Жывыя людзі, жывыя эмоцыі: 26 лістапада ў пабе “Брюгге” адбыўся “Жывы фэст” 10

Жывыя людзі, жывыя эмоцыі: 26 лістапада ў пабе “Брюгге” адбыўся “Жывы фэст”

Насталі халодныя зімовыя вечары, але ўдзельнікаў “Жывога фэсту”, які сапраўды аказаўся вельмі жывым,  будуць яшчэ доўга саграваць успаміны аб гэтым  мерапрыемстве. Фестываль складаўся з трох частак: расповедаў пра вандроўкі, паэзіі і музыкі. Кожная частка з іх была змястоўнай і цікавай… Але аб усім па парадку.

Тыя, хто чакаў лайфхакі ад вандроўнікаў, атрымалі асалоду ад гісторый Давіда Дзячэнкі і Аляксандра Гойшыка. Першым аб сваіх падарожжах і прыгодах па Еўропе рассказаў Давід Дзячэнка, які вярнуўся тыдзень таму з Іспаніі. Ён прадставіў праект VSEREALNO.  Вандроўнік пабываў у 44 краінах, 3 з якіх з’яўляюцца непрызнанымі рэспублікамі. Ён падзяліўся з удзельнікамі фэста сваімі схемамі і даў некаторыя парады для тых, хто сур’езна задумваецца вандроўнічаць аўтастопам.
Эстафету з цікавымі, вясёлымі гісторыямі пераняў Аляксандр Гойшык, які падарожнічаў па Азіі. Ён таксама падчас свайго выступу прывёў шмат займальных фактаў аб падарожжах, краінах і людзях. Аўдыторыя пазнаёмілася з яго вандроўкамі ў лічбах. Аляксандр Гойшык наведаў 13 краін за 191 дзень. Свой маршрут 13200 км вандроўнік пераадолеў на 563 машынах.

Расповеды гэтых людзей здзіўляюць і захапляюць. У канцы першай часткі фестываля  Аляксей Сапрыкін – вядучы “Жывога фэста” – спытаў у публікі, ці натхніўся хто-небудзь на такія падарожжы, амаль уся зала падняла рукі. А ўжо праз некалькі хвілін публіка будзе заслухвацца вершамі запрошаных паэтаў.

Сваёй творчасцю падзяліліся Віталь Рыжкоў, Наста Кудасава, а таксама Андрэй Хадановіч. Яны ўразілі сваёй індывідуальнасцю і непаўторнасцю стылю.

Арганізатары “Жывога фэста” падрыхтавалі прыемныя сюрпрызы для ўдзельнікаў і правялі некалькі конкурсаў, адзін з іх у інстаграме. Пераможцы атрымалі квіткі на канцэрты, новыя календары, прысвечаныя выцінанкам, а таксама торбачкі ад symbal.by.
Заключным этапам “Жывога фэста” стаў вялікі музычны сэт. Госці пачулі трэкі ўкраінскага гурту “Колір”. Аўдыторыя ацаніла іх выступ на “ўра”, магчыма таму, што ў іх выкананні прагучалі і беларускамоўныя песні, што вельмі здзівіла слухачоў.

“Мы будзем танчыць!” — словы Мікіты Найдзёнава, лідара гурту Hurma, ажывілі ўдзельнікаў фэста. Акрамя таго, людзі змаглі ацаніць жывое выкананне новага трэка “Люк, я твой тата”. Пазітыўныя ноткі цудоўнага настрою гурта Hurma перанялі і слухачы.

Асаблівай энергічнасцю зарадзілася аўдыторыя ад наступных выканаўцаў —гурта Naka. Прыхільнікам, якія прыйшлі менавіта дзеля гэтага гурту, перадалася моц кожнага з трэкаў.
Завяршылі фэст магілёўскія музыкі — гурт Akute. Тэксты іх песен гучалі з вуснаў не толькі саліста, але і амаль ўсёй аўдыторыі. Выканаўцам разам з удзельнікамі ўдалося стварыць неверагодную атмасферу фестываля, які, спадзяемся, стане добрай традыцыяй.

Фота: Маргарыта Гайдаржы.

Добавить комментарий