День Матери

Радзіма і маці

[box]

Не ўявіць мне
Раку без вытоку…
У. Мазго

[/box]
У Паўліка вельмі дрэнная мама. Праўда, усе яе хваляць: прыгожая, добрая гаспадыня, вельмі акуратная і беражлівая. Але Паўлік лічыць, што гэта не так. З раніцы да вечара толькі і чуеш ад яе: “вымый рукі”, “не калупай у носе”, “не лайся непрыстойнымі словамі”, “не можна смяяцца з калекі”, “не ламі дрэўцы” і гэтак далей. Вечарам тое самае: “выключы  камп ‘ютар”, “вучы ўрокі”, “не будзь позна на вуліцы”. Вельмі ён крыўдаваў на маці, калі тая, пасылаючы ў магазін, давала грошы толькі на хлеб і малако, а на цукеркі выдзяляла рэдка, а яму хацелася яшчэ і цыгарэты купіць, каб перад хлопцамі пахваліцца. Але дзе там! Не разумела матка хлопца, не давала яму волі. А ён марыў: вось бы пажыць без маці, але не ў сваёй вёсцы, бо тут няма нічога цікавага. І Паўлік вырашыў адправіцца падарожнічаць, каб пакінуць сваю надаедлівую маці, старую вёску, каб пабачыць казачны свет далёкіх краін ды пажыць па-чалавечы.

Узяў свой ранец, палажыў у яго хлеб і да хлеба, прыхапіў грошай і пайшоў у свет белы. Ішоў пешшу, пад’язджаў аўтобусамі і машынамі, плыў на караблі па моры, нават, самалётам ляцеў. Адразу купіў столькі цукерак, што і ў кішэні не змясціліся. Купіў і пачак цыгарэт. Ад курэння аж галава кружылася. Хутка надаелі і цыгарэты, і цукеркі. А калі прыціснуў голад, то ўспомніў пра хлеб і зразумеў, што хлеб, як вучыла маці, важней за цукеркі.

Час хутка ідзе. Хлопчык Паўлік вырас  у юнака. Многае ўдалося пабачыць яму ў свеце. Спачатку рэдка ўспамінаў маці і родную вёску. А потым стаў за сабой заўважаць, што калі плыў па моры, дык думаў: вось бы мама ўбачыла такую прыгажосць. Калі глядзеў на пальмы, то разважаў, што нашы бярозы і клёны прыгажэйшыя. Рамонак і валошка з родных палеткаў яму здаваліся больш прывабнымі, чым заморскія яркія кветкі з едкім пахам. Калі сустракаў мурзатых дзяцей, то думаў: куды глядзяць іх маці. А за сабой заўважаў, што ўжо даўно не курыць, бо зразумеў, што гэта атрута; ведае цану хлеба, які, як і матцы, даставаўся яму цяжка. Хлопец ніколі не лаяўся непрыстойнымі словамі, асабліва не прыплятаў да лаянкі слова “маці”, бо помніў словы сваёй матулі: “Бог не даруе лаянкі, бо ты лаеш маці-багародзіцу, маці-зямлю і сваю родную маці”. Не мог праціснуцца наперад пажылога чалавека, не мог не прапанаваць яму сваё месца ў аўтобусе. Калі бачыў старую жанчыну, то спяшаўся ёй дапамагчы, думаючы, а раптам нехта і  яго маці дапаможа. Сяброў у Паўла было шмат. Яны не заўсёды вялі сябе прыстойна, а ён адчуваў  няёмкасць за іх паводзіны. Не раз у Паўла з’яўлялася думка: чаму іх вучылі маці? І раптам у сэрца кальнула: ён зразумеў, што ўсё добрае ў ім ад маці. А чаму ён тут, на чужыне, калі ў яго добрая маці, калі ў яго цудоўная радзіма? Юнак  зразумеў, што ні адзін сябар не заменіць маці — самага блізкага і роднага чалавека. “Мама мая была самая лепшая, самая разумная з усіх жанчын. Я вельмі пакрыўдзіў яе. І людзі ў нашай вёсцы добразычлівыя, працавітыя. Там і трава больш мяккая і шаўкавістая, і неба сінейшае, і сонца свеціць ярчэй”, – думаў Павел. Цяпер кожную ноч яму  сніліся родныя палеткі, лясныя палянкі, дзе ў дзяцінстве збіраў грыбы і ягады, родная хата з матуляй на парозе. І  яго  моцна  пацягнула на радзіму, хацелася абняць маці, прыціснуцца да яе і прасіць прабачэння.

Пайшоў юнак да аднаго мудрага чалавека, каб атрымаць параду: як яму цяпер быць? Мудрэц выслухаў Паўла моўчкі і сказаў: “Не ўявіць мне раку без вытоку”. Юнак доўга думаў над гэтымі словамі: як іх зразумець? І раптам здагадаўся: рака мае выток і чалавечае жыццё таксама мае выток. Вытокі жыцця – гэта маці і Радзіма. Без вытока няма ракі, без маці і Радзімы —  чалавека.  Цяпер Павел ведаў, чаго яму не хапала тут, на чужбіне адчуваць сябе шчаслівым: побач не было маці і далека была радзіма.

Ён хуценька пачаў збірацца ў дарогу, паўтараючы адны і тыя ж словы “маці” і “Радзіма”.

Добавить комментарий