Залатое вяселле беларускай мультыплікацыі 9

Залатое вяселле беларускай мультыплікацыі

У 1971 годзе муж і жонка Марта Лубянікава і Уладзімір Голікаў знялі першы ў Беларусі мультфільм, тым самым праклаўшы дарогу беларускай мультыплікацыі. «Незнайка-поэт», «Два взгляда на одно и тоже», «Неудачник», «Тимка и Димка», «Квака-задавака» – вось няпоўны спіс прац гэтай сямейнай пары, якая разам ужо 50 гадоў.

Уладзімір Аляксандравіч Голікаў нарадзіўся ў Маскве. Калі яму было 16 гадоў, яго бацька памёр і ён вымушаны быў шукаць працу, каб дапамагаць маці. Уладкаваўся вучнем электраманцёра на кінастудыю «Союзмультфильм». Але тады ён не мог і ўявіць, што ў хуткім часе будзе сам ствараць мультфільмы. Уладзімір Аляксандравіч хацеў быць проста мастаком… і стаў ім.

У 18 гадоў ён паступае ў Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны інстытут імя Сурыкава, дзе навучаецца жывапісу і графіцы. Пасля заканчэння вучобы, працаваў мастаком на «Мосфильме», студыі Горкага, затым на цэнтральным тэлебачанні. Там пазнаёміўся з рэжысёрам Васілём Барысавічам Ліванавым, якому для здымкі перадачы патрэбен быў чалавек, які б перасоўваў лялькі. Гэтае месца і заняў Уладзімір Аляксандравіч. Усё атрымалася, і пайшло-паехала.

JpZctBpRQ54

Цэнтральнае тэлебачанне тады яшчэ толькі пачынала развівацца — «Останкино» было ў праекце, таму даводзілася сумяшчаць розныя прафесіі і абавязкі: аператар, дакументаліст, хранікёр, мастак. Першай самастойнай рэжысёрскай працай Уладзіміра Голікава стаў фільм «Любовь к трём апельсинам». Затым лёс закінуў яго на «Таджикфильм», дзе і адбылося знаёмства з Мартай Аляксандраўнай. Яна вучылася тады на гісторыка і была ўдзельніцай народнага тэатра. Бацька яе быў ваенным (тады яго перавялі ў Свярдлоўск), а дзяўчына засталася ў Душанбэ дапамагаць сястры з дзецьмі (па першай адукацыі яна акушэрка).

7dYABCvWm80

«Уладзімір Аляксандравіч выдатны мастак, таму я ў яго і закахалася. Калі мы пазнаёміліся, ён паказаў мне ўсе свае працы. Я была ўпакорана і зразумела, што нікуды ад яго не пайду і вось ужо 50 гадоў мы разам» — з замілаваннем распавяла Марта Аляксандраўна.

У маладых нарадзіўся сын, і калі яму было толькі сем месяцаў, муж і жонка з’ехалі ў Беларусь. Прычынай сталі частыя землятрусы і тэмпература паветра (40 градусаў цяпла маленькаму дзіцяці пераносіць было вельмі цяжка). Адправілі запыты і паступілі дзве прапановы: з Малдовы і Беларусі, выбралі апошняе.

qaRVju-KIhE

На «Таджикфильме» Уладзімір Аляксандравіч зняў свой першы мультфільм «Песня гор», дэкарацыі і лялькі для якога зрабіў сваімі рукамі. Марта Аляксандраўна была асістэнтам, дзякуючы мужу яна і трапіла ў анімацыю. Уладзімір Аляксандравіч казаў: «Я запрасіў яе гуляць у лялькі, і ёй спадабалася. А тамуЮ як абодва творчыя асобы, прозвішчы пры роспісу не змянялі».

Першай працай на нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» стаў мульцік «Незнайка-поэт», аднак ён толькі здымаўся ў Беларусі, а сцэнарый, лялькі, фінансаванне было з Масквы. А вось першым сапраўдным беларускім мультфільмам стаў «Два взгляда на одно и тоже», які быў зняты па замове Міністэрства ўнатраных спраў БССР.

На рахунку Уладзіміра Голікава больш за дзесятак работ, а вось першай рэжысёрскай працай Марты Лубянікавай стаў мультфільм «Тимка и Димка», які быў самым прадаваным за мяжой (за 1990-1991 гг. яго купілі 87 краін!). Затым быў творчы застой і два гады беспрацоўя. Потым Марта Аляксандраўна ўладкавалася на мастацкую студыю «Беларусьфільма», дзе працавала адміністратарам на карцінах Валерыя Рубінчыка, Віктара Турава, Ігара Дабралюбава. У мультыплікацыю яна больш не вярталася. У 1997 годзе выйшла на пенсію. Да гэтага, у 1988 годзе, стала дырэктарам студыі дыафільмаў, якая працавала па заказе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Аляксандравіч працягваў працаваць на студыі да 1994 года. Праз пару гадоў яны стварылі сваё выдавецтва «Літаратурная мазаіка», якое аб’ядналі з фабрыкай каляровага друку і выпусцілі серыю кніг для дзяцей «Приключения Тимки и Димки» і кнігі казак у сучаснай інтэрпрэтацыі. Тэкст пісала Марта Лубянікава, а ілюстрацыі і мастацкае афармленне рабіў Уладзімір Голікаў.

M86Na6pMFrY

Зараз муж і жонка шмат часу праводзяць на дачы — вырошчваюць ружы. Сучасную тэхніку стварэння мультфільмаў асвойваць не хочуць, кажучы, што ўжо не той узрост, сіл не хопіць і нерваў, каб перажыць усё нанова, бо, пасля сыходу з анімацыі, яны каля дзесяці гадоў не глядзелі мультфільмы ўвогуле. І толькі з нядаўніх часоў пачалі цікавіцца навінкамі мультыплікацыі (напрыклад, мультсерыялам «Маша і медведзь»). З беларускіх – спадабаліся мультфільмы Ірыны Кадзюковай («Девочка со спичками»). Таксама зацікавіліся праграмамі Ігара Пракапенка: «Военная тайна», «Шокирующие истории», «Территория заблуждения».

54IJ6y0z9FI

Уладзіміру Аляксандравічу – 84, Марце Аляксандраўне – 74. Яны жывуць і вучацца радавацца кожнаму дню і, як ранней, іх вочы напоўнены любоўю. Яны не стамляюцца дзякаваць адзін аднаму за сустрэчу, сумеснае жыццё і… мультфільмы, якія стварылі разам.

Фотаздымкі аўтара.

Добавить комментарий