Пад грыфам “Чацвёрка”
Колькі б гадоў чалавек ні вучыўся, ён дакладна ведае адно: студэнцкае жыццё немагчыма ўявіць без інтэрната і той асаблівай атмасферы, якую кожны пранясе праз жыццё. Як жа забудзеш вечары ў “самподзе”, жарцікі сяброў-суседзяў і душэўныя размовы за кубачкам гарбаты або кавы! Але не толькі гэта могуць успомніць жыхары прыгожай велічнай пабудовы па вуліцы Чурлёніса, 7.
Гульні-квэсты, дзень нараджэння інтэрната, дыскатэкі − гэта далёка не ўсё, чым здзіўляюць “захавальнікі чацвёркі” – Студэнцкі Савет. Старшыня Студэнцкага Савета − Ганна Гаморына − адзначае: “ Мы кожны месяц стараемся праводзіць якое-небудзь буйнае мерапрыемства дзеля таго, каб наш інтэрнат не пакідала актыўнасць, каб ён рухаўся. Наша каманда любіць студэнтаў і робіць усё для іх”. Гэта арганізацыя ў дадзеным выпадку − сэрца інтэрната: хлопцы і дзяўчаты ствараюць цёплую атмасферу, напаўняюць свае “ўладанні” жыццём дзеля таго, каб з’яднаць факультэты, раскрыць іх адзін для аднаго.
Не стала выключэннем і гульня-квэст “Захавальнікі скарбаў”, мэтай якога было пасвячэнне першакурснікаў у студэнты. Не дзіва, але удзельнікаў назбіралася аж шэсць каманд. У кожнага на твары чыталася захапленне, у вачах успыхвалі гарэзлівыя агеньчыкі. Тут і заданне з мэтай з’явіліся: раней за іншых абысці ўсе станцыі і вярнуцца ў актавую залу,каб выйграць скарбы, якія пільна ахоўваюцца зялёнымі чалавечкамі – Лепрыконамі.
Думаеце было лёгка? Перад камандамі паўсталі дзевяць перашкод – станцыі, праходзячы якія яны атрымоўвалі пропускі на наступныя этапы – маленькія лісточкі канюшыны. Студэнты ламалі галаву над рэбусамі, перадавалі мяч без дапамогі рук, бегалі,поўзалі, бы жучкі, і нават наведалі “Пакой жахаў” і “Востраў скарбаў”. Увесь час іх суправаджалі каардынатары-куратары каманд, якія паказвалі, куды ісці, збіралі канюшыну, давалі парады. Пашанцавала удзельнікам не толькі з кіраўнікамі: яны мелі магчымасць весці дыялог з феяй, агурком, злымі геніямі –дактарамі і людзьмі, якія нагадваюць П’еро з дзіцячай казкі. Да таго ж іх падбадзёрвалі сваёй прысутнасцю галоўныя персанажы гульні – два маленькія цмокі з вельмі ветлівымі усмешкамі і добрым выразам твару.
І вось – фінішная лінія. Усе выклаліся на ўсе сто. Першае месца па праве замацавалася за камандай «Чарапашкі-ніньдзя»(дарэчы, гэта быў калектыў замежных студэнтаў – вось яна, прага перамогі: хлопцы , можна сказаць, вырвалі яе). Другое дасталося «Сахараўцам», а трэцяе ўзялі «Сем грахоў». Кожны ўдзельнік атрымаў прыз і шмат каштоўных успамінаў. Але і на гэтым гульня не спынілася, бо Лепрыконы пакінулі яшчэ адзін іспыт, у якім таксама з’явяцца свае пераможцы − «лепшае сэлфі».
Арганізатары выканалі пастаўленую мэту: інтэрнат ажывіўся, весялосць і пазітыў не знікалі ні на хвіліну. «Чацверачка» яшчэ доўга будзе пад уплывам ад квэсту, што дапаможа набрацца сіл для вучобы. Мы ж будзем думаць над тым, чым жа здзівяць студэнтаў у наступны раз.
Ірына Івашка, 1 курс