Хто куды, а ІЖ – на паўмарафон
Насычаны на падзеі дзень 4 верасня пачаўся даволі рана для выхаднога дня. Журфакаўцы падхопліваліся з ложкаў і пачыналі прыводзіць да ладу спартыўную форму. Многіх цікавіла, што ж здарылася і адкуль узялася такая ўсеагульная ўзрушанасць і вялікі запал. А гэта студэнты Інстытута журналістыкі прынялі ўдзел у «Мінскім паўмарафоне – 2016».
Дзіўна, але нейкае асаблівае чаканне наступнага дня пачалося яшчэ ў суботу. Да таго ж, адчувалася хваляванне праз тое, што ж ўсё-такі прынясе заўтра. Нарэшце – раніца, і моладзь, узброеная бутэлечкай вады, крочыць у напрамку да метро.
Калі звычайна ўсе шляхі вядуць на «Купалаўскую» і «Кастрычніцкую», то ў першую нядзелю верасня цэнтрам збора моладзі была станцыя «Няміга». Вялікае людское мора расцягнулася ад уваходу ў метро да стэлы “Мінск – горад герой”, дзе студэнтаў чакалі знаёмыя, аднагрупнікі і выкладчыкі фізічнай культуры журфака Жанна Яўгеньеўна Гарбачова і Ганна Віктараўна Гарбацэвіч.
Забег абяцаў нямала цікавага. Да таго ж, уражвала яшчэ разнастайнасць гісторый аб тым, з якой мэтай хлопцы і дзяўчаты прыйшлі на паўмарафон. Адзін кінуў выклік самому сабе і вырашыў прабегчы 5,5 км без прыпынку, другі хацеў паглядзець на гэту падзею знутры, трэцяму не хапала новых адчуванняў, а чацвёртаму вельмі імпанавала тое, што выкладчыкі, якія сталі аўтарытэтам, пабягуць поплеч з ім.
І вось яна: траса, што змяшчае больш за пятнаццаць тысяч чалавек. Бегчы было дастаткова лёгка. У навушніках – музыка, на душы – радасць, а ў целе – энергія, якая папаўняецца невядома адкуль. Пяць з паловай кіламетраў праляцелі вокамгненна: да фінішу – рукой падаць. Але фініш, як потым аказалася, яшчэ далёка не канец. Удзельнікаў забегу чакалі ўзнагароды – зіхатлівыя медалі на яркіх стужках. Гэта стала прыемнай нечаканасцю, ад якой пазітыўных эмоцый стала значна больш.
Свае адносіны да «Мінскага паўмарафона – 2016»выказала Ганна Віктараўна Гарбацэвіч: «Вельмі ўразіла колькасць удзельнікаў. І нельга не адзначыць, што арганізацыя спартыўнага гарадка была выдатнай». Выкладчыца пераканана, што такога кшталту мерапрыемствы вельмі важныя для развіцця моладзі. «Гэта магчымасць паказаць, што баўленне часу можа быць такім карысным, нагода убачыць эліту спорта. Тут можна на ўласныя вочы пераканацца, што спартсмены бываюць розныя: мужчына з пратэзам, бацькі з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі».
Не адсталі ад свайго кіраўніка і студэнты, якія амаль у адзін голас запэўнілі, што наступны паўмарафон без іх не абыйдзецца. Яны ўпэўнены, што іх чакаюць новыя дастанцыі і перамогі, матыватарам для дасягнення якіх стануць атрыманыя сёлета прызы і фотаздымкі, з вялікай ахвотай зробленыя на памяць.