Пакуль чакаеш каханне 13

Пакуль чакаеш каханне

Калі набліжаеццца Дзень усіх закаханых, а ты яшчэ не знайшоў сваю другую палавінку,  не варта сумаваць. Спецыяльна для адзінокіх сэрцаў Студсаюз журфака ўжо трэці раз праводзіць Forever Alone Day ― мерапрыемства, дзе цябе абавязкова чакаюць смачная гарбата, цукеркі, цікавыя конкурсы і добры настрой.

Ва ўтульнай аўдыторыі гучала музыка, чуліся смех і гучныя галасы. Кожнага новага госця сустракалі з усмешкай і, безумоўна, з любоўю. Першае, што прапанавалася, ― даведацца імя свайго будучага каханага з дапамогай… паветранага шарыка. Менавіта ў ім і хавалася паперка з лёсавызначальным іменем. Трэба было толькі лопнуць шарык любімага колеру. Вызначыць, што чакае ў асабістым жыцці наперадзе, можна было печывам з прадказаннем. Папулярнасцю карысталіся і цукеркі, да якіх былі прымацаваныя паперкі з жаданнем або падарункам. Так хтосьці атрымаў нататнік, асадку, пачак кавы, а хтосьці павінен быў выканаць не зусім звычайныя рэчы. Напрыклад, патэлефанаваць сваёй маме і сказаць, што любіш яе  ці паслухаць песню Макса Каржа 10 разоў запар.

Якая ж свята без пажаданняў? Добрыя і цёплыя словы ўсім, хто пакуль не знайшоў  свайго кахання, можна было пакінуць на вялікім плакаце, што ўпрыгожваў дошку. Калі гарбата з салодкім паднялі настрой, студэнты перайшлі да гульні ў “Кракадзіла”. Зразумела, усе загаданыя словы былі звязаныя з каханнем: сэрца, спатканне, цукеркава-букетны перыяд… Без вясёлых выпадкаў не абышлося!

Завяршэннем стаў конкурс, у час якога ўсе маглі ўволю пасмяяцца. Хлопец і дзяўчына па чарзе павінны былі працягваць фразу “Я настолькі адзінокі, што…”. У “бітве” перамагае той, хто быў найбольш арыгінальным. Варыянтаў мы пачулі сапраўды шмат: “Я настолькі адзінокі, што ў кінатэатры цалуюся з памідорамі”, “…што нават life не дасылае мне паведамлення”, “…што сам сабе вару баршчы”.

Але як ні круці, адзінота ― рэч часовая, і пазітыў тут проста неабходны. Каханне абавязкова прыйдзе, а нагода для свята заўсёды знойдзецца!

Добавить комментарий