Каранаванне па-журфакаўску
Вясна – той час, калі з ніадкуль бярэцца актыўнасць для пэўнай дзейнасці , а ўсё навокал квітнее, прачынаецца ад зімы. Вось і на небасхіле каралеўства Журфак у чароўны вечар шостага красавіказ’явілася сем прыгажунь-удзельніц.
Для ўдзельніц гарачая пара пачалася пасля падачы заявак. Знаёмства з куратарам, праца над дэфіле, пастаноўка творчых нумароў, пошук сукенак – усё гэта толькі меншая частка праробленай працы. Адстаць ад дзяўчат ніяк не маглі арганізатары мерапрыемства – студсаюз.
Доўгі час на факультэце панавалі размовы пра “Міс журфак”, з розных аўдыторый даносіліся ўрыўкі крычалак, што сачыняліся, каб падтрымаць дзяўчат. І вось, нарэшце, ён – доўгачаканы дзень, калі павінны выбраць першую прыгажуню факультэта. Згадзіцеся, задача не з лёгкіх. Але з ёй выдатна справілася журы: Аляксандр Уладзіміравіч Кудзіновіч, Дзмітрый Алегавіч Нікановіч – “ключ да сэрца якога не губляюць надзеі знайсці дзяўчаты”, “своеасаблівы Юлій Гусман” – Фёдар Валянцінавіч Драбеня, “Шэры кардынал” – Сяргей Валянцінавіч Дубовік, а таксама спонсары – “незалежныя эксперты” адной з важных падзей года.
Адкрываў мерапрыемства яркі і энергічны танец удзельніц. Першай часткай конкурса быў творчы нумар.Прыгажуні паказвалі сябе з самых, здавалася б, незвычайных бакоў: пелі, танцавалі, чыталі вершы і нават малявалі. Следам за гэтым усе прысутныя і суддзі змаглі пераканацца ў добрай фізічнай форме дзяўчат – яны паказалі сябе ў дэфіле з купальнікамі.
Пасля прэтэндэнткі на карону 2016 ператвараліся ў вядомых жанчын, якія змянілі гісторыю. Таццяна Рамашкевіч паўстала перад залай у вобразеэталона прыгажосці – Мэрлін Манро. Караліна Пятрышчава выступіла як уладалюбівая, праніклівая Клеапатра – сімвал жаночага поспеху. Дарэчы, не кожная дзяўчына змагла б выйсці на сцэну з жывой змяёй на плячах, а ўдзельніца пад нумарам сем змагла! Самай загадкавай асобай у гісторыі краіны з’яўляецца Рагнеда – Ганна Скрабец змагла перадаць невычэрпнае жыццялюбства гэтай гераіні. Наступнай вялікай жанчынай на сцэне была Одры Хепбёрн – адна з самых стыльных жанчын, якіх толькі бачыў свет. Яе прадстаўляла Юлія Вараб’ёва.Удзельніца нумар тры – Віялета Мордас – узнагародзіла гледачоў прысутнасцю неардынарнай, моцнай і звышабаяльнай жанчыныЛюдмілы Гурчанка, стала “легендай, якую завуць Люся”. Па выказванні “Я не займаюся модай, я і ёсць мода” прысутныя зразумелі, што Марыя Фінская паўстала перад імі як Како Шанэль – асобы, якая навучыла жанчын гаварыць. Вобразам, які ўвасабляла Вольга Пірог, было аблічча яе любімага паэта – Ганны Ахматавай. “Няма нічога больш карыснага, чым пабыць там, дзе ніколі не быў”, — словы што звязваюць творцу з Вольгай.
Самым адказным і поўным на вяселле быў інтэлектуальны конкурс. Арганізатары прапаноўвалі дзяўчатам адказаць на шэраг пытанняў, пры гэтым не ўжываць словы “так”, “не”, часціцу не, не маўчаць больш за тры секунды. Удзельніцы выходзілі з правакацыйных момантаў як толькі дазваляла сітуацыя. Прысутныя змаглі даведацца, што слова “хакей” мяшчае ў сабе літару “кака”,а таксама ці прабачаць фізічныя кіраўнікі пропуск пар праз рэпетыцыі. Удакладнілі таксама, што H2O – гэта вада, ідэальная вага мужчыны – 92 кілаграмы, “папа улитки — улит”, што шэсць памножыць на два – дванаццаць, а акардэон – гэта баян.
Апошнімвыхадамканкурсантак было дэфіле ў вячэрніх сукенках, пасля якога журы павінна было вырашыць далейшы лёс кароны. Падчас нарады журы, гледачам не давалі сумаваць песні Уладзіслава Макарэвіча, Анжалікі Пушновай і Аляксандра Лапуцько.
І вось падведзены вынікі. У зале ажыўлена, дзяўчаты стрымліваюць дыханне. Намінацыі размеркаваліся наступным чынам: “Міс стыль” – Віялета Мордас, “Міс бікіні” – Караліна Пятрышчава, “Міс талент” – Ганна Скрабец, “Міс гармонія” – Вольга Пірог, “Міс грацыя”, “Міс глядацкіх сімпатый”, Другая віцэ-міс – Таццяна Рамашкевіч, “Міс кангеніяльнасць” , Першая віцэ-міс –Марыя Фінская, “Міс фота”, уладарка кароны, Міс журфак 2016 – Юлія Вараб’ёва. Пераможца падзялілася сваімі ўражаннямі: “па –сапраўднаму зразумела, што перамагла, толькі зраніцы. Напэўна таму, што конкурс – гэта напружанне, як бы ні было. Па праўдзе кажучы, магла ў’явіць, што ўвайду ў “тройку”, але што буду першай!..”
Акрамя таго, кожная ўдзельніца атрымала прызы ад спонсараў: кветкі, сертыфікаты, запрашэнні, прагулкі і абанементы. Але, усё ж, самым галоўным з’яўляюцца атрыманыя вопыт і сяброўства, што ўзніклі падчас правядзення конкурса.