са службы, Цімафея ў клетцы не знайшоў. Як толькі адслужыў Іван год, маці адвезла зайца ў лес, а ў лісце сыну нічога не паведаміла. Засумаваў Іван спачатку, але доўга гараваць не стаў — галоўнае, Надзя яго дачакалася.

Добавить комментарий