Лета, сонейка, кнігі
Летам настрой і надвор’е часта бываюць непрадказальнымі. Што рабіць, калі хочацца вечарам утульна адпачыць на канапе? Ці калі за акном пахмурна і лье дождж? Трымай падборку выдатных кніг беларускіх аўтараў, якія будзе цікава пачытаць у летні дзень.
Уладзімір Караткевіч “Дзікае паляванне Караля Стаха”
Малады фалькларыст Андрэй Беларэцкі падчас вандроўкі па Беларусі трапляе ў Балотныя Яліны – радавы замак Яноўскіх. Гаспадыня Надзея Яноўская – апошняя ў сваім родзе. Ад яе Беларэцкі даведваецца пра праклён, што трымаецца над родам Яноўскіх з-за здрады продка Надзеі Рамана Старога. Праклён спыніцца толькі на дваццатым пакаленні, і менавіта Надзея з’яўляецца дваццатым нашадкам. Дзяўчына распавядае Андрэю пра прадвесніка яе смерці – Дзікае паляванне. Зачарваны маладой паненкай, Беларэцкі вырашае дапамагчы ёй пазбавіцца праклёну.
Валерый Гапееў “Мая мілая ведзьма”
У дзясяты клас звычайнай школы, дзе разам вучацца сябры Кір, Юрась і Уладзя, прыйшла новая дзяўчынка – Ядвіга Лелька. Здаецца, нічога незвычайнага, але ж дзяўчына на самой справе – ведзьма. Каханне, адносіны паміж аднакласнікамі, вядзьмарства, моладзевыя субкультуры і групоўкі, шашлыкі на лецішчы, пошук сабе, пытанні, на якія няма адказу – усё гэта знойдзеш ў аповесці Валерыя Гапеева.
Алесь Дудараў “Чорная панна Нясвіжа”
Якая гісторыя самая сумная на свеце? Не, не пра Рамэа і Джульету, а пра каханне князя Жыгімонта ІІ Аўгуста і Барбары Радзівіл. Кранальны аповед пра сапраўднае каханне, пра тое, як палітыка руйнуе жыццё і як нават вялікі князь літоўскі і кароль польскі можа знаходзіцца пад пятой у маці.
Ніл Гілевіч “Родныя дзеці”
Раман распавядае гісторыю кампазітара Сцяпана Вячоркі, пачынаючы ад студэнкіх часоў да сталага ўзросту. Сцяпан – вядомы кампазітар, якога паважаюць знаёмыя, які дасягнуў сваёй мэты. Але ўсё жыццё яго турбуе зробленая даўно памылка – страчанае каханне, без якога нават самыя істотныя дасягненні здаюцца маленькімі і нязначнымі. Як чалавек можа зруйнаваць жыццё ў адзін момант і ці магчыма гэта выправіць? Адказы на гэтыя пытанні напрацягу ўсяго жыцця шукае Сцяпан Вячорка.
Людміла Рублеўская “Дагератып”
Маладая журналістка Сімка дапамагае сябру Гільяшу, у якога яна даўно і тайна закаханая, з пераездам у Амерыку. Падчас збораў хлопец з дзяўчынай знаходзяць на антрэсолі дагератып з выявай прыгожай жанчыны і яе дзённік, што быў напісаны сто год таму. Старонка за старонкай Сімка адкрывае Гільяшу гісторыю жыцця яго прабабулі Багуславы. Даведаўшыся пра неверагодную спадчыну, Гільяш цалкам змяняе далейшы лёс.