Раздарожжа паміж мастацтвам і пісьменніцтвам: што выбраў Васіль Быкаў?  11

Раздарожжа паміж мастацтвам і пісьменніцтвам: што выбраў Васіль Быкаў? 

Каб дасягнуць мэты, часам трэба да апошняй магчымасці змагацца з магутнаю сілай абставін”. Так некалі сказаў Васіль Уладзіміравіч Быкаў. Менавіта гэтых слоў ён і прытрымліваўся на працягу свойго нялёгкага жыцця. Чаму нялёгкага? Бо на долю пісьменніка выпала шмат выпрабаванняў, але той змог выстаяць і не зламацца…  

Нарадзіўся мастак слова ў вёсцы Бычкі, што на Ушаччыне, менавіта гэты раён больш за іншыя багаты на таленавітых пісьменнікаў. Дзяцінства, як часта сам прызнаваўся Васіль Уладзіміравіч, было складаным, бо супала яно з гадамі калектывізацыі. Але ў цяжкія часы выратоўвалі родныя краявіды Віцебшчыны. Малая радзіма заўсёды матывавала пісьменніка рухацца наперад, не звяртаючыся назад. 

Не толькі ў Беларусі, але і за межамі нашай краіны ведаюць Васіля Быкава як таленавітага мастака слова. І гэта сапраўды так. Пісьменнік з дзяцінства захапіўся кнігамі і чытаў усё, што мог знайсці. Так у яго з’явілася прага да пісьменніцтва. Але не кожнаму вядома: у Васіля Уладзіміравіча была схільнасць да малявання.  

Як узгадваў Быкаў у сваёй кнізе ўспамінаў “Доўгае вяртанне дадому”: “Маляваць пачаў рана, з трэцяй ці чацьвёртай клясы, — для насценнай газэты, розныя школьныя дапаможнікі…” У 1939 годзе Васіль Уладзіміравіч скончыў восем класаў Кубліцкай сярэдняй школы. Трэба было рухацца далей. Будучы пісьменнік вырашыў працягнуць навучанне ў Віцебскім мастацкім вучылішчы — установе, адкрытай Маркам Шагалам —на мастацкім, а затым і на скульптурным аддзяленні. Новыя знаёмствы, таленавітыя настаўнікі і творчая атмасфера — такімі словамі можна апісаць шчаслівыя і прадуктыўныя месяцы ў жыцці Быкава. На працягу ўсяго жыцця мастак любіў успамінаць свае студэнцкія моманты. Прызнаваўся, што ўсім сэрцам любіў жывапіс, але і скульптура атрымлівалася добра. Першая курсавая — фігура пагранічніка ў шынялі, якая атрымала шмат добрых слоў ад выкладчыцы. Але, на жаль, стаць мастаком Быкаву было не наканавана… Адмянілі дзяржаўную стыпендыю, акрамя гэтага ўвялі плату за навучанне. Такіх грошай простая вясковая сям’я Быкава дазволіць сабе не магла. На гэтым мастацкая кар’ера Васіля Уладзіміравіча скончылася, ён вярнуўся дадому. Выкладчыкам было вельмі шкада хлопца, бо ён меў не толькі талент, але і самае галоўнае — жаданне, каб стаць сапраўдным мастаком. Так склалася жыццё, што пісьменнік вярнуўся ў Віцебск, толькі ўжо ў іншую навучальную установу. Але, як неаднойчы ўспамінаў сам Быкаў, ён не раз хадзіў каля мастацкага вучылішча, каб хоць з вуліцы ўбачыць скульптуры праз вокны.  

Усё змяніла вайна, якая назаўсёды засталася ў памяці мастака. Пасля яе Васіль Уладзіміравіч выбраў сабе шлях пісьменніка, таксама працаваў у журналістыцы. 

Каб дасягнуць мэты, часам трэба да апошняй магчымасці змагацца з магутнаю сілай абставін” — сказаў Васіль Быкаў і не апусціў рукі, страціўшы надзею пра мастацкую адукацыю. Можа, так было наканавана? Бо інакш свет не ўбачыў бы яго цудоўныя праўдзівыя творы. Не ведаю, як усё магло б скласціся ў жыцці Васіля Уладзіміравіча, калі б ён працягнуў навучанне. Але мне дакладна вядома, што менавіта Васіля Быкава можна дакладна назваць сапраўдным мастаком слова

Добавить комментарий