На кніжнай паліцы
Ужо з сярэдзіны лютага ў паветры адчуваецца пах змен. І тады мы кажам, што «пахне вясной». Гэтая пара традыцыйна лічыцца часам кахання і надзей. Сваім надыходам яна дорыць нам пах мокрай зямлі і чырвонай цэглы, нагрэтай сонцам, пах першага зялёнага лісця, першага дажджу, пах талага снегу і цёплага сырога ветру. А зноў адчуць крылы за спіной нярэдка дапамагаюць жыццесцвярджальныя кнігі.
«Увесь гэты свет» Міколы Юн (экранізацыя Стэлы Мэгі – заўв. аўтара) — адна са шматлікіх гісторый пра людзей, якім не наканавана быць разам, пра складаны выбар, які можа стаць апошнім, пра барацьбу ўнутры сябе і барацьбу са сваімі страхамі. Чытаючы яе, сапраўды задумваешся пра многае.
«Мэддзі – пад пагрозай вымірання, амаль знікла. Оллі — бессмяротны, амаль ідэальны для дзяўчыны…» Хутчэй за ўсё, прачытаўшы анатацыю, вы вырашыце, што гэта нешта з разраду «Вінаваты зоркі» ці «Пакуль я жыву». І вы правы. Але толькі з большага.
Рызыка адной прыгоды даражэй тысячы дзён дабрабыту і камфорту — так я апісала б гэтую гісторыю. Вы не знойдзеце ў ёй прыгожай, багатай мовы. Не сустрэнеце дыялогаў на кучу старонак і бясконцых апісанняў усяго, чаго толькі можна. Гэтага ўсяго няма. Кніга складаецца з кароткіх раздзелаў, маленькіх перапісак, урыўкаў думак. З самага галоўнага. Вось гэтая прастата і дапамагае стварыць у галаве паўнавартасную карцінку, адчуць увесь спектр эмоцый і пакінуць месца для больш глыбокіх разважанняў.
Мэддзі сямнаццаць. І ўсё сваё жыццё яна праводзіць у адмыслова абсталяваным доме. Адзіныя, каго Мэд калі-небудзь бачыла ў гэтым «шкляным замку», — яе мама і медсястра Карла з дачкой. Хвароба дзяўчыны рэдкая, мала, хто ведае аб падобнай хваробе. У Мэддзі слабы імунітэт, і любы кантакт з вонкавым светам пагражае яе жыццю.
Усё мяняецца ў той дзень, калі да суседняга дома пад’язджае грузавік. Дзяўчына выглядае ў вакно і бачыць Оллі. Ён высокі, стройны і апрануты ва ўсё чорнае — чорная футболка, чорныя джынсы, чорныя красоўкі і чорная вязаная шапка, якая цалкам хавае яго валасы. Хлопец ловіць цікаўны погляд цемнаскурай прыгажуні з карымі вачыма, менавіта ў гэты момант і пачынаецца сапраўднае жыццё для кожнага з герояў.
Хоць мець зносіны Оллі і Мэд могуць толькі з дапамогай тэлефона і інтэрнэту, яны хутка знаходзяць рашэнне. Дзяўчына просіць сваю медсястру Карлу пусціць Оллі ў дом употай ад маці. Тая згаджаецца, хоць і не адразу. Пасля гэтай сустрэчы Мэддлайн разумее, што закахалася, як і хлопец.
У любым іншым выпадку ўсё складалася б па-іншаму. Але над Мэддзі і Оллі шэрай хмарай вісіць хвароба дзяўчыны. І баяцца яны ўдваіх. Іх любоў такая, якая бывае толькі ў падлеткаў, яна прыгожая і бясстрашная. Убачыўшы, як Оллі сварыцца з бацькам, Мэддзі выбягае з хаты, каб пераканацца, што хлопец у парадку. Дзяўчына разумее, што з-за свайго ўчынку яна можа моцна пацярпець. Ёй пашанцавала — у яе цудоўная маці, якая разумее. Яна вельмі любіць сваю дачку, бо пасля няшчаснага выпадку ўжо пазбавілася мужа і сына. Маці бачыць, як Мэддзі не хапае жыцця звонку. І ўсё ж такі яна забараняе ёй бачыцца з Оллі, звальняе Карлу і адбірае телефон. Маці сцвярджае, што каханне не можа быць часткай жыцця Мэддзі таму, што яна незвычайная, не такая, як усе. І як закаханай дзяўчыне змірыцца з гэтым?
Мэд сыходзіць з хаты. Сыходзіць у свет, які тоіць для яе адны толькі небяспекі, сыходзіць, каб даведацца, што азначае быць жывой.
Мы ўспрымаем наша жыццё як дадзенасць. Але ўявіце, што вы можаце назіраць за светам толькі з вокан дома, не маючы магчымасці нават выйсці на парог уваходных дзвярэй. І гэта не толькі ваша сучаснасць, але і будучыня. Разам з Мэддлайн вы зможаце выпрабаваць гэта на сабе, няхай і часова. Але, калі, выйшаўшы на вуліцу, вы глыбока ўдыхнеце паветра і падумаеце пра тое, як жа вам пашанцавала, то гэтае чытанне не пройдзе для вас дарма. Таму што адна справа, калі мы ведаем пра сваю хваробу, але ў нас ёсць час пажыць, і зусім іншая, калі мы дакладна не паміраем, але не маем магчымасці жыць.