Я іду на сустрэчу з паэтам

Сустрэчы… З іх складаецца наша жыццё. Пра іх мы марым, да іх імкнемся. Часам пачынаем разумець, што сустрэчы становяцца сэнсам нашага жыцця. Сустрэча з сябрамі, музыкай, сустрэча з паэзіяй… Такія сустрэчы бываюць хвалюючыя і непаўторныя, асабліва, калі яны звязаны з вядомымі імёнамі. Сярод такіх імён – імя Максіма Багдановіча, маладой зоркі беларускай паэзіі.

Мая першая сустрэча з паэтам адбылася даўно, у класе пятым. Настаўніца расказвала нам пра чалавека, улюблёнага ў родны край. Ён умеў прыкмячаць красу жыцця, адкрываць паэтычнае хараство ў з’явах прыроды, нягледзячы на тое, што сам  нарадзіўся ў горадзе. Тады нам быў прапанаваны верш. “Зімой”. Мы чыталі яго з захапленнем, адчуваючы, як лёгкі марозны халадок з кожным радком даходзіў да самага сэрца, абуджаючы ўспаміны пра лепшыя моманты зімовых канікул:

Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
I волен лёгкіх санак бег…

Напэўна, гэта было менавіта так. Прайшоў час, пазней мы зразумелі, што вершы аб роднай прыродзе ў паэта асабліва хвалюючыя. Шмат гадоў Максім Багдановіч быў адарваны ад роднага краю, яго прыроды. Тады што ж дапамагала паэту ствараць каларытныя пейзажныя малюнкі прыроды Беларусі?

У другую сустрэчу з паэтам я ўсё ж такі знайшла адказ на гэтае пытанне. Адбылося гэта ў шостым класе. На ўроку роднай літаратуры мы чыталі верш “Вадзянік”. Тут аўтар звярнуўся да міфалагічнай вобразнасці, выкарыстоўваючы фантастычныя легенды і паданні. У пейзажных эцюдах паэта міфалагічныя вобразы, захоўваючы свае знешнія фантастычныя абрысы, надзвычай дакладна асацыіруюцца з адпаведнымі з’явамі ці малюнкамі прыроды. Яны сталі своеасаблівай фальклорнай дэкарацыяй, якая надавала пейзажу рамантызм. Паэту ўдалося стварыць шэраг каларытных пейзажных малюнкаў. Судакрананне з Радзімай было праз беларускую песню, казку ці легенду, пачутыя паэтам ад цётак у Ніжнім Ноўгарадзе, прачытаныя ў кнігах.

Пейзажныя малюнкі ў вершах Максіма Багдановіча змяняліся адзін за адным. Прыгадваецца верш паэта “Маёвая песня”, які мы вывучалі у сёмым класе. Гэта была яшчэ адна цікавая сустрэча з паэтам:

Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк

 Мы ўяўлялі шматколерны навакольны свет, розныя адценні гукавой гамы. Творчасць паэта адкрывалася з новага боку. У вершы гучала яго замілаванне да ўсяго прыгожага, светлага. Такая ж светласць была на душы і ў нас.

Мы станавіліся дарослымі, пазнавалі новыя пачуцці. На гэта нас натхняла паэзія Максіма Багдановіча.  Сустрэча з яго творам “Раманс” дала нам магчымасць зразумець, як адчувае сябе закаханы чалавек і што адбываецца ў яго душы і сэрцы:

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла…
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.

Пра ўзвышанае і прыгожае пачуццё кахання гаварылі мы і быццам перажывалі гэта разам з паэтам. Затым слухалі пакладзены на музыку тэкст.

З гадамі цікавасць да творчасці Максіма Багдановіча прыкметна ўзмацнілася. Нізка вершаў, прачытаная ў дзявятым класе (“Песняру”, “Санет”, “Маладыя гады”, “Я хацеў бы сустрэцца з Вамі на вуліцы”), раскрыла погляды паэта на жыццё. Тут і зварот да культурна-гістарычнай спадчыны свайго народа, і арыентацыя на выдатныя здабыткі рускай класічнай літаратуры. Усё гэта ўражвала і ў той жа час хвалявала. Ці можна без хвалявання чытаць словы: “Я не самотны, я кнігу маю…”? Такімі былі апошнія радкі выдатнага беларускага пісьменніка, а ў першую чаргу паэта, Максіма Багдановіча. Яны сведчаць аб усведамленні ім нямарнасці пражытага жыцця. Адзінока паміраючы ў Ялце, ён цешыў сябе думкай, што пакідае пасля сябе кнігу “з друкарні Марціна Кухты” – адзіны прыжыццёвы зборнік паэзіі “Вянок”.

Гэты зборнік напоўнены філaсофскімі рaзважaннямі беларускага песняра. У кнізе ён узнaўляе фaкты стварэння культурнaй спaдчыны крaіны, упершыню ў белaрускай літaрaтуры ўвaсaбляе вобрaз горaдa, узгадвaе міфы, легенды і стaрыя пaдaнні, што чуў у дзяцінстве, aсэнсоўвaе прaблемы жыцця, існавання і смерці. Зборнік уражвае сваёй шматграннасцю і непаўторнасцю паэтычнай ідэі. “Вянок” стаў амаль скарбніцай лёсу і ўсяго жыццёвга вопыту Максіма Багдановіча, бо вершы для гэтай кнігі ён пісаў усё жыццё і менавіта ёй прысвяціў свае апошнія радкі:

У краіне светлай, дзе я уміраю,
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кніжку маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

Сумна, што такі яркі, таленавіты паэт паспеў пакінуць толькі адзін зборнік… Яго жыццё так рана абарвалася. І згадваецца міжволі класічнае лацінскае выслоўе: “Art longa, vita brevis”, што ў перакладзе азначае – “Мастацтва вечнае, жыццё кароткае”.

Так, мастацтва вечнае. Я пераконваюся ў гэтым каторы раз. Яскравым сведкам з’яўляецца наш Літаратурны музей Максіма Багдановіча, што ў Траецкім прадмесці, каля якога стаю я зараз. Узнімуся па прыступках, адчыню дзверы – і зноў сустрэча з табой, мой любімы паэт.

Добавить комментарий