Вар'яты з мiнулага

“Вар’яты” з мінулага

Вар'яты з мiнулага

Сёння ўсё папулярней становіцца такі маладзёжны рух як гістарычная рэканструкцыя. Апантаная любоў людзей да мінулага прывяла да зараджэння дадзенай плыні ў канцы XX ст. Рэканструктары ставяць перад сабой задачу аднавіць дух канкрэтнага часу, гістарычныя падзеі, побыт і культуру эпохі, апіраючыся на літаратурныя, археалагічныя і гістарычныя крыніцы. Рэканструяваць можна любую краіну і народ, любы перыяд часу – ад антычнасці да нашых дзён. Каб займацца дадзенай справай, рэканструктары аб’ядноўваюцца ў колы – клубы. У Беларусі зараз клубы гістарычнай рэканструкцыі не рэдкасць. Яны існуць у многіх гарадах краіны.

Такога кшталту клубы маюцца і ў горадзе Віцебску. Адзін з іх – клуб гістарычнай рэканструкцыі і мадэліравання “Нагльфар”. Ён згрунтаваў вакол сябе аматараў гісторыі, якіх цікавіць эпоха вікінгаў. Члены клуба рэканструююць вобразы жыхароў Скандынавіі і славянскіх земляў VIII-XI стст.

Кіраўнік КГРіМ “Нагльфар” Юрый Мазянкоў адзначыў: “Клуб не будуецца на нейкіх палітычных ці рэлігійных прынцыпах. Людзям, якія прыходзяць да нас, даецца адзін месяц, каб вызначыцца з тэрыторыяй, вобразам, які яны хочуць аднавіць, і пашыць сабе мінімальны касцюм. Калі пачаткоўцы спраўляюцца з гэтым заданнем, то яны лічацца паўнапраўнымі членамі клуба.”

Вар'яты з мiнулага

“Нагльфараўцы” ў сваёй справе максімальна набліжаюцца да аўтэнтычнасці. Так, па магчымасці, каб пашыць вопратку, яны выкарыстоўваюць даматканы лён і воўну. Ці, каб саткаць паяс альбо звязаць шкарпэткамі, ніткі дзяўчаты вырабляюць самі.У памяшканні клуба існуе і майстэрня, дзе хлопцы могуць займацца самымі разнастайнымі рамёствамі: вырабляць прадметы побыту з дрэва, косці, скуры, каштоўнага металу.

Але, натуральна, рэканструкцыя не абмяжоўваецца толькі стварэннем знешняга вобліку. “Нагльфараўцы” не забываюць і пра дух эпохі. Дзяўчаты вывучаюць сярэднявечныя танцы, а хлопцы – майстэрства бою.

Вар'яты з мiнулага

У “Нагльфара” сяброўскія адносіны з клубамі Віцебска, Мінска, Магілёва, Гародні, Петразаводска і іншымі айчыннымі і замежнымі аб’яднаннямі рэканструктараў. Штогод “Нагльфар” запрашае да сябе на сярэднявечныя турніры, святкаванне зімняга і летняга сонцастаяння.

“Нагльфараўцаў” часта можна сустрэць на гарадскіх святах і прэзентацыях. Яны ўдзельнічаюць у айчынных і замежных фестывалях гістарычнай рэканструкцыі.

Рэканструктары з усмешкай кажуць, што, калі яны вяртаюцца да паўсядзённага жыцця, іх часта называюць “вар’ятамі”. Хто ж яшчэ будзе растрачваць асабістую стыпендыю ці заробак на новы шлем альбо фібулу?

– Займацца рэканструкцыяй варта, – падзялілася Аляксандра Шкіранда, –  гэта вельмі цікава, плюс – гэта выдатны спосаб, каб самарэалізавацца.

Вар'яты з мiнулага

Сапраўды, калі рэканструктар добра валодае пэўным рамяством, ён можа вырабляць рэчы на замову ці на продаж. У такім выпадку, акрамя славы, рэканструкцыя прыносіць яшчэ і грошы.

“Нагльфар” – сярэднявечная сям’я са сваімі законамі і правіламі. І стаць яе членам можа любы чалавек, у якога ўнутры жыве любоў да таямнічага мінулага.

7 thoughts on ““Вар’яты” з мінулага

  1. Насамрэч нячаста сустрэнеш пісменны тэкст на беларускай мове. Вы малайчына.
    Адзінае, што, можа, «рэканструяваць народ» — не вельмі трапнае спалучэнне.

  2. Очень хорошо=) Тема актуальная. В Беларуси на самом деле очень много коллективов, возрождающих культуру. Но про такие коллективы я не слышала. Таким коллективы очень нужны. Это реально круто!!!

Добавить комментарий