Чаму мне спадабаўся твор "Каласы пад сярпом тваім"? 9

Чаму мне спадабаўся твор «Каласы пад сярпом тваім»?

«Каласы пад сярпом тваім» стаў для мяне дзіўным творам. Часта на ўроках літаратуры і гісторыі мы абмяркоўвалі тое, наколькі цяжка было беларускаму народу, але я ніколі не думала наколькі. Дадзеныя кнігі мяне здзівілі тым, што раней не было краіны Беларусь, а мова называлася мужыцкай.

Мноства размоў аб тым, што асобнага народа не існуе, што разговорная гаворка — гэта дыялект польскай або рускай. А калі меркаванне адрознівалася ад агульнапрынятай, то нават у гімназіі цябе маглі пабіць. Мне было балюча чытаць спрэчкі наконт існавання беларусаў. Кожны раз хацелася накрычаць на напышлівых індыкоў з твора, што калі не існуе такой нацыі, то хто тады я? Руская? Палячка? Габрэйка? Нет! Бо я тая, хто я ёсць. Як мяне не назваць, маё сэрца належыць толькі маёй краіне. Упэўнена, што так было і ў мінулым, бо менавіта гэта мы бачым на прыкладзе Алеся, Кастуся і Віктара Каліноўскіх, а таксама простых мужыкоў.

Твор Уладзіміра Караткевіча стаў для мяне сапраўднымі амерыканскімі горкамі. Часам я не магла ад яго адарвацца, губляючы кошт часу і старонак, але часам было цяжка дачытаць да канца. Мне падабалася назіраць за этапамі сталення галоўнага героя, за тым, як усё ішло да паўстання. Што ад граху таіць, любоўная лінія мяне таксама вельмі зачапіла, хоць ад некаторых момантаў станавілася няёмка, а Майку Раўбіч хацелася пабіць па адным месцы, як пры першай сустрэчы гэта зрабіў Алесь. Але некаторыя моманты здаваліся мне зацягнутымі, сумнымі. Больш за ўсё мне спадабалася першая кніга. Магчыма, яна была больш наіўнай і добрай. Каханне, новыя сябры, паняцце таго, хто ты ёсць і якое тваё прызначэнне. А ў другой ўся бязлітаснасць і несправядлівасць гэтага свету. Смерць пана Юры, Пані Антаніды, Стэфана Кагута і многіх іншых ўпадабаных персанажаў. Глупства, дуэлі, бессэнсоўныя ахвяры. Гэта сапраўдная жыццё, але менавіта таму гэта цяжка чытаць. Сучаснасць напоўнена жорсткасцю, хочацца адцягнуцца з дапамогай чытання, але пражываеш тое ж самае, толькі на паўтара стагоддзя раней.

Гісторыя цыклічная. На жаль, у наш час адбываецца практычна ідэнтычная сітуацыя. Хтосьці адмаўляецца ад сваёй мовы і паходжання, у навінах баяцца сказаць Рэспубліка Беларусь, каб людзі не падумалі, што мы частка Расеі, у якой мноства рэспублік. Рускія людзі па-ранейшаму могуць памяняць назву нашай краіны на нейкую Белоруссію, а калі кажаш, што гэта не так, то яны прымудраюцца яшчэ спрачацца і казаць, што ніякай розніцы няма. У маім доме мне забараняюць гаварыць на роднай мове, бо ёй ніхто не карыстаецца, навошта гэта раблю я? І з кожным разам, з паўторам такіх слоў, маё сэрца абліваецца крывёю. Мне становіцца крыўдна і брыдка, хочацца крыкнуць: «людзі, вы што, забыліся кім з’яўляецеся?!»Для іх быць беларусам-гэта нешта няправільнае. Калі б нашы продкі ўбачылі гэта… Было б сорамна. Столькі ўсяго было пакладзена на тое, каб мы былі свабоднымі ад усіх. І навошта? Саромеецца? Не, я гэтага не разумею. Я ганаруся сваім народам, што яны не пабаяліся і выйшлі на паўстанне. Мы смелы, добры і прыязны народ і гэтым неабходна выхваляцца, а не ціха сядзець у кутку.

Я хачу застацца назаўжды ў Беларусі. Многія кажуць, што гэта добрая кропка старту, а потым можна ехаць куды-небудзь, але для чаго? Чаму б не развіваць усе тут? Кінематограф, Журналістыка, Турызм, блогінг. Гэта цэлая пляцоўка, на якой можна нешта будаваць, ствараць і зменьваць. Укараняць беларускую мову ў масы, каб была агучка не толькі на рускай ці ўкраінскай, але і на нашай. Больш кніжных перакладаў, экскурсіі. Распавядаць пра тое, чаго нам каштавала быць тымі, кім мы цяпер з’яўляемся. Ганарыцца нашай гісторыяй.

У дзяцінстве я шмат чаго не разумела, сама была чалавекам, які адмаўляў сваё паходжанне. Але з кожным годам я даведвалася ўсё больш. Беларуская літаратура ператварылася з сумных твораў у цэлы дзіўны свет, які адрозніваецца ад усяго, што прапануе руская або замежная. Цяпер на ўсё я гляджу інакш.

Ці патрэбныя нам Алесі Загорскія ў сучасны свеце? Да. Магчыма, калі — небудзь гэтую ролю я вазьму на сябе, калі хопіць сіл ісці наперад і весці за сабой людзей. Ці я пайду за такім чалавекам, падтрымліваючы яго ідэі. А сваё сачыненне я хачу закончыць цытатай з другой кнігі «Каласы пад сярпом тваім», якая актуальная і па сённяшні дзень: «Прыйдзе час, і не будзе тады ўжо кодэкса гонару, не будзе дваран і мужыкоў, не будуць даносіць і кідаць у турму за вальналюбства і светлыя думкі. Не будзе нават слова «воля», не будзе нават слова «праўда», таму што і тое і другое зробіцца звыклым і іншага проста не будзе».

Добавить комментарий