Шлях да новых вышынь 9

Шлях да новых вышынь

25 мая літаратурна-мастацкі конкурс “БрамаМар” у чарговы раз абвясціў сваіх пераможцаў.  Арганізатары “Лепшага маладзёжнага праекта 2015” з вялікім імпэтам арганізоўвалі майстар-класы, запрашалі спевакоў і сустракалі сваіх удельнікаў. Конкурс праводзіцца шосты год і ўжо стаў добрай традыцыяй для маладых творцаў.

Вядучымі  вечарыны былі Аляксандр Лапуцько і Гражына Гузік, якія стваралі атмасферу творчасці. Гэта было нялёгка: менавіта ў гэты дзень журфак сабраў лепшыя паэтычныя, празаічныя і перакладчыцкія таленты краіны. Аднак вядучыя выдатна справіліся.  У складзе  журы былі Галіна Багданава, Інга Воюш, Таццяна Сівец, Віктар Лупасін, Дар’я Гіргель і іншыя.

Адкрыў сустрэчу дырэктар Інстытута журналістыкі Сяргей Валянцінавіч Дубовік, які выразіў надзею бачыць таленавітых школьнікаў у шэрагу будучых першакурснікаў установы. Першымі ўзнагародзілі школьнікаў. У намінацыі “Проза” фіналлістамі сталі Міхаіл Ракуцін, Дар’я Кухарчык, Валерый Ляўковіч, Надзея Усава, Ксенія Лысенка і Любоў Бельская, якая і стала пераможцай. Павіншавала маладых творцаў Людміла Рублеўская, якая ўручыла прызы і пажадала поспехаў. Фёдар Валянцінавіч Драбеня адзначыў, што вельмі важна, калі ў дзяцей гараць цікавасцю вочы і пажадаў, каб гэты агеньчык ніколі не згасаў.

У намінацыі “Паэзія” перамагла Юлія Ратушнюк. Пісьменнік Віктар Лупасін заўважыў, што выбар быў складаным, так як узровень кожнага ўдзельніка даволі высокі. Трэцяя намінацыя – “Фантастыка” – стала паспяховай для Кацярыны Рудазуб з Пінска, якая атрымала дыплом і кнігу з рук рэдактара часопіса “Маладосць”  Святланы Дзянісавай “для отточки стиля”.

Паміж студэнтамі  таксама размеркаваліся тры намінацыі: “Проза”, “Паэзія”, “Пераклад”. Пераможцамі сталі Аліна Длатоўская, Цімур Буйко і Аліна Агрэніч адпаведна. Не засталіся без падарункаў і астатнія фіналісты: кожны атрымаў добры пакунак з кнігамі.

Уносілі ўтульнасць і цёплую атмасферу ў вечарыну і запрошаныя госці-музыкі: гурт “Yalandmusicband”, мінскі бард Ілля Фаляжынскі, паэт і мастак Павел Дарохін, студэнт Інстытута журналістыкі Ігар Палынскі і бард Яўген Барышнікаў.

Конкурс “БрамаМар”-2016 не толькі сабраў маладыя таленты, але і даў магчымасць будучым творцам паверыць у сябе, ацаніць свой літаратурны ўзровень. І гэта не магло быць не ацэнена: кожны ўдзельнік выносіў з мерапрыемства светлую ўсмешку.

Добавить комментарий