“Ён шукае дарогі да белых палёў…”
Адам Глобус – таленавіты сучасны пісьменнік Беларусі, які сваёй творчасцю ўзбагаціў скарбонку беларускай літаратуры. Займаецца выдавецкай дзейнасцю (выдавецтва «Сучасны літаратар»). Працуе ў галіне паэзіі і прозы. Яшчэ маладым Адам Глобус стаў каардынатнай постаццю нон-канфармісцкага культурнага кола. Цяпер ён публікуецца ў выданнях рознай скіраванасці, па-над палітычнымі і групавымі бар’ерамі. Акрамя іншых сваіх першазаслугаў, ён піянер асваення Інтэрнэту літаратурай. Вершы і апавяданні А. Глобуса перакладзены на асноўныя мовы свету, а таксама на асяцінскую і каталонскую, друкаваўся ў Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Славеніі, Чэхіі, Польшчы і Расіі.
— Як Вы пачалі пісаць кнігі?
— Я пачаў пісаць вершы, і пісаць досыць позна – ў 24 гады. Спачатку я друкаваўся ў перыядычных выданнях. Я лічу, што павінны быць спачатку нейкія перыядычныя выданні, ну а ўжо толькі потым кнігі.
— У маладосці Вы лічылі, што “самагубства – акт творчасці”. Як Вы лічыце зараз?
— Я змяніў свой погляд на гэтае пытанне. Тады гэта была рамантыка, але зараз, калі людзі, якіх ты ведаў, скончваюць жыццё самагубствам, робяцца брыдкімі. Я нават пачаў, калі чытаю біяграфію якога-небудзь пісьменніка, і бачу, што ён скончыў жыццё самагубствам, не паважаць яго.
— Калісьці Вы напісалі, што “каб не верыў, што літаратура здатная на цуды, дык не пісаў бы”. Што для Вас літаратура?
— Калі чалавек чытае кніжку, гэта азначае, што ў яго быў выбар: купіць на тыя грошы бутэльку гарэлкі ці цукерачку, або якую –небудзь кнігу. Літаратура — гэта, канешне, такая слабая спроба змагання з чалавечымі заганамі, але ўсё ж нейкае змаганне. І чалавек, які купляе кніжку, аддае час на яе чытанне, у момант чытання робіцца не такім кепскім, як можа быць. І таму, на мой погляд, я змагаюся сваёй літаратурай за чалавека без заганных, жорсткіх думак, ваеннай агрэсіўнасці, жывёльнасці ў рэальнасці. Таму мае творы ўнутры сябе пра гэта і гавораць. Гэта быццам бы падмена. Чалавек можа пайсці выпіць, а можа прачытаць аб гэтым у кнізе. Можа пайсці задушыць ката, а можа аб гэтым прачытаць.
— Аналізуючы Вашы творы, я зразумела, што філасофія ў іх падаецца праз культурны шок. А навошта менавіта так рабіць?
— Па-добраму не атрымліваецца. Калі пішаш пра ўнука, то рэакцыя : “Ну да, ну добра”. Ну каму гэта цікава? А дрэннае ўсе людзі надоўга запамінаюць. Без дрэннага ў кнізе ніхто не зверне на яе ці на якуюсьці праблему ўвагі. Можа я перабіраю з мастацкімі дэталямі, але па-іншаму не атрымліваецца. Дзякуючы добрым сюжэтам, нас перасталі чытаць.
— Чаму ў многіх Вашых творах прысутнічае эпізод нечаканасці?
— Вельмі люблю навелы, нечаканы сюжэт, урбаністычную канцоўку. Інакш ад манатонасці чытач засне. Нават зараз усе кажуць, што каб стаць знакамітым беларускім пісьменнікам, патрэбен раман. Але калі шмат пісаць у адным апавяданні, то ўвага да твора знікае. Таму літаратура павінна быць сціслай, кампактнай і нечаканай. Не трэба яшчэ забываць пра моўны бар’ер.
— Адкуль пачалася Ваша зацікаўленасць хоку?
— Мяне заўсёды цікавілі сціслыя формы ў літаратуры. Максімальная закампанаванасць, лаканічнасць,сціснутасць, аскетызм. Адпаведна, я не мог не звярнуць увагі на такую форму, як хоку. Раптам высветлілася, што ўсе лепшыя хайку, перакладзеныя з японскай мовы на рускую, перакладала Вера Мікалаеўна Маркава, якая жыла на вул. Кірава, яна нарадзілася ў 1907 годзе. Вера Мікалаеўна навучыла мяне як павінна быць напісана хайку, што ёсць хайку. Ну і адпаведна я стварыў школу.
— Вядома, што ў кожнага творчага чалавека ёсць свае крыніцы натхнення. А якія яны ў Вас?
— А ў мяне вельмі шмат крыніц натхнення. Вось рэлігійна абяцаюць, што потым, зусім потым будзе добра. Ёсць навуковая свядомасць, дзе табе ўвесь час кажуць, што так, зараз не вельмі добра, але мы зробім лепш: мы тут перабудуем, тут падрэжам, і ўсё будзе добра. А ёсць мастакоўскае разуменне свету: вось усё, так як ёсць, як я бачу, успрымаю, так і добра. У мастакоў, у адрозненне ад літаратараў, заўсёды было прынята маляваць блізкіх сабе людзей. Усе мастакі малявалі сваіх родных, і гэта было нармальна, малявалі яблыкі такія, якія яны ёсць. Для мяне крыніца натхнення – рэальны свет, а не абстракцыя. У мастацтве няма такога відавочнага разумення прагрэсу. Ёсць мастак і рэальнасць. Навуковыя адкрыцці заўсёды адмаўляюць папярэднія. А ў мастацтве такога няма. Ці можна сказаць, што Рафаэль горшы за Мікеланджэла ці Леанарда да Вінчы? Канешне, не! Для адных – Рафаэль, для другіх – Ван Гог, для трэціх – Адам Глобус (жарт). Я захапляюся светам.
— Якім Вы ўяўляеце сённяшняга чытача беларускай літаратуры?
— Я яго не ўяўляю, я яго бачу. Вось у інтэрнеце ён прыходзіць да мяне, чытае, лаецца. Вельмі актыўны чытач, патрабавальны. Раней ён быў больш абстрактным… Большасць інтэрнэт-чытачоў ужо зразумела, што не трэба мянушкамі “сабачымі” падпісвацца, і фотку лепш сваю ставіць. Але, на жаль, перыяд гэтай “сабачасці” яшчэ ёсць…
— Хто, на ваш погляд, вызначае сёння аблiчча беларускай лiтаратуры: у прозе, у паэзii, у драматургii, у лiтаратурнай крытыцы?
— На сёння твар беларускай лiтаратуры вызначаюць людзi, якiя плённа працуюць у Iнтэрнэт-прасторы. Я сказаў бы, што ў прозе найбольш папулярны iнтымны жаночы дзённiк. Ёсць дзве дзяўчыны — Марыя Мартысевiч i Яўгенiя Манцэвiч, iх блогi i вызначаюць, на мой погляд, аблiчча сённяшняй прозы. Што датычыцца паэзii — гэта паэты Сяргей Прылуцкi i Андрэй Хадановiч. Iх паэтычныя адкрыццi мне вельмi падабаюцца, яны вельмi цiкавыя хлопцы. Што да крытыкi, гэта таксама дзве дзяўчыны, якiя плённа працуюць у Iнтэрнэце: Ганна Кiслiцына i Аксана Бязлепкiна. Iх водгукi вельмi трапныя i своечасовыя.
— Як павіненвыглядаць герой нашага часу, на Вашу думку?
— Герой нашага часу, на маю думку, рассыпаўся на безлiчдробных герояў, персанажаў. I таму, калi так рассыпалася прастора i само аблiчча гэтага героя, на першы план выйшлi блiзкiя нам людзi, родныя. Самыя цiкавыя для мяне героi — мацi, тата, жонка, дзецi. I самы, мусiць, асноўны герой — гэта любiмы чалавек, адносіны з ім вельмi цiкава заўсёды было апiсваць i чытаць пра iх.
— Чаму кожны дзень Вы робіце допісы ў блогу, у ж-ж?
— Я туды яшчэ і здымкі кідаю, і карціны кідаю. Я лічу, што на гэты момант інтэрнэт-прастора – гэта самая дынамічная форма для існавання літаратуры.
— Распавядзіце пра нефармальныя супольнасці 80-90 гг?
— Ой, пра каго канкрэтна? Пра тых, хто танчыў брэйк, ці яшчэ пра каго?
— Пра тых, хто Вам бліжэй быў на той час?
— Так як я ў той час працаваў у часопісе “Крыніца”, які быў тады маладзёжным, то ўсе яны былі для мяне аднолькава цікавымі.
— Ці была якаясьці агульная рыса?
— Была. Па-першае, гэта не было стэрыятыпам. Тады была ідэалагічная іерархія. Гэта значыць, што людзі, якія валодалі словам і маглі нешта сказаць, за імі стаяў выбар. І таму, у гэтай іерархіі, тыя, хто прамаўляў, былі значна больш важныя і цікавыя за ўсіх астатніх. І таму людзі прыходзілі паслухаць на канцэрты якога-небудзь рок-н-рольшчыка. Вось калі я працаваў у газеце “Ласкавы май”, гурт збіраў 40 стадыёнаў у месяц. Зараз гэта проста нерэальна. Чаму прыходзілі? Таму што не факт, што гэта можна было пачуць у іншым месцы.
— Кім вы марылі стаць ув дзяцінстве?
— Блазнам цыркавым…
— Вы любіце хадзіць у кіно?
— Не! Глядзець вельмі люблю, гляджу дома адзін…
— Якія, на Ваш погляд, самыя адмоўныя якасці характару бываюць у чалавека?
— Калі яму здаецца, што ён можа ўсё паправіць, палепшыць. Ганарыстасць, калі нахабства з яго прэ, калі чалавеку здаецца, што ён цар, што ён – Бог.Самае кепскае, калі чалавек сапраўды думае, што ён усемагутны.
— Якой вам бачыцца будучыня беларускай лiтаратуры?
— Я не прарок, каб зазiраць у будучыню. Не скажу, што нас чакае там нешта добрае. Але наша будучыня не будзе горшай за мiнуўшчыну. Мяне наогул заўсёды больш цiкавiць сучасны стан лiтаратуры, а не яе мiнулае i будучыня.