“Тры Жызэлі”: ці ўсё так маркотна?
Да спектакля Аляксандра Гарцуева “Тры Жызэлі” у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі крытыкі аднесліся неяк ну зусім крытычна. Крытыкавалі ўсё: і гульню акцёраў, і дэкарацыі, і мантажнасць пастаноўкі. Увогуле, спектакль палічылі за нейкую мыльную оперу. Такую простую, без вялікага псіхалагізму, забаўляльную… Ці ўсё так маркотна?
Давайце разбірацца. Ці мыльная опера гэта? Пьеса Андрэя Курэйчыка распавядае пра жыццё францужанкі Жызэлі, якая стала… беларускай. Мы бачым адразу тры Жызэлі: вясеннюю, летнюю і асеннюю. Маладую дзяўчыну, сталую жанчыну і бабулю. Лёс яе, такім чынам, траіцца і змяняе Жызэль неверагодна. Пачакайце. Неверагодна? Але дзіўна лёгка і летуценна танчаць усе тры Жызэлі. І мараць, і вераць, і кахаюць… Вось вам і псіхалагізм. Змена-нязмена чалавека пад уплывам лёсу. Нездарма ў п’есе ёсць яшчэ і Сяргей – муж Жызэлі (Дзяніс Паршын). Вясёлы хлопец спачатку – і звер-вар’ят потым. Страшная перамена. А дачка Жызэлі Віктуар? Дзяўчынка-анёльчык (Маша Халадовіч) – і жанчына, што канчаткова спілася (Алена Баярава). Лёс. Назваць ўсё гэта мыльнай операй проста немагчыма. Ёсць тут глыбокая думка, якая яшчэ доўга не адпускае цябе пасля спектакля.
А мантажнае ўвасабленне гэтай думкі робіць яе яшчэ больш моцнай. Сцэна падзелена на тры часавыя прасторы. Бліжэй да гледачоў – Францыя 1940-1943 гадоў. У сярэдзіне – беларуская вёска Карзуны ў 1957 годзе. І ў самым версе сцэны – тая ж вёска ў 1999 годзе. Дзеянне пераходзіць з адной прасторы ў другую. Разгортваюцца адразу тры невялічкія спектаклі. То мы бачым старую Жызэль (Галіна Чарнабаева), што амаль без французскага акцэнту размаўляе па тэлефоне (дарэчы, вельмі яскравы вобраз, які злучае Жызэль з жыццём). А вось перад намі ўжо маладзенькая Жызэля (Вераніка Буслаева). Уся ў белым, як і яе сятсра Анна (Наталля Халадовіч), скокае яна па сцэне. Французская элегантная кватэра. Маці Жызэлі Жаклін (Ганна Маслоўская) – сапраўдная мадам. А бацька Луі (Канстанцін Воранаў) – сапраўдны француз. З газетай у руках і з вечным жаданнем філасофстваваць… І Франсуа (Ілля Ясінскі), летуценнік, у белай вопратцы. Усё неяк светла-светла, чыста-чыста, шчыра-шчыра. З лёгкім, як пушнінка, смехам… А потым – змрочны 1957. Каўгас, п’янства і грубасць. І летняя Жызэль (Людміла Сідаркевіч) мужна ўсё гэта пераносіць.
Змена прастораў суправаджаецца зменай святла, адзення герояў, музыкі. Дарэчы, музыка дзіўная: Адольфа Шарля Адана да балета “Жызэль”. Усё вельмі тонка. Чаму б і не выкарыстоўваць мантажнасць у тэатры, калі яна выкарыстана тонка? Калі яна робіць спектакль кантрасным? А ад гэтага – больш яскравым?
Для павелічэння яскравасці, эмацыйнай узрушанасці рэжысёр выкарыстоўвае і невялікія дэталі. Сіняя лямпачка, што загубіла Франсуа, застаецца заўсёды с Жызэляй. Як і невялічкі атлас. Як і скляначка духоў. Вельмі здзіўляешся, калі старая Жызэль вылівае гэтыя французскія духі… Дэталь кажа аб многім.
Дарэчы, рэжысёр удала выкарыстоўвае асобныя сцэны. Чаго толькі вартая сцэна смерці Франсуа. Жах, боль, пакута – у вачах трох Жызэлей. І стоп-кадр… Усе, як мёртвыя. Вельмі эфектна, кранае за сэрца. Дык, ці добрая рэжысёрская праца? Безумоўна.
Пэўныя недахопы былі ў акцёрскай гульне. Вераніка Буслаева грала вельмі пераканальна, аднак на сямнаццацігадовую дзяўчынку акторка відавочна не была падобная. Яна выглядала старэй. Не ўразіла і маленькая Віктуар. Побач з Людмілай Сідаркевіч Маша Халадовіч выглядала блякла. Такі кантраст паміж акцёрамі кідаецца ў вочы. Аднак разам з гэтым многія вобразы былі створаны вельмі ўдала. Луі, Ніна (Марыя Пятровіч), Іван Ільіч (Валянцін Салаўёў) не раз выклікалі шчыры смех у гледачоў. Такія яскравыя камічныя героі рабілі драму не такой сумнай, надавалі ёй весялосці, лёгкасці.
Так ці ўсё маркотна ў спектакле? Ці заслугоўвае ён такой крытыкі? Наўрад ці. Але ж усё вырашаць вам, гледачы. Таму запрашаю вас адзінаццатага чэрвеня ў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.