Яднанне з Богам праз песні 11

Яднанне з Богам праз песні

Не так даўно адзінаццаць  актыўных і творчых дзяўчат адкрылі для сябе адзін са шляхоў, якім можа ісці ў сваім жыцці чалавек насустрач яднанню з Панам  Богам.

  Далучыўшыся да Парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім, яны разам выступалі на розных конкурсах і мерапрыемствах, а  год  назад  аб’ядналіся ў  маладзёжную хрысціянскую групу  “Sperantes in Domino” (лат. “Я спадзяюся на Госпада”).

   Сёння ў  склад групы ўваходзяць Маша Грыцкевіч (вакал, фартэпіяна), Маша Барыла, Маша і Даша Іваноўскія, Злата Кулакоўская (вакал),Ліза Дайлідзёнак, Даша Мурзіч, Паліна  Арэхво(гітара),  Арына Баравік (кахон), Дзіяна Плоская (скрыпка),  Каця Рабкоўская (флейта). Аўтарамі тэкстаў і музыкі з’яўляюцца Маша і Даша Іваноўскія, Маша  Грыцкевіч і Маша Барыла.

Яднанне з Богам праз песні 12
На здымку (злева направа):  Маша Грыцкевіч, Даша Мурзіч, Маша Іваноўская, Злата Кулакоўская, Паліна Арэхво,  Маша Барыла, Даша Іваноўская,  Ліза Дайлідзенак.Фота з архіва групы “Sperantes in Domino”.

    Са слоў удзельніц групы, асноўнай мэтай стварэння групы  стала іх жаданне праслаўляць Усявышняга, мацаваць і распаўсюджваць веру ў Яго з дапамогай мастацтва. Маўляў, многія маладыя людзі, прадстаўнікі  інтэрнет-пакалення, не  ўсведамляюць важнасць і значэнне Боскай прысутнасці ў іх жыцці. А вось дзяўчаты, якіх  у храм прывялі ў дзяцінстве бацькі і родныя людзі, ведаюць, наколькі патрэбна Яго падтрымка і як прыемна адчуванне Яго любові. Юныя спявачкі і музыканты  спадзяюцца, што сваім прыкладам змогуць натхніць  равеснікаў да веры і дапамогуць ім адчыніць Пану Богу свае сэрцы. 

    Дарэчы, менавіта так да групы далучылася Маша Пялінак. Нейкі час яна назірала за дзяўчатамі, якія  і  дапамаглі  прыжывіць парасткі веры  ў ёйным сэрцы. Летам гэтага года Маша стала галоўным арганізатарам і  арт-дырэктарам музычнай групы. Яна  рыхтуе тэматычныя матэрыялы на старонцы ў сацыяльных сетках,  плануе, генерыруе і  дапамагае ажыццяўляць крэатыўныя ідэі.

    Песні “Sperantes in Domino” можна пачуць  у Касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім падчас Імшы ў чацвер альбо нядзельным вечарам. Акрамя гэтага дзяўчаты выступаюць сольна, арганізуюць уласныя міні-праграмы.  Яны  былі ўдзельнікамі конкурсу “Зорка Бэтлеему” у Міёрах, выступалі на  калядных канцэртах  у  Варапаева. Акрамя апладысментаў і слоў падзякі, атрымліваюць яны і заахвочванні. Зусім нядаўна  скарбонку іх узнагарод  папоўніла першае месца ў конкурсе “Пілігрымкавы спеў”, арганізаванае “Радыё Марыя”. А яшчэ цэлы год дзяўчаты працавалі над выпускам свайго першага музычнага альбому  “Ідзі наперад”,  выдадзенага на рускай мове.

У альбом увайшлі  музычныя кампазіцыі  “Иди вперед”, “Твоя слава велика”, “Мы тянем руки в небеса”, “Иисус— Ты моё спасение, напісаныя ў стылі поп-рок.

Яднанне з Богам праз песні 13
Вокладка музычнага альбома

  Падчас нашай размовы  дзяўчаты падзяліліся са мной сваімі марамі. А там на іхнія песні здымаюць каверы,  для іх выступленняў прадстаўляюць вялікую сцэну, іх творы знаходзяць водгукі ў сэрцах шматлікіх слухачоў і расце, множыцца сям’я людзей, якая жыве з верай ва Усявышняга. Мне здаецца, што некаторыя мары абаяльных  удзельніц групы  стануць  рэальнасцю, бо яны са шчырай адданасцю і любоўю робяць сваю справу, а значыць змогуць дасягнуць многага!

Добавить комментарий