Ва ўсім вінаваты Амур 13

Ва ўсім вінаваты Амур

Ва ўсім вінаваты Амур 14

“З-за Амура ўсе нашы беды”, — гавораць галоўнаму герою ў п’есе Сяргея Кавалёва “Тарас на Парнасе”. Сапраўды, гэта так. Калі б была магчымасць сабраць усе слёзы, пралітыя чалавецтвам з-за кахання, Сусветны акіян, напэўна, здаўся б незаўважнай лужынкай у параўнанні з іх колькасцю. Аднак Амуравы стрэлы нясуць за сабой не толькі боль, але і вялікую радасць. Праз каханне пазнаецца такое шчасце, якое ўзносіць нас на самую вяршыню Парнаса.

Менавіта да багоў падымаецца галоўны герой п’есы Сяргея Кавалёва. “Тарас на Парнасе” быў напісаны па матывах аднайменнага ананімнага твора, які з’явіўся яшчэ ў XIX стагоддзі. Сюжэты абодвух твораў падобныя паміж сабой: галоўны герой, працавіты палясоўшчык Тарас (Андрэй Кізіно) трапляе на Парнас да багоў. Аднак, калі ў творы пазамінулага стагоддзя багі маюць сваю гаспадарку, гатуюць беларускую ежу, то ў п’есе сучаснага аўтара жыхароў Парнаса і звычайных сялян аб’ядноўвае каханне. Твор Сяргея Кавалёва пабудаваны на паралелізме: жыццёвыя сітуацыі на зямлі паўтараюцца і на гары багоў. Каб узмацніць уражанне гледачоў ад гэтага падабенства, ролі сялян і багоў выконваюць адны і тыя ж акцёры.

Іх неверагодна таленавітая і рэалістычная ігра дазваляе пазнаць у гісторыях, што разгортваюцца на сцэне, рысы, вядомыя па асабістым вопыце. Простае і шчырае каханне Тараса і Параскі (Наталля Гарбаценка), значна прыпарушанае налётам сямейнага побыту, бясконцыя кіданні іх дачкі Зосі (Ганна Казлова) ад аднаго хлопца да другого, больш “перспектыўнага”, — ўсё гэта можна сустрэць у рэальным жыцці… Як у рэальнасці, у пэўны момант у герояў настае крызіс, калі колькасць жыццёвых праблем пачынае перавышаць норму. У гэты час на зямлі рыхтуюцца да вяселля Зоські і празмерна адукаванага Віктора (Аляксандар Гладкі), які так не падабаецца Тарасу. А на Парнасе знікае Зеўс (Юры Жыгамонт) і багі пачынаюць палохацца нават ценю, бо невядома  адкуль з’явіўся велічэзны мядзведзь, жудасна ахвотны да крыві багоў.

Пераломны момант настае тады, калі Тарас трапляе на Парнас і пачынае замяшчаць Зеўса, паступова вырашаючы ўсе праблемы багоў. Чароўным вобразам да лепшага змяняецца і жыццё на зямлі: Зоська выходзіць замуж за больш надзейнага Грышку (Ігар Сізоў), а Параска разумее нарэшце, як моцна яна кахае Тараса.

Асабліва цікавы вобраз Амура (Павел Наўроцкі). Ён, нібыта няўлоўны цень, які з’яўляецца і знікае, калі зусім таго не чакаеш. Амур – гэта адзінае бажаство, непадуладнае нават Зеўсу. Ён звязвае лёсы людзей, як гэта можа зрабіць толькі самы магутны бог, і пры гэтым дзяцініцца, нібыта хлопчык, якому толькі што ўручылі набор саманаводных рагатак.

Зразумела, што менавіта з-за Амура ўсе нашы беды. Але як хораша часам адчуць у сэрца салодкі боль ад яго гарачай стралы.

Добавить комментарий