Ёсць матчына любоў
14 кастрычніка ў Беларусі адзначалі Дзень маці. У медыятэцы імя М.Я. Цікоцкага Інстытута журналістыкі прайшло мерапрыемства, прыўрочанае да гэтага дня. Была арганізавана святочная праграма для шанавання шматдзетных маці.
У ролі арганізатараў выступілі “Саюз жанчын БДУ”, Фундаментальная бібліятэка БДУ і Інстытут журналістыкі. Мадэратарамі мерапрыемства прадставіліся дацэнт кафедры стылістыкі Інстытута журналістыкі Горбач Вольга Аляксандраўна і дацэнт кафедры неарганічнай хіміі хімічнага факультэта БДУ Васілеўская Алена Іванаўна. “Наша праграма падрыхтавана пад назвай «Грамадзянскі подзвіг шматдзетных маці” і арыентавана на тое, каб яшчэ раз паказаць важную ролю жанчыны-маці ў сучасным свеце. Асабліва зараз, калі назіраецца падзенне традыцыйнага разумення сям’і і негатыўны ўплыў модных тэндэнцый у гэтай сферы чалавечых адносін, якія супярэчаць ментальнасці беларусаў»”, — адзначыла Вольга Аляксандраўна Горбач.
Госці мерапрыемства адчулі цеплыню абстаноўкі, якую для іх стварылі разам з арганізатарамі студэнты журфака, гістфака і факультэта філасофіі і сацыяльных навук. Паміж аповядам вядучых пра ролю мнагадзетных маці ў гісторыі, пачынаючы ад княгіні Рагнеды і да сучасныхславутых жанчын, гучалі лірычныя вершы на беларускай і рускай мовах.
Прыгожая прэзентацыя з ілюстрываннем вобразаў маціў розныя часы пад кранаючае душу мелодыі, выкананыя на фортэп’яна Міхася Цікоцкага, былі высока адзначаны жанчынамі-маці.
У канцэрце прынялі ўдзел таксама супрацоўнікі іншых падраздзяленняў нашага ўніверсітэта, якія выступілі з песнямі, прысвечанымі самаму галоўнаму чалавеку ў жыцці кожнага з нас. Павіншаваў жанчын залаты голос БДУ — Ян Давідовіч і супрацоўніца геаграфічнага факультэта Вера Жыбуль.Звярнулі на сябе ўвагу прачытаныя ўласныя вершы вядучага бібліятэкара фундаментальнай бібліятэкі Валянціны Трушкевіч.
Пасля творчай часткі адбыўся круглы стол з абмеркаваннем некаторых пытанняў, якія закраналі праблемы сучаснай сям’і і дэмаграфіі ў Беларусі.У размове акрамя мнагадзетных маці, членаў Савета “Саюза жанчын БДУ” удзельнічалі прадстаўнікі аддзела моладзі і ідэалогіі БДУ. “Падчас чаепіцця было дамоўлена, што запрошаныя жанчыны перададуць у “Саюз жанчын” фотаздымкі сямей, — падзялілася інфармацыей Вольга Аляксандраўна. — Магчыма, на наступны год у Дзень Маці будзе зроблены калаж ці невялічкі фільм, які мы прадставім для ўслаўлення шматдзетных супрацоўніц БДУ”.
Сярод гасцей, арганізатараў, удзельнікаў вечарыны прысутнічалі запрошаныя студэнты 3 курса Інстытута журналістыкі спецыяльнасці “Літаратурная работа (рэдагаванне)”. Іх лагодныя ўсмешкі адлюстравалі ўключанасць у тэматыку мерапрыемства.
У гэты вечар ў бібліятэцы захоўвалася цёплая і добрая атмасфера. Усе адзначылі ўтульнасць абстаноўкі напярэдадні свята, якое мае значэнне для кожнага, бо ўсе мы любім і паважаем сваю маці і сваю сям’ю.