Наталля Лутчанка: “Кожны чалавек таленавіты”

Супрацоўнічаючы з вялікім шэрагам СМІ, студэнты журфака знаёмяцца з нюансамі працы дзеючых журналістаў. Адны адкрываюць для сябе раней незнаёмы свет аператараў, сцэнарыстаў і вядучых, другія – рэдактараў і фотакарэспандэнтаў, трэція цікавяцца прэс-службамі або PR-агенцтвамі. Аднак мала хто ведае пра спецыфіку дзейнасці уласных карэспандэнтаў. Праліць святло на гэта пытанне “ЖурФАКТАМ” дапамагла ўласны карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” па Гомельскай вобласці Наталля Анатольеўна ЛУТЧАНКА. Журналіст, які ў сваёй працы кіруецца прынцыпамі адказнасці, сумленнасці і справядлівасці.

Спецыфіка дзейнасці ўласнага карэспандэнта заключаецца ў яго самастойнай працы. Гэты чалавек, па словах Наталлі Анатольеўны, павінен умець планаваць сваю дзейнасць, бачыць тэмы сённяшняга дня, азіраючыся на перспектыву, і будаваць даверлівыя адносіны з вялікім шэрагам людзей. “Карэспандэнцкі пункт – гэта прадстаўніцтва рэдакцыі на пэўнай тэрыторыі, – падкрэслівае журналіст. – І асоба ўласнага карэспандэнта шмат ў чым фарміруе адносіны людзей да ўсяго выдання і рэдакцыі”.

Наталля Лутчанка пачынае свой дзень з прагляду навасных каналаў, сайтаў і газет, бо лічыць, што журналіст павінен заўсёды быць у курсе ўсіх падзей. Не дзіўна, што гэтаму чалавеку лёгка шукаць тэмы і знаходзіць будучых герояў сваіх публікацый. “Ніякага сакрэту тут няма. Звычайна журналіст, прыходзячы на працу ў пэўнае выданне, пачынае збіраць вакол сябе кола інфарматараў – людзей розных прафесій, пасад, сацыяльнага статусу. Менавіта яны часта паведамляюць пра нейкія падзеі, запрашаюць на мерапрыемствы і падказваць тэмы”.

Наталля Анатольеўна, ці бачыце Вы адрозненні паміж праблемамі адукацыі вёскі і горада?

Не, не бачу. Пра іх шмат гавораць, але я лічу, што гэта прыдуманая праблема. Калі вучань не імкнецца вучыцца, няма розніцы, у якой установе ён навучаецца: вясковай ці гарадской, звычайнай школе ці гімназіі. Калі настаўнік не хварэе сваёй прафесіяй, ён будзе абыякавы ў дачыненні да вучняў і іх ведаў, і таксама не важна, у сельскай школе ён будзе працаваць альбо ў гарадской.

Якія адносіны складваюцца ва ўласнага карэспандэнта з мясцовымі органамі ўлады? З якімі цяжкасцямі можна сутыкнуцца ў працэсе працы?

– Мне пашчасціла сустракаць на працоўным шляху добрых людзей, з якімі заўсёды знаходзілі паразуменне, з якімі было прыемна працаваць. Я нават адразу і не ўспомню якіх-небудь непрыемных сітуацый. Канечне, яны былі, і з чытачамі, і з чыноўнікамі. У журналістыцы не бывае інакш. Немагчыма, каб цябе заўсёды радасна прымалі, заўсёды пагаджаліся з вынікамі, якія ты акрэсліваеш у публікацыях, каб хацелі дзяліцца інфармацыяй. І гэта нармальна.

– Чым уласны карэспандэнт падымае цікавасць сваёй аўдыторыі да газеты?

– Майстэрства і зносіны – вось што ляжыць у аснове. І гэта тычыцца не толькі ўласнага карэспандэнта, а журналіста ўвогуле. Аднак не памылюся, калі скажу, што ўласны карэспандэнт становіцца па-асабліваму блізкім для свайго чытача, нейкім родным, сваім. І гэта ў пэўнай ступені павышае яго адказнасць.

Наталля Лутчанка: “Кожны чалавек таленавіты” 9

– Ці сустракаюцца Вам як прафесіянальнаму журналісту якія-небудзь прафесійныя страхі?

– Безумоўна! Як успрымуць матэрыял чытачы? Як яны аднясуцца да аўтарскага пункту гледжання? Ці не пайшлі ў друк нейкія недакладныя факты? Гэтыя страхі можна пералічваць і далей. Аднак нічога дрэннага ў гэтым няма. Калі няма страхаў, тады, магчыма, не лішне падумаць аб кардынальнай змене сваёй дзейнасці. Прафесійныя страхі, калі яны не даведзены да абсурду, без перабольшванняў, даюць нам магчымасць трымаць сябе ў тонусе, прымушаюць пастаянна працаваць над майстэрствам слова, майстэрствам зносін.

– Колькі часу патрэбна, каб зразумець ёсць у чалавека журналісцкая жылка ці не?

– Дастаткова паглядзець на адзін напісаны матэрыял, прычым не важна, ці гэта інфармацыйная нататка, ці больш складаны жанр. Журналісцкае майстэрства з разраду задаткаў і талентаў, якія даюцца пры нараджэнні. Гэта як мець голас і музычны слых. Калі гэты талент ёсць, яго можна развіваць, а калі яго няма, то чалавеку лепей выбраць іншую дзейнасць. Навучыцца пісаць журналісцкія творы немагчыма. І ў гэтым я абсалютна катэгарычна.

Пасля сустрэчы з Наталляй Лутчанка становіцца амаль адразу зразумела, што распрацоўка новых праектаў і рэалізацыя цікавых ідэй – стыль яе жыцця. Адным з такіх праектаў уласнага карэспандэнта з’яўляецца заняткі ў гуртку “Журналіст”, якія Наталля Анатольеўна праводзіць з вучнямі Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. “Нашы сустрэчы з дзецьмі арыентаваны на практычныя навыкі: вучні пішуць шмат матэрыялаў, друкуюцца. Разам мы праводзім самыя розныя трэнінгі і выкарыстоўваем гульнявыя формы. Амаль на першым занятку мае падапечныя атрымоўваюць заданне напісаць матэрыял на зададзеную тэму ці абіраюць яе самі. Гэта важна. Я адразу бачу хто на што годны, каму ўжо адразу можна даручыць напісаць рэпартаж, а з кім трэба добра папрацаваць. Адно магу сказаць без сумненняў: да мяне прыходзяць таленавітыя і мэтанакіраваныя дзяўчаты і хлопцы. І частка з іх становяцца студэнтамі Інстытута журналістыкі. Калі бачыш плённыя вынікі гэтай працы – ставіш яшчэ адну “рысачку” ў свае асабістыя дасягненні”.

Наталля Анатольеўна прызнаецца, што нярэдка да яе прыходзяць дзеці, якія думаюць, што журналістыка – гэта лёгка і проста. “Некаторыя думаюць: “Атрымаю дыплом і адразу стану зоркай”. Я развейваю такія думкі, адразу папярэджваю, што не буду за іх працаваць, думаць і пісаць. Калі мы пачынаем займацца далей, выконваем практычныя заданні, яны пачынаюць гэта разумець. Даволі рэдка, але некаторыя пакідаюць групу. І гэта вельмі добра. Добра, што яшчэ ў старшых класах яны спрабуюць і ўсведамляюць, што гэта не іх стыхія. І ў будучым журналістыка не пакутуе ад іх, а яны ад яе”. Пры гэтым Наталля Лутчанка ніколі не перапісвае і не выпраўляе матэрыялы маладых журналістаў ці пазаштатных карэспандэнтаў. Яна звычайна тлумачыць што не так і чаму і раіць дапрацаваць. “Бывае, больш і не ўбачу гэтага аўтара, а бывае, па пяць-сем разоў з адным і тым жа матэрыялам ходзяць, –  прызнаецца спецыяліст. – Дык вось апошнія – гэта невыпадковыя людзі ў журналістыцы”.

Наталля Анатольеўна пераканана, што паняцце “талент” не змяняецца незалежна ад часу, а перайначваюцца толькі адносіны да яго. “Здараецца сустракаць людзей, якія імкнуцца нечага дабіцца ў той галіне, да якой у іх няма ніякай схільнасці. Яны арыентуюцца на перспектыву, папулярнасць, моду і г.д. Звычайна тут вынік аднолькавы: яны не дабіваюцца поспеху. Але ж чалавек мог нешта зрабіць у іншай сферы, і, магчыма, яго справа была б значнай не толькі для яго самога, але і для іншых. Кожны чалавек таленавіты. Галоўнае – разгадаць сябе”.

Найцікавейшым аспектам сваёй дзейнасці Наталля Лутчанка называе саму прафесію. “Журналістыка – гэта нешта дзіўнае. Ці знойдзеце вы яшчэ якую сферу дзейнасці, дзе можна бясконца “прымяраць” на сябе самыя розныя ролі? Калі вы журналіст, вам прыходзіцца штодзень працаваць з новай інфармацыяй, займальнымі матэрыяламі цікавымі і людзьмі. І кожны раз вы ў той ці іншай ступені “пражываеце” тое, пра што пішаце. І, нават сутыкаючыся з малавядомай тэмай, імкняцеся атрымаць шмат карысных ведаў у гэтай сферы, спасцігнуць яе асновы. І толькі пасля ўсяго гэтага становіцеся сапраўдным прафесіяналам”.

Добавить комментарий