Аналіз творчасці Ніла Гілевіча. Водгук на верш «Ты кажаш, я не ведаю вайны»

У бітвах палі змагары
За вольны светлы час…
Дык спіце ж, воіны-сябры,
Мы не забудзем вас!

Пятрусь Броўка

У яе ёсць шмат імён: страта, смерць, здрада. Яна забрала вялікае мноства жыццяў у сваю вільготнўю і халодную магілу. Многія з нас яе не спазналі, але ўсе мы выхаваны так, каб памятць вайну.

Вайна робіць вялізную “незагойную рану” ў сэрцы чалавека. Сваёй згубнай, знішчальнай, жудаснай сілай яна разбурае ўсё жывое, не пакідаючы нічога светлага і яснага, а толькі пакуты і слёзы. Мільёны загубленых людзей ужо ніколі больш не ўбачаць сонечны дзень, не пачуюць шэпт ветру, не абдымуць сваіх родных…

Але страшна тое, што для некаторых вайна зрабіла дзяцінаства апаленым. Назаўсёды ў іх памяці застануцца жудасныя і лютыя ўспаміны той жорсткай расправы, ад якіх яны да канца свайго жыцця не змогуць пазбавіцца:

Я ведаю: пазбыцца гэтых сноў
Не дапаможа мне ніхто насвеце.
Я буду трызніць імі зноў і зноў,
Яны – мае навек, да самай смерці.

І Ніл Гілевіч не стаў выключэннем. Ён з’яўляўся тым самым дзіцём, “застаўшыся з маленства на вайне”. У верасні прошлага года яму б  ўжо споўнілася дзевяноста гадоў. На працягу ўсяго жыцця ён памятаў тыя страшэнныя часы. Ніл Сымонавіч трапіў да фашыстаў і ўцалел цудам. Можа, менавіта тады ў яго з’явілася думка, што пра ўсё гэта трэба абавязкова расказаць тым, хто не зведаў жахаў вайны. Паэт адзначаў, што яго першы верш быў аб перамозе ў вайне і радасці ўваскрэслага жыцця пасля яе. У далейшым ваенная тэма стала адной з вядучых. Гэта адлюстравана ў яго творах: “Бацьку”, “Яблынька”, “Сто вузлоў памяці”, “Гарыць, гарыць мая Лагойшчына”.

Вайна – гэта не толькі страты, слёзы, пралітая кроў… Яна ўвасабляе сабой нешта большае – людзей, якія змагаіся за сваю незалежнасць і краіну, аддалі сваё жыццё дзеля нашай будучыні.

Нездарма кожны мастак слова звяртаецца да гэтай тэмы. Самымі яркімі яе прадстаўнікамі з’яўляюцца аўтары: Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Янка Брыль, Аркадзь Куляшоў. Іх творчасць нарадзілася з жыцця і была прасякнута падзеямі, якія паказвалі патрыятычныя памкенні беларусаў, раскрывалі іх лепшыя якасці ў самых складаных сітуацыях. Аўтары паказалі, что на вайне было ўсё: гераізм, трагізм, баязлівасць і подласць.

“Ты кажаш, я не ведаю вайны”. Чаму менавіта такая назва? Гэтыя словы адрасаваны чытачу. Мы быццам вядзем дыялог, у якім паэт сцвярджае, што нават дзіцём ён спазнаў вайну з самых горшых яе бакоў. Я лічу, што толькі ў дзіцячых сэрцах і вачах яна захавалася ў тым сваім самым жудасным абліччы, адняўшы ў іх дзяцінаства. Таму асноўнай думкай твора з’яўляецца памяць пра вайну і захаванне яе для нашчадкаў, “ каб гэта ўсё не стала долей сына”.

Верш складаецца з пяці строф, як і вайна, якая пяць гадоў лютавала на нашай зямлі, знішчала гарады, вёскі і нават прыроду.

Аддаўшы перавагу традыцыйнаму двустопнаму ямбу, паэт звяртае ўвагу на імклівасць сваіх думак, быццам, у яго не было часу разважаць над складанымі канструкцыямі, трэба было паспець… Паспець напісаць так, як адчувае яго душа. Простымі словамі, якія ўзыйдуць у сэрцы кожнага абеліскам у гонар усіх загінулых.

У наступных радках Ніл Гілевіч адухаўляе вайну, надае ёй магчымасць уладарыць над яго снамі:

Чаму ж яна мае забрала сны?
На ўсе жыццё наперад сны забрала?

Паўтор слоў “забрала сны” ўказвае на тое, што паэт не можа змірыцца з тым, што яго сны апантаны жудаснымі падзеямі, якія вайна кожны раз узнаўляе ў яго памяці.

Ніл Гілевіч з трывогай адзначае:

Чаму ж амаль не кожныя начы
Я прачынаюся, скаваны жахам?

Метафара “скаваны жахам” дапамагае стварыць эмацыяналаьную напружанасць, якая перадае тую безвыходнасць, якую адчувае паэт падчас прабуджэння. Мы можам убачыць, як ён у халодным поце ўскоквае з ложку і разумее, што яго душэўныя раны зноў баляць і пашыраюцца. Ён успамінае свае дзяцінаства:

Хачу ад смерці лютай уцячы –
І стрымгалоў бягу аўсом няжатым,
Паўзу бульбянішчам па баразне,
Да хмызняку куляюся на пожні,

Эпітэт “аўсом няжатым” і слова “бульбянішча” робяць спасылкі да яго біяграфіі, калі яшчэ падлеткам ён трапіў у акупацыю. Голад, страх за ўласнае жыццё і жыццё блізкіх, напэўна,  вымусіла яго пайсці і здабыць ежу: нейкую бульбу або некалькі калоссяў, каб уратавацца ад галоднай смерці. У гэтых радках пераважаюць дзеясловы: бягу, паўзу, куляюся. Яны сведчаць аб імкненні хлопчыка ўсімі спосабамі ўцячы, вырвацца, знайсці сабе ратунак, каб не трапіць у аблаву і  “ад смерці лютай уцячы”. Але нават і ў сне ён не можа знайсці прытулку, дзе можна было б схавацца і які б уратаваў не толькі ад смерці, але і ад жахлівых сноў, якія не даюць спакою і раздзіраюць душу паэта:

Але ратунку мне няма і ў сне –
У вочы стрэл грыміць у міг апошні…

Напрыканцы верша Ніл Гілевіч з болем у сэрцы звяртаецца да людзей:

Застаўшыся  з маленства на вайне,
Я аднаго хачу, мая крана:
Каб гэта скончылася ўсё на мне.
Каб гэта ўсё не стала длей сына.

Ён верыць, што прачытаўшы гэты верш, мы будзем здольныя зрабіць высновы і ніколі не апынімся ў такім становішчы, як паэт. Мы павінны пранесці гэту памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны праз вякі, перадаць сваім дзецям той вялізны жыццёвы вопыт мужных, сумленных і стойкіх людзей, якія спазналі трагедыі, пакуты, подзвігі і здрады, “ для якіх дзень жыцця быў роўны веку жыцця”.

У Васіля Быкава ёсць цудоўны выраз, які раскрывае сэнс нашага прызначэння ў тэме вайны: “ Жорсткая, бязлітасная памяць абавязвае нас расказаць усю праўду пра вайну, якой бы страшнай і трагічнаай яна ні была”.

Добавить комментарий